9 верасня:
святога Пятра Клявэра, святара

Нарадзіўся ў 1580 г. у Каталоніі (Іспанія). Маючы 22 гады, уступіў у ордэн езуітаў. Знаёмства са святым Альфонсам Радрыгесам, езуіцкім містыкам, дапамагло яму вызначыць свой далейшы лёс: Радрыгес параіў маладому Пятру Клявэру паехаць у Паўднёвую Амерыку, каб там весці місіянерскую дзейнасць сярод цёмнаскурых насельнікаў кантынента. У 1616 г. у Картахене (Калумбія) Пётр прыняў святарскае пасвячэнне і прысвяціў сябе душпастырскай дзейнасці ў цэнтры гандлю чорнымі рабамі. Сярод гэтых няшчасных ён самаахвярна працаваў амаль 40 гадоў. Ён рабіў усё, што толькі магло зменшыць іх пакуты: быў для іх не толькі душпастырам, але і лекарам, раздаваў міласціну, вучыў і апекаваўся хворымі і нямоглымі. Незадоўга да смерці Пётр Клявэр засведчыў, што ахрысціў 300 тысяч неграў. Сам сябе ён называў «рабом рабоў». Для ўсіх, хто асабіста ведаў Пятра, ён быў прыкладам святара. Пётр Клявэр памёр 8 верасня 1654 г. у Картахене. Там, у шкляным саркафагу пад галоўным алтаром касцёла пры езуіцкім калегіуме, да гэтага часу спачывае яго цела. Папа Леў ХІІІ абвясціў Пятра Клявэра — «апостала рабоў» — апекуном афрыканскіх місій.

 
16 верасня:
святых Карнэлія, Папы, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў

Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.

Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях, а Кіпрыяна — аб выратаванні ад чумы.

 
17 верасня:
святога Робэрта Бэлярміна, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся 4 кастрычніка 1542 г. у Манпульчана (Італія) у арыстакратычнай сям’і, быў пляменнікам Папы Марцэла ІІ. У 18-гадовым узросце ўступіў у ордэн езуітаў і ў 1570 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Па накіраванні ордэна некалькі гадоў працаваў у Лювэне (Бельгія), дзе ў той час шырока распаўсюджвалася пратэстанцтва. Там ён набыў вядомасць як добры тэолаг і прапаведнік. Папа Грыгорый ХІІІ паклікаў Робэрта ў Рым, дзе даручыў яму кафедру палемічнай тэалогіі ў Рымскім калегіуме (сёння — сусветна вядомы Папскі універсітэт «Грыгарыянум»). На падставе яго лекцый, якія мелі вялікі поспех і незвычайную папулярнасць, была створана самая вядомая праца Робэрта Бэлярміна «Дыспуты пра спрэчныя пытанні каталіцкай веры», якая займае пачэснае месца ў тэалагічнай спадчыне Касцёла. Створаны ім «Малы катэхізіс для народа» быў перакладзены на 60 моваў свету і да гэтага часу выкарыстоўваецца ў Італіі. Робэрт Бэлярмін займаў розныя высокія пасады ў Касцёле і быў прызначаны кардыналам і арцыбіскупам Капуі. Ён дбаў не толькі пра рэлігійнае жыццё даручанага яму мясцовага Касцёла, але таксама актыўна займаўся сацыяльнай дзейнасцю. Сярод сяброў вучонага езуіта былі святыя Францішак Сальскі, Філіп Нэры і Алаізій Ганзага. Робэрт Бэлярмін, які апошнія гады свайго жыцця прысвяціў выключна навуковай і палемічнай дзейнасці ў служэнні Рымскім Пантыфікам, памёр у Рыме 17 верасня 1621 г. Яго рэліквіі знаходзяцца ў рымскім касцёле св. Ігнацыя.

