Фігура Яна Паўла ІІ, першы помнік Святому Айцу Слугу Божаму ў Літве, была прывезеная ў святыню Божай Міласэрнасці ў мястэчка Кавальчукі як дар моладзі Віленскага атрада Марыі імя Вастрабрамскай Пані і палякаў Віленшчыны.

Ахвярадаўцы вераць, што Ян Павел ІІ з неба будзе ўмацоўваць у веры паслядоўнікаў Хрыста таксама і ў гэтым невялікім мястэчку. Помнік Яну Паўлу ІІ — гэта дар для ўсіх шанавальнікаў Божай Міласэрнасці і Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Пілігрым Міласэрнасці будзе з гэтага часу надалей будаваць «цывілізацыю любові», каб там, дзе не хапае любові і спакою, справядлівасці і міласэрнасці, заззяла спрадвечная Праўда і Любоў. А віленскай зямлі асабліва патрэбна сіла міласэрнасці і надзеі.

Да гэтай Божай працы шмат намаганняў прыклаў ксёндз Дарыюш Станьчык, ініцыятар і арганізатар ушанавання памяці Яна Паўла ІІ у Літве. Бронзавая фігура Святога Айца была зроблена ў Кракаве (у вышыню яна мае 2,2 м, важыць каля 300 кг) і прывезена ў сталіцу Літвы 8 красавіка 2006 года, у першую гадавіну пахавання Папы, і да

17 чэрвеня яна часова знаходзілася ў Доме польскай культуры ў Вільні. 24 мая біскуп Я. Тунайціс ад імя Віленскай курыі выдаў дэкрэт, якім даў дазвол на ўстаноўку помніка Яну Паўлу ІІ.

Спеў «Гэта ёсць дзень...» гучаў надзвычай урачыста, калі харцэрская брація на сваіх руках выносіла цяжкую фігуру Яна Паўла ІІ з Дома польскай культуры, каб вырушыць ва ўрачыстай працэсіі ў Кавальчукі. Ксёндз Дарыюш радаваўся, што гэта падзея прыпала на дзень літургічнага ўспаміну св. брата Альберта Хмялёўскага, які быў удзельнікам студзеньскага паўстання, як і наш віленскі паўстанец Рафал Каліноўскі. Гэтых двух святых кананізаваў Ян Павел ІІ, а яны ў сваю чаргу прычыніліся да таго, каб першы помнік Яну Паўлу ІІ урэшце знайшоў сваё месца ў літоўскім мястэчку Кавальчукі.

Выбар мястэчка Кавальчукі для ўстаноўкі першага помніка Яну Паўлу ў Літве быў невыпадковым: менавіта тут знаходзіцца першая і пакуль адзіная ў Літве святыня пад тытулам Божай Міласэрнасці. Дзякуючы Яну Паўлу ІІ і яго адыходу ў вечнасць у вігілію свята Божай Міласэрнасці свет даведаўся пра неспасцігальныя ласкі, якія Езус абяцаў тым, хто будзе спадзявацца на Яго Міласэрнасць.

Словамі «не бойцеся» мы выказваем удзячнасць усім ахвярадаўцам і спадзяемся, што ў хуткім часе ў Вільні таксама з’явіцца помнік Святому Айцу, безумоўна, больш велічны і прыгожы, адпаведны статусу гістарычнага горада і сталіцы Літвы.

Дарота Сівіньска,
Альберт Нарвовіч