Малітва аб пакліканнях

О Езу, Божы Пастыр, Ты паклікаў апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душаў. Прыцягні да Сябе палымяныя, высакародныя душы маладых людзей і ўчыні іх сваімі паслядоўнікамі і сваімі слугамі. Учыні, каб яны так, як Ты, прагнулі паўсюднага адкуплення, дзеля якога Ты ўзнаўляеш на алтары сваю Ахвяру.

Пане, Ты вечна жывеш дзеля таго, каб заступацца за нас, адкрый перад імі гарызонты, каб убачылі ўвесь свет, у якім узносіцца нямая просьба шматлікіх братоў аб святле праўды і цеплыні любові; учыні, каб, адказваючы на Тваё пакліканне, яны працягвалі тут, на зямлі, Тваю місію, будавалі Тваё Містычнае Цела – Касцёл, і былі соллю зямлі і святлом свету.

Пане Езу, няхай на Твой міласцівы заклік адгукнуцца таксама шматлікія жаночыя сэрцы, чыстыя і высакародныя. Улі ў іх прагу евангельскай дасканаласці, прысвячэння служэнню Касцёлу, а таксама братам, якім патрэбна дапамога і любоў. Амэн.

 
Малітва за тых, хто рыхтуецца да святарства
і да законнага альбо манаскага жыцця

Пане Езу Хрыстэ, Ты аддаў сваё жыццё дзеля збаўлення людзей і стаў Вечным Святаром. Просім Цябе за тых, хто рыхтуецца да святарства і законнага альбо манаскага жыцця. Атулі іх ласкаю свайго благаслаўлення, аддалі ад іх усялякія спакусы і ўмацуй у святасці, каб яны ахвотна і самааддана пазнавалі Цябе і такім чынам рыхтаваліся да годнага служэння ў Тваім Касцёле. Пакажы ім сэнс і каштоўнасць паклікання, каб яны ўсё больш любілі Цябе і ядналіся з Табою. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

 
ВЯНОЧАК ДА ДУХА СВЯТОГА

Знак крыжа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Веру ў Бога Айца...
1. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мудрасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
2. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары розуму.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
3. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары рады.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
4. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мужнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
5. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары ўмеласці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
6. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары пабожнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
7. Будзь праслаўлёны Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары боязі Божай.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
Спашлі Духа Твайго, Пане, і ўзнікне жыццё, – і адновіш аблічча зямлі.

Молімся. Божа, Ты асвячаеш сэрцы верных Табе святлом Духа Святога, дазволь нам у тым жа Духу спазнаць праўду і заўсёды радавацца Ягонаму суцяшэнню. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Беззаганная Абранніца Духа Святога, – маліся за нас.

 
Малітва за святароў

Ойча Нябесны, Тваёй апецы давяраем нашых душпастыраў, якія даюць нам хлеб слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны. Дай ім сілу для працы і айцоўскае сэрца, каб мы праз іх паслугу маглі дайсці да збаўлення вечнага. Амэн.

 
Малітва за святароў

С.: О Езу, наш Пасрэднік і Найвышэйшы Святар, ахвяруем Табе нашыя малітвы, працу і цярпенні за Тваіх святароў, каб святасцю свайго жыцця яны пашыралі Тваё Валадарства.
О Езу, спасланы з неба як наш Найвышэйшы Святар –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для збаўчага распаўсюджання Твайго вучэння –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для справавання аж да канца свету Тваёй Крыжовай Ахвяры –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для збаўчага ўдзялення нам святых сакрамэнтаў –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для адпушчэння нам грахоў у сакрамэнце паяднання –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для ўмацавання ў веры і добрых звычаях нашых сем’яў –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для выхавання дзяцей дзеля Тваёй хвалы –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для аховы і дапамогі сярод небяспекі свету –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для нашай падрыхтоўкі да шчаслівай смерці –
    Усе: Дай нам святых святароў!
С.: О Езу, для пашырэння Твайго Валадарства –
    Усе: Дай нам святых святароў!

Молімся: Божа, які для хвалы велічы сваёй і для збаўлення чалавецтва ўстанавіў Адзінароднага Сына свайго Найвышэйшым і Вечным Святаром, просім Цябе, каб тыя, каго Ён выбраў слугамі і дарыцелямі сваіх таямніцаў, заставаліся заўсёды вернымі ў выкананні сваіх абавязкаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.