 
19 верасня:
святога Януарыя, біскупа і мучаніка

Згодна з гістарычнымі дадзенымі, Януарый каля 300 г. быў біскупам Беневента або Неапаля. Яго біскупства прыпала на перыяд жорсткага пераследу хрысціянаў пры імператары Дыяклетыяне. Януарый самаахвярна наведваў у вязніцах сваіх адзінаверцаў і падтрымліваў іх духоўна. Разгневаны яго смеласцю намеснік асудзіў біскупа на смерць. Спачатку Януарыя жыўцом укінулі ў палаючую печ, але агонь не пашкодзіў яму. Тады яго аддалі на разарванне львам, але львы лагодна ляглі каля яго ног. Нарэшце, Януарыю і сямі яго паплечнікам 19 верасня 305 г. адсеклі галовы. Рэліквіі святога Януарыя спачываюць у неапалітанскай катэдры, куды прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў. Штогод адбываецца так званы «цуд крыві святога Януарыя»: у галоўныя святы на яго ўшанаванне — 19 верасня і ў суботу перад першай нядзеляй мая — яго кроў, што захоўваецца ў дзвюх шкляных ампулках, становіцца вадкаю, калі ампулкі падносяць да галавы святога. Нягледзячы на шматлікія доследы і экспертызы, да сённяшняга дня гэты цуд застаецца невытлумачальным. Лічыцца, што спазненне цуду прадказвае няшчасці Неапалю і яго жыхарам. Святы Януарый з’яўляецца апекуном Неапаля і ахоўвае ад вывяржэннў вулканаў, якія часта здараюцца ў гэтай мясцовасці.

 
26 верасня:
святых Космы і Дам’яна, мучанікаў

Браты-блізняты Косма і Дам’ян жылі ў ІІІ ст. у Сірыі або ў Аравіі і былі хрысціянамі. Там яны мелі медыцынскую практыку і лячылі людзей бясплатна, імкнучыся пры гэтым навяртаць душы пацыентаў да Хрыста. З дзеянняў братоў-лекараў найбольш вядомай з’яўляецца аперацыя па замене ампутаванай нагі белага чалавека нагою памерлага маўра. Калі пры імператары Дыяклетыяне пачаўся жорсткі пераслед хрысціянаў, братоў-лекараў схапілі і пасля страшэнных катаванняў адсеклі ім галовы, так і не прымусіўшы адрачыся ад веры. Гэта адбылося каля 303 г. у сірыйскім горадзе Кірасе. Святыя Косма і Дам’ян шырока ўшаноўваюцца ва ўсім свеце як ва ўсходняй, так і ў заходняй традыцыі. Ужо ў VI ст. успамін святых братоў быў уключаны ў Рымскі Канон, і ў гэты ж час у Рыме ў іх гонар была асвечана базыліка. Святыя Косма і Дам’ян з’яўляюцца апекунамі лекараў, хірургаў, студэнтаў-медыкаў і фармацэўтаў. Іх дапамогі просяць пры ракавых захворваннях.

 
28 верасня:
святога Вацлава, мучаніка

Нарадзіўся каля 904 г. у замку ў Стохаве (Чэхія). У хрысціянскім духу Вацлава выхавала яго бабуля Людміла. У 921 г. памёр бацька Вацлава чэшскі князь Вратыслаў, і апеку над падлеткам Вацлавам і рэгенцтва атрымала яго маці Драгаміра. Ненавідзячы хрысціянства, яна загадала забіць свякроў, але крывавае кіраванне Драгаміры неўзабаве скончылася, і ўжо праз год Вацлаў стаў чэшскім герцагам. Ён усімі сваімі сіламі падтрымліваў хрысціянства, і дзякуючы яго намаганням Касцёл у Чэхіі далучыўся да Рыма. Вацлаў, які пабудаваў у Празе велічную катэдру святога Віта, вызначаўся глыбокаю пабожнасцю і вёў аскетычны лад жыцця, дзякучы чаму стаў вялікім прыкладам для сваіх падданых. 28 верасня 929 г. малодшы брат Вацлава Баляслаў, выхаваны маці ў паганстве, жадаючы захапіць пасад, забіў Вацлава, калі той выходзіў з касцёла. Рэліквіі святога Вацлава — апекуна Чэхіі — спачываюць у пражскай катэдры св. Віта і прыцягваюць вялікую колькасць пілігрымаў.