Калі 2 красавіка 2005 г. адышоў у вечнасць Слуга Божы Папа Ян Павел ІІ, свет страціў у яго асобе свайго галоўнага духоўнага настаўніка. У гэтыя памятныя дні мы яшчэ мацней усвядомілі каштоўнасць апостальскага служэння Намесніка Хрыста. Адным з самых важных заданняў Яна Паўла ІІ быў клопат пра моладзь.

З самага пачатку свайго пантыфікату Святы Айцец Ян Павел ІІ выказваў вялікую прыязнасць і любоў да моладзі. 22 верасня 1978 г. на ўрачыстай інаўгурацыі пантыфікату падчас малітвы «Анёл Панскі» Папа скіраваў да моладзі наступныя словы: «Вы — надзея свету, надзея Касцёла. Вы — мая надзея». Гэтае сцвярджэнне хутка стала адным з дэвізаў пастырскага служэння Яна Паўла ІІ. На працягу ўсяго свайго пантыфікату Ян Павел ІІ шмат увагі прысвячаў маладым: «Гэта ад моладзі залежыць будучыня, — не раз паўтараў Святы Айцец, — таму нельга пакінуць яе без апекі, трэба прысвяціць ёй шмат увагі ў душпастырскай працы».

Усе сустрэчы Яна Паўла ІІ з моладдзю былі не толькі навучаннем- маналогам, але і вялікім дыялогам маладых усяго свету з Намеснікам Хрыста на зямлі. Святы Айцец запэўніваў сваіх маладых слухачоў у тым, што ўважліва іх слухае і жадае адказаць на іх самыя глыбокія спадзяванні, што прыходзіць для таго, каб размаўляць з імі і разам з імі маліцца.

Святы Айцец увесь час імкнуўся абудзіць яшчэ большы апостальскі запал сярод маладых. Ён жадаў дапамагчы ім знайсці сваё месца ў Касцёле, таму часта нагадваў: «Вы павінны мужна сведчыць пра Хрыста. Не бойцеся прапанаваць Хрыста тым, хто яшчэ Яго не ведае».

Ян Павел ІІ вельмі давяраў моладзі і разлічваў на яе высакародны і паслядоўны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля ў сучасным свеце: «Маладыя людзі ведаюць, — часта паўтараў ён, — што іх жыццё мае сэнс у такой ступені, у якой яно становіцца бескарыслівым дарам для іншых. (...) Хто ж можа, — падкрэсліваў Ян Павел ІІ, — надаць сэнс жыццю, як не Той, Хто адзіны мае словы вечнага жыцця? Хто ж лепш за Езуса, які аддаў жыццё за чалавека, можа ўказаць яму сапраўдны шлях да шчасця?».

Адкрыванне Хрыста Святы Айцец называў найцудоўнейшай прыгодай жыцця: «Езус для нас — адзіная дарога, якая вядзе да Айца. Гэтай дарогай павінен пайсці кожны, хто хоча дасягнуць збаўлення. Толькі Хрыстус, Яго Евангелле, Яго прыклад, Яго запаведзі з’яўляюцца надзейнай дарогай, якая вядзе да поўнага і трывалага шчасця».

Маладосць — гэта не толькі нейкі перыяд чалавечага жыцця, якому адпавядае акрэсленая колькасць гадоў, але гэта таксама час, дадзены кожнаму чалавеку, які шукае адказу на пытанні, што датычацца ўсяго жыцця, яго каштоўнасці і сэнсу. Святы Айцец указваў маладым на Хрыста як на кампетэнтнага Суразмоўцу, якога ніхто іншы не можа ў поўні замяніць. Папа часта нагадваў маладым, што толькі Хрыстус у стане найбольш дасканала споўніць жаданні і спадзяванні іх жыцця. У асобе Настаўніка з Назарэта, у асабістай сустрэчы з Ім ёсць шанц адкрыць тыя каштоўнасці, якія здольны надаць жыццю адпаведнае вымярэнне і сэнс: «Езус сказаў, што Ён — Дарога. Ён з’яўляецца Дарогаю праз вучэнне свайго Евангелля і праз прыклад свайго жыцця. Калі адкрываюцца перад вамі іншыя дарогі, прывабныя перспектываю лёгкіх і ў той жа час двузначных мэтаў, памятайце: адзінай Дарогай з’яўляецца Хрыстус! Ён вядзе да поўнай рэалізацыі спадзяванняў вашых сэрцаў».

