Сведчанні сем’яў

* * *

Хутка мiнулi лiпеньскiя рэкалекцыi супольнасцi «Хатнi Касцёл» руху «Святло – Жыццё»: толькi пятнаццаць дзён правялi разам сем’i з Мiнска, Вiцебска, Магiлёва, Маладзечна. Разам гатавалi ежу i мылi посуд, разам малiлiся i слухалi Слова Божае, разам перажывалi i сведчылi, разам бавiлi час пагоднымi вечарамi, калi сталыя i сур’ёзныя станавiлiся вясёлымi i гарэзлiвымi. Менавiта разам, адной сям’ёй.

А з другога боку, пятнаццаць дзён – немалы тэрмiн для таго, каб зазiрнуць у сваю душу, ацанiць i перагледзець свае адносiны да Бога i людзей. I гэтаму вельмi спрыяла тое, што былі часова адкiнуты хатнiя клопаты, але кожная сям’я па-ранейшаму жыла разам. Падчас вучобы бацькi маглi быць спакойныя за сваiх дзяцей, бо тыя знаходзiлiся пад надзейнай апекай клерыкаў. I, вядома, дзецi былі жывой аздобаю усiх шматлiкiх сумесных спраў.

А хiба могуць забыцца цi не дайсцi да сэрца кароткiя i разам з тым цiкавыя i змястоўныя, злёгку прыфарбаваныя гумарам казаннi ксяндза Андрэя Зайчыка, якi пастаянна i нястомна тлумачыў Божую волю адносна нас i нашых сямейных паклiканняў. I як магло не крануць тое, што такiя розныя людзi сутыкаюцца з аднолькавымi праблемамi, што тыя, хто ўжо перажыў нейкiя цяжкасцi, ахвотна дзеляцца сваiм вопытам з астатнiмi, што кожны жадае дапамагчы iншым.

А апошнi дзень – дзень развiтання – быў крыху сумнаваты, бо развiтвацца не было нiякага жадання. Хацелася дзякаваць тым, хто быў побач увесь гэты час, сёстрам ад анёлаў, якiя прынялi нас пад свой дах, святару i анiматарам, якiя рабiлi з нас новых людзей, а найперш — добраму Богу, якi з сваёй любовi паклiкаў i сабраў нас разам.

Сям’я Матэцкіх,
Маладзечна

* * *

Ад усёй душы хочам падзякаваць Пану Богу, які аказаў нам Любоў і Міласэрнасць у збаўчай ахвяры Езуса Хрыста за грахі нашыя і збаўленне нашае. Дзякуем таксама Богу і аніматарам за рэкалекцыі ІІ ступені «Exodus» руху «Святло-Жыццё» супольнасці «Хатні Касцёл», якія праходзілі ў Баранавічах з 16 па 30 ліпеня. Асабліва дзякуем мадэратару, ксяндзу Андрэю Зайчыку і клерыкам, праз якіх да нас прамаўляў Пан Бог.

Мы вельмі ўдзячныя за катэхезы-канферэнцыі, за набыты вопыт удзелу ў Эўхарыстыі, у Літургіі Слова, за тое, што Пан Бог адарыў нас ласкаю ўдасканаліць і нашыя музычныя магчымасці. На гэтых рэкалекцыях Бог адкрыў нам радасць еднасці ў любові, жаданне слухаць і быць паслухмяным мадэратару, аніматарам, сваім бліжнім. Лічым, што з усіх цудаў гэта быў найбольшы цуд, таму што з нашых грэшных душаў Бог тварыў адзіную душу праз еднасць у любові.

«Галоўнае – гэта тое, што вы сталі іншыя», – сказаў нам святар на развітанне. Што гэта сапраўды так, мы адчулі сваімі сэрцамі, калі са слязьмі на вачах дзякавалі Езусу Хрысту і праслаўлялі Яго».

Сям’я Арцішэўскіх,
Мінск

* * *

Гэта былі першыя рэкалекцыі, якія мы з мужам ад пачатку і да канца перажылі разам. І ў гэтым таксама была вялікая Божая Ласка, бо дагэтуль заўсёды нехта з нас быў заняты на працы.

Рэкалекцыі супольнасці «Хатні Касцёл» праходзілі пад дэвізам «Exodus». Іх тэмаю быў пераход да новага жыцця, выхад з няволі Егіпецкай, імкненне дасягнуць Зямлі Абяцанай.

Сапраўды, Пан Бог ведаў, як наша сям’я прагне пераменаў. Божы Провід падрыхтаваў, падвёў да іх кожнага з нас: і мужа, і мяне, і дачушку Ліду да разумення неабходнасці змяніцца, наладзіць іншы лад жыцця, прычым не толькі на духоўным, але і на бачным, практычным узроўні.

І вось мы трапляем на рэкалекцыі ІІ ступені, у «Аазіс Новага Жыцця».

Гэта быў благаславёны час, прысвечаны Пану Богу і сваёй сям’і. Што можа быць лепш для хрысціяніна? Кожны дзень я бачыла мужа цвярозым – цудоўны час, у якім суседнічалі супакой, радасць, а таксама пачуццё адказнасці, хваляванне, жаданне годна споўніць свае абавязкі.

Пан Бог шчодра надзяліў нас шматлікімі ласкамі. Адна з іх, вельмі відавочная, – гэта магчымасць служыць іншым. Мы сумесна гатавалі ежу, мылі посуд, прыбіралі памяшканне, рыхтавалі літургічныя тэксты да святой Імшы і іншых набажэнстваў – усе гэтыя маленькія місіі мы вучыліся выконваць з любоўю, на хвалу Божую, вучыліся жыць і служыць у вялікай сям’і, дзе ўсё трэба рабіць іншаму так, як сабе. Плёны былі разнастайныя: ад узбагачэння сваіх гаспадарчых і кулінарных здольнасцяў да шчырай радасці ад таго, што працуеш бескарысна і што аддаеш бліжняму.

Мой муж Дзмітрый з вялікім натхненнем вучыўся выконваць паслугу міністранта. Ён прыйшоў да Бога не так даўно. Апошнім часам ён марыў служыць пры алтары, і яго мара спонілася першы раз на рэкалекцыях І ступені. І вось цяпер, пад дбайным кіраўніцтвам клерыкаў Пінскай духоўнай сімінарыі, разам з усёй мужчынскай часткаю нашага Аазіса, ён удасканальваў свае навыкі.

Мне Пан Бог таксама даверыў невялікую, але адказную місію. Так атрымалася, што спатрэбіліся мае музычныя здольнасці і адукацыя, набытая ў дзяцінстве. Я таксама калісьці марыла іграць на аргане і спяваць для Бога, і цяпер гэта адбылося. Для мяне гэта было не толькі радасцю, але і вялікай адказнасцю, нават выпрабаваннем, бо трэба было пераадольваць шмат сумненняў, спакусаў, страхаў, разумець, што я раблю гэта не для сябе, а для Хрыста.

Вельмі шчаслівая была і наша 11-гадовая дачушка. Яна ў нашай хрысціянскай супольнасці, разам з мамай і татам адчувала сябе як рыба ў вадзе. Вельмі спадабалася ёй апекавацца маленькім Андрэйкам, якому два з паловаю гадкі. І, канешне, яна не абмінала магчымасці актыўна ўдзельнічаць у музычных мерапрыемствах нашага Аазіса.

Удзел у рэкалекцыях дапамог нашай сям’і яшчэ больш наблізіцца да Бога праз рэлігійныя заняткі, чытанне і абмеркаванне Святога Пісання, праз супольную малітву, праз штодзённы ўдзел у святой Імшы і Эўхарыстыю, праз цудоўныя і змястоўныя казанні ксяндза Андрэя Зайчыка. А таксама праз людзей, праз кожнага з тых, з кім Пан Бог звёў нас на гэтых рэкалекцыях. Такіх розных і такіх патрэбных адно аднаму. Тут, у супольнасці, Хрыстус дапамагаў нам усвядоміць свае слабасці, недасканаласці, правіны і грахі. Ён сапраўды вёў нас з Егіпта нашай заганнай няволі праз пустыню выпрабаванняў ў Зямлю Абяцаную. І гэта мы ўспрымалі не толькі як метафару, а сапраўды адчувалі, што скрануліся з месца, наседжанага гадамі. З асаблівым хваляваннем і надзеяй я сустрэла рашэнне мужа адмовіцца ад алкаголю – прынесці ў дар рашэнне стаць абстынентам, стаць кандыдатам руху Круцыяты Вызвалення Чалавека.

Своеасаблівым апафеозам рэкалекцый стаў незабыўны для нас начны шлях, калі ўсе мы, падобна Выбранаму Народу, згодна з тэкстамі Кнігі Зыходу, перажывалі сапраўдныя падзеі начнога пераходу: і хуткае спажыванне запечанага мяса з праснакамі і горкімі травамі, і доўгі шлях уначы пад бяздонным зорным небам, і ўсе знакі і падзеі, якія сустрэліся нам на гэтай дарозе.

Як вядома, Зыход з Егіпта святкаваўся ў Старым Запавеце як пасха. Пасха Новага Запавету – гэта перамога Хрыста над смерцю, яго цудоўнае Уваскрасенне. Мы перажылі гэтую падзею ў духу і Старога і Новага Запаветаў. Але самае галоўнае, што мы перажылі яе асабіста, паміж сабой, у сваёй сям’і. Зыход, Уваскрасенне, Новае жыццё – гэтыя словы набылі для нас канкрэтны сэнс. Мы асабліва адчулі Божую прысутнасць сярод нас, бо менавіта тут, на рэкалекцыях, у нас расплюшчыліся вочы на тое, як мы павінны жыць далей і што павінны рабіць, каб стварыць вакол сябе Зямлю Абяцаную.

Вярнуўшыся ў Мінск, мы, вядома, убачылі, што свет не змяніўся, але зразумелі, што моцна перамяніліся мы, што ў нашых сэрцах ззяе Хрыстус і гучаць спевы, якія мы спявалі так, быццам пілі жывую ваду.

Дзякуем Табе, Пане Божа, што паказаў нам шлях. Вядзі нас далей, дапамажы вытрымаць і дайсці да Твайго Валадарства.

Сям’я Царовых
з Мінска