* * *
Я жыву на разломе вякоў.
Я стаю на распуцці шляхоў.
Шлях адзін, што ў вечнасць прастуе,
А другі – у бясконцасць пустую...
Божа, дзякуй, што покліч Твой чую.

 
           * * *
Бывае энергія светлая,
Дадатная, стваральная.
Бывае энергія цёмная,
Адмоўная, разбуральная.
          Крыніца энергіі светлай –
          Малітва, што шчыра ўзносіцца.
          Крыніца энергіі цёмнай –
          Зайздрасць, нянавісць, злосць.
Мы самі шчасця стваральнікі,
Калі дабра ўсім жадаем.
І самі яго разбуральнікі,
Калі зла ў сабе не знішчаем.

 
* * *
Новы дзень пачынаем
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
З дому дзяцей адпраўляем у дарогу
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Кожную добрую справу здзяйсняем
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Божы Провід клічам на дапамогу
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
І свой зямны шлях завяршаем
У імя Айца і Сына, і Духа Святога...