Абраўшы дэвізам ІІІ Сусветнага дня моладзі словы, якія прамовіла Марыя ў Кане Галілейскай — «Тое, што Ён вам скажа, зрабіце» (Ян 2, 5), — Папа нібы хацеў сказаць моладзі: «Старайцеся будаваць сваё жыццё з самага пачатку на моцным фундаменце, якім з’яўляецца Хрыстус. (...) Тое, што Ён вам скажа, зрабіце» азначае — «Слухайце Езуса, ідзіце за Яго Словам і даверцеся Яму. Вучыцеся адказваць „так“ Хрысту ў любых абставінах свайго жыцця». У гэтых некалькіх словах Папа перадаў цэлую жыццёвую праграму, якую Марыя-Настаўніца рэалізавала як першая сярод вучняў Хрыста і якой сёння вучыць і нас. Гэта праграма жыцця, якая абапіраецца на моцны і трывалы фундамент, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.

Папа вельмі жадаў дапамагчы моладзі ў яе пошуках. Ён нястомна заахвочваў маладых задаваць пытанні, шукаць адказы, уваходзіць на шлях шукання знакаў збаўчай прысутнасці Хрыста ў іх свеце: «Толькі адкрыццё Хрыста можа прывесці маладых на надзейны шлях, які вядзе да поўнага і трывалага шчасця», толькі ад Хрыста моладзь можа атрымаць адказы на свае пытанні, якія не падманваюць і не расчароўваюць. Ян Павел ІІ часта заахвочваў маладых: «Не бойцеся наблізіцца да Езуса, пераступіць парог Яго дому, размаўляць з Ім твар у твар як з сябрам» (пар. Зых 33, 11). Для таго, каб зразумець Хрыста, недастаткова слухаць Яго вучэнне, але трэба ўдзельнічаць у Яго жыцці і пэўным чынам спазнаць Яго жывую прысутнасць. Невыпадкова дэвізам XII Сусветнага дня моладзі былі словы з Евангелля св. Яна: «Настаўнік, дзе жывеш? — Ідзіце і ўбачыце» (пар. Ян 1, 38–39).

Праз Божае Слова, якое разважалася падчас кожнага з Сусветных дзён моладзі, Ян Павел ІІ дапамагаў маладым людзям «убачыць» Езуса, што ў далейшым павінна прывесці да веры і больш глыбокага пазнання, як гэта акрэслівае Намеснік Хрыста, і дазволіць «дакрануцца да Уваскрослага Пана» (пар. 1 Ян 1, 1).

Папа часта заахвочваў моладзь да малітвы і набыцця здольнасцяў у гэтай сферы. Для яго было важна, каб малады чалавек навучыўся размаўляць з Хрыстом, меў здольнасць прабываць з Богам, а праз гэта — каб сяброўства з Богам станавілася больш глыбокім і трывалым. Прыкладам гэтага глыбокага паяднання з Богам, якое ўзрастае дзякуючы малітве, з’яўляецца Езус, які сам маліўся да свайго Айца словамі, якім навучыў і нас.

Папа часта заахвочваў моладзь не баяцца стылю «новага жыцця» — патрабавальнага, але адначасова ўзвышанага і прыгожага. «Дарагая моладзь! (...) Не бойцеся „новага жыцця“, якое Хрыстус вам ахвяруе. Гэта праўда: Езус з’яўляецца патрабавальным сябрам, які ставіць высокія мэты, які раіць забыцца пра сябе, каб выйсці Яму насустрач і скласці ў Яго рукі ўсё сваё жыццё: „Той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго“» (Мк 8, 35). У сваім навучанні Ян Павел ІІ пераконвае маладых у тым, што, нягледзячы на намаганні і адрачэнні, варта пайсці за Езусам, бо менавіта тады жыццё будзе мець сэнс.

Папа звяртаўся да моладзі з гарачым заклікам: «Дарагія сябры, дазвольце Хрысту захапіць вас, прыміце Яго заклік і ідзіце за Ім. Ідзіце і абвяшчайце Добрую Навіну Адкуплення; рабіце гэта з радасцю ў сэрцы і станавіцеся абвяшчальнікамі надзеі ў свеце, які часта трапляе ў небяспеку спакусы роспачы, станавіцеся абвяшчальнікамі веры ў свеце, які, здараецца, часам паддаецца малавер’ю, станавіцеся абвяшчальнікамі любові сярод падзеяў кожнага дня, якія часта вызначаюцца логікай эгаізму».

Святы Айцец у сваіх прамовах і катэхезах нястомна імкнуўся паказаць, наблізіць Езуса маладым і, урэшце, дапамагчы ім абраць Яго як свайго Пана і Сябра. Папа выказваў спадзяванне, што шмат хлопцаў і дзяўчат, натхнёных шчырым апостальскім запалам, вырашаць прысвяціць сваё жыццё Хрысту і Яго Касцёлу як святары, законнікі і законніцы альбо таксама свецкія місіянеры, каб пайсці туды, дзе няма работнікаў для працы ў вінаградніку Пана. Паводле статыстыкі, перажыванне Сусветных дзён моладзі часта было звязана з адкрыццём маладым чалавекам святарскага ці манаскага паклікання. Ужо ў першым дыялогу з моладдзю, якім з’яўляецца «Ліст да маладых свету», Папа Ян Павел ІІ пісаў: «Вельмі шмат неабходна тых, у каго трапіць заклік Хрыста, які сказаў „Ідзі за Мною“, і таму кожнаму з вас, маладых, на гэтым узнёслым этапе развіцця вашай жаночай і мужчынскай індывідуальнасці я жадаю сказаць: калі такі заклік кранае тваё сэрца, не заглушай яго! Дазволь яму развіцца ў сталае пакліканне!».

Распазнанне паклікання патрабуе глыбокай малітвы і вернасці запаведзям. У сваім навучанні Ян Павел ІІ часта звяртаўся да моладзі з просьбай, каб яны маліліся аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, а таксама аб пакліканнях свецкіх, якія вядуць у свеце кансэкраванае жыццё. Да маладых, якія чуюць заклік Хрыста — «Ідзі і ты ў Мой вінаграднік» — Святы Айцец звяртаўся са словамі падтрымкі: «Не бойцеся цалкам аддаць сябе служэнню Хрысту і Яго Касцёлу — гэта цудоўнае пакліканне і бясцэнны дар. Хрыстус вам дапаможа».

Ва ўсім вучэнні пра Касцёл і яго місію Святы Айцец падкрэсліваў вялікую ролю маладых. Ён нястомна заахвочваў моладзь уключацца ў дзейнасць Касцёла, у яго місію, галоўнай мэтай якой з’яўляецца «новая евангелізацыя» свету ў імя Езуса Хрыста. Святы Айцец паказваў моладзі шырокія магчымасці рэалізацыі гэтага задання. Апостальства маладых павінна перадусім ажыццяўляцца ў месцах працы і забавы, у сем’ях, у месцах вучобы і адпачынку. У многіх сваіх прамовах Папа падкрэсліваў, што першымі, да каго павінна дайсці евангельскае пасланне, якое абвяшчаюць маладыя, з’яўляюцца іх равеснікі, якія альбо згубіліся на шляхах жыцця, альбо яшчэ не пазналі Хрыста. Неабходна адзначыць, што маладыя людзі найлепш разумеюць адзін аднаго і могуць больш уплываць на равеснікаў, чым дарослыя. Пэўныя агульныя мары і планы аб’ядноўваюць імкненні моладзі. У рэалізацыі ўсіх гэтых мараў і імкненняў, а таксама пошукаў, звязаных з верай і сэнсам жыцця, вельмі вялікую ролю іграюць равеснікі, якія сваім словам і — што самае важнае — прыкладам могуць уплываць на развіццё маладога чалавека.

Часта Ян Павел ІІ заахвочваў сваіх маладых сяброў: «Вы павінны адважна сведчыць пра Хрыста (...) Не бойцеся прапанаваць Хрыста таму, хто Яго яшчэ не ведае». Папа ўскладаў на моладзь вялікія спадзяванні. Ён ведаў, што можа на іх разлічваць і таму менавіта да моладзі звяртаўся з гарачай просьбай, з заклікам уключыцца ў вялікую справу новай евангелізацыі. Ён часта нагадваў маладым пра тое, што «недастаткова адкрыць Хрыста, але неабходна сведчыць пра Яго, неабходна несці Яго іншым». Падчас сустрэчаў з маладымі Намеснік Хрыста шматразова падкрэсліваў, што для таго, каб быць апосталамі Хрыста, евангелізатарамі сваіх равеснікаў і асяроддзяў, маладыя павінны найперш самі паглыбіць сваю веру, дазволіць, каб Езус глыбока перамяніў іх сваім Евангеллем, і менавіта гэтаму павінен служыць працэс нястомнай духоўнай і катэхетычнай фармацыі. Вельмі важным дапаможным сродкам для духоўнага развіцця з’яўляецца Святое Пісанне. Святы Айцец заахвочваў маладых часта разважаць над Божым Словам: «Дзякуючы ўважліваму ўслухоўванню ў словы Евангелля, — запэўніваў Папа, — да глыбіні сфармуецца вашая чалавечнасць, акрэсліцца пакліканне кожнага з вас. Калі вы дазволіце Святому Пісанню весці сябе, то будзеце здольныя распазнаць прысутнасць Пана ў вашым жыцці». Вялікую ролю ў духоўнай фармацыі моладзі мае таксама сакрамэнт пакаяння. У маладых часта бываюць цяжкасці, пэўныя бар’еры ў прыступанні да гэтага сакрамэнту. Аднак Папа заахвочваў пераадольваць іх, бо дапамога, якую дае гэты сакрамэнт на шляху сталення і паклікання да святасці, з’яўляецца бясцэннай. У той жа час велізарнай дапамогай у прыняцці складаных рашэнняў і належным распазнаванні сваіх перажыванняў і выпрабаванняў можа быць духоўны кіраўнік. Ян Павел ІІ заахвочваў моладзь карыстацца не толькі дарам сакрамэнту пакаяння, але таксама дарам духоўнага кіраўніцтва, якое можа быць дапамогай у распазнаванні натхненняў Духа Святога і імкненні наперад шляхам да свабоды, вынікам якой з’яўляецца развіццё духоўнага жыцця.

У сваім вучэнні Папа звяртае ўвагу на набажэнства да Маці Божай. Марыя з’яўляецца найлепшай Настаўніцай духоўнага жыцця, і той, хто жадае на гэтым шляху развівацца, павінен углядацца ў гэты найбольш дасканалы ўзор, якім з’яўляецца Маці Божага Сына.

Сястра М. Ніколя Гжэгожэк,
служка Найсвяцейшай Панны Марыі

 
Сёстры служкі НПМ працуюць у першую чаргу з дзецьмі, моладдзю, хворымі, беднымі і самотнымі людзьмі. Заснавальнік Кангрэгацыі благаслаўлёны Эдмунд Баяноўскі жадаў, каб сёстры служкі асаблівай апекай атулілі дзяўчат, каб у будучыні яны маглі добра выконваць свае абавязкі як добрыя хрысціянкі і маці. Для дзяўчат, якія жадаюць узмацніць сваю веру, а таксама тых, хто шукае сваё пакліканне, сваю дарогу жыцця, сёстры арганізоуюць рэкалекцыі і дні духоўных сустрэч. Тым, хто жадае наладзіць больш блізкі кантакт з сёстрамі, паведамляем іх адрас:

Сёстры служкі Найсвяцейшай Панны Марыі,
вул. Чкалава 52–1–76, 210041, Віцебск,
тэл. 212-250-987