Гісторыя нашай Бацькаўшчыны вельмі разнастайная. Ведаць мінулае сваёй вёскі, свайго горада – гэта значыць, ведаць мінулае сваёй Радзімы. Я хачу расказаць пра вёсачку Засвір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці (Будслаўскі дэканат Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі). У гэтай вёсцы жыве мая бабуля, недалёка адсюль нарадзіўся я сам. У дзяцінстве, ды і цяпер, я часта адпачываю ў Засвіры летам, але я і не падазраваў, якую цікавую гісторыю мае гэта вёска, у прыватнасці касцёл і кляштар кармэлітаў, якія тут знаходзяцца.

Увогуле гісторыя самога Засвіра цесна звязана з манаскім ордэнам кармэлітаў босых, якія прыехалі сюды ў 1697 г. з Вільні. Пазней, у 1713–1714 гады, па фундацыі Крыштафа і Ядвігі Зяновічаў для кармэлітаў у Засвіры быў пабудаваны мураваны кляштар і цагляны касцёл. Кляштар далучаўся да бакавога паўночнага фасада касцёла і ўтвараў разам з ім замкнёны ўнутраны дворык.

Апошнім прэорам кармэлітаў быў Юзаф Юхновіч (ад 1864 года).

Што датычыць касцёла, то ён пасля кансэкрацыі ў 1766 годзе Тамашом Зянковічам атрымаў тытул Троіцкага.

У 1864 годзе касцёл быў скасаваны і ператвораны ў царкву. У гэтыя гады ў кляштары нейкі час мясцілася школа для настаўнікаў з царкоўных школ. У 1919 г. касцёл быў вернуты католікам. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл і кляштар не функцыянавалі (па сведчаннях мясцовых жыхароў, у кляштары ў пасляваенны перыяд нейкі час знаходзілася школа, пасля – магазін).

Савецкі час прынёс разбурэнне кляштару. Касцёл таксама быў непрыдатны для богаслужэнняў, тым больш, калі ўлічваць пазіцыю дзяржавы ў дачыненні да рэлігіі ў той час, яго ніхто і не збіраўся рамантаваць. І толькі ў 1994 годзе, дзякуючы намаганням кс. Войцеха Леманьскага (цяпер ён працуе ў Польшчы), Троіцкі касцёл і частка кляштара, што далучаецца да яго апсіды, былі адноўлены.

Згадаем, што прама за касцёлам знаходзяцца нямецкія могілкі часоў Першай сусветнай вайны, якія захаваліся і да цяперашняга часу (дарэчы, іх аднаўленне было фінансавана немцамі).

Калі казаць пра асобы, якіх лёс звязаў з Засвірам, то варта згадаць пра паэта і ксяндза Казіміра Сваяка (Бярнарда Стаповіча), які доўгі час служыў пробашчам засвірскай парафіі. Дарэчы, да яго ў госці прыязджаў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч, які менавіта ў Засвіры стварыў цэлую серыю карцін, адна з якіх — «Панна Ядвіга, прыяцелька К. Сваяка». Усе карціны, створаныя Драздовічам у той час у Засвіры, цяпер захоўваюцца ў НАН Беларусі.

Першым святаром касцёла, пасля яго аднаўлення ў 1994 г., быў Войцех Леманьскі, з 1997 г. – кс. Багуслаў Маджэеўскі (цяпер– пробашч свірскай парафіі), а з 2003 года пробашчам у Засвіры з’яўляецца кс. Пётр Шарко, які апякуецца яшчэ і парафіяй у Шэметаве.

Сення дзверы Троіцкага касцёла адчынены на кожнае свята і прымаюць вернікаў з Засвіра, а таксама з суседніх Дубнікоў, Корак, Ключатак. У 2004 годзе тут прайшлі святыя місіі, якія праводзіў кс. Юрый Касабуцкі. Пасля заканчэння святых місій ля касцёла быў устаноўлены крыж.

Касцёл у Засвіры з’яўляецца не толькі месцам сустрэчы парафіянаў з Богам, але і тым месцам, дзе можна духоўна адпачыць і набрацца сілы на будучы тыдзень, а рэшткі кляштара і да сённяшняга часу прыцягваюць увагу турыстаў.

Троіцкі касцёл і кляштар кармэлітаў у Засвіры як помнікі архітэктуры сталага барока ахоўваюцца дзяржавай.

Ілля ЛАПАТО,
Гродна