З Апостальскага ліста Rosarium Virginis Mariae
Святога Айца Яна Паўла ІІ

Марыя — узор кантэмпляцыі

10. Марыя — недасягальны ўзор кантэмпляцыі Хрыста. Аблічча Сына належыць Ёй па асабліваму праву. Гэта ў Яе ўлонні яно сфармавалася, беручы ад Яе таксама людское падабенства, якое, несумненна, указвае на яшчэ большую духовую блізкасць. Ніхто не аддаваўся такой шчырай кантэмпляцыі Хрыстовага аблічча, як Марыя. Вочы Яе сэрца ў пэўным сэнсе засяродзіліся на Ім ужо ў хвіліну Звеставання, калі зачала Яго праз справу Духа Святога; у наступныя месяцы Яна пачала адчуваць Яго прысутнасць і ўгадваць Ягоныя рысы. Калі ