Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Палатно

Яго рассцілаюць на алтары. Як карпарал, як саван Божы ляжыць яно пад келіхам і гостыяй. Святар ахінуты ім, калі справуе святое служэнне, — адзеты ў альбу, белыя шаты. Яно пакрывае стол Панскі, на якім падаецца Хлеб Божы...

Каштоўным матэрыялам з’яўляецца добра сатканае палатно: чыстае, тонкае і моцнае. Калі яно ляжыць тут такое белае і свежае, я міжволі ўзгадваю адну са сваіх прагулак па зімовым лесе. Я адразу натрапіў на ўзгорак, схіл якога, цалкам пакрыты свежым снегам, без ніводнай плямкі, рассцілаўся паміж чорнымі ялінамі, так што я не асмеліўся прайсці па ім сваімі грубымі ботамі. З пачуццём глыбокай пачцівасці я абышоў яго кругом. Так ляжыць і палатно, рассцеленае для прыняцця святасці.

На алтары, дзе прыносіцца Божая Ахвяра, яно павінна ляжаць найперш. Мы гаварылі пра алтар, пра тое, як ён стаіць, выдзелены са свайго атачэння, — самае святое месца ў храме. Мы разважалі пра тое, што знешні алтар з’яўляецца падабенствам алтара ўнутранага, у душы. Не! Ён — нешта большае, чым падабенства: бачны алтар не толькі азначае алтар сэрца, унутранай гатоўнасці да ахвяры. Той і гэты алтары звязаны адзін з адным. Таямнічым чынам яны ствараюць адно. Сапраўдным алтаром, алтаром дасканалым, на якім прыносіцца Ахвяра Хрыста, з’яўляецца жывая еднасць іх абодвух.

Таму палатно так моцна прамаўляе да нашага сэрца. Мы ўсведамляем, што нешта павінна адказаць яму ў глыбіні нашага сэрца. Мы адчуваем гэта як нейкі заклік да нас, як папрок, як тугу. Толькі з чыстага сэрца ідзе праўдзівая ахвяра, а палатно ўвасабляе чыстасць, такую, якая павінна быць у сэрцы, калі мы імкнемся, каб ахвяра была прыемнай і мілай Богу.

І яно шмат гаворыць нам пра чыстасць. Добрае палатно тонкае і высакароднае. Грубасць і гвалтоўнасць не створаць чыстасці. Яна не мае нічога агульнага з панурым характарам. Яе сіла — гэта сіла вытанчанасці; яе сціпласць высакародная. Але жыве ў ёй сіла. Сапраўднае палатно моцнае. Не нейкая лёгкая павуцінка, якая распаўзаецца ад любога павеву ветру. Праўдзівая чыстасць — гэта не нешта хваравітае. Яна не ўцякае ад жыцця, не блукае ў марах сярод нерэальных сноў і экзальтаваных ідэалаў. Праўдзівая чыстасць мае румяныя шчокі жыццярадаснасці і моцную хватку смелага змагара.

І яшчэ пра адно гаворыць палатно разважліваму розуму: яно не адразу стала такім тонкім і чыстым, якім мы бачым яго тут цяпер. Спачатку яно было шорсткім, непрывабным, яго трэба было часта мыць і адбельваць, пакуль яно не набыло духмянай свежасці. Чысціня не даецца з самага пачатку. Безумоўна, яна з’яўляецца ласкаю; безумоўна, ёсць людзі, якія носяць яе ў сваёй душы як дар, так што ўся іх істота насычана поўнай сілы свежасцю той найглыбейшай, фундаментальнай цнатлівасці. Але гэта бывае як выключэнне. Тое, што звычайна можа быць названа чыстасцю, часта аказваецца нечым сумніўным і азначае толькі тое, што яго яшчэ не ўзрушвалі ніякія буры. Праўдзівая чыстасць мае месца не на пачатку, а ў канцы. Яна набываецца толькі шляхам доўгай, добрасумленнай працы. Палатно ляжыць на алтары, белае, тонкае і моцнае. Сама чыстасць, высакароднасць сэрца і сіла свежасці.

У Адкрыцці святога Яна гаворыцца пра «вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Ягнём, апранутыя ў белае адзенне». І хтосьці спытаў: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?» І быў дадзены адказ: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці. Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні».

«Адзень мяне ў белыя шаты, Пане», — моліцца святар, калі апранае альбу для справавання святой Ахвяры...

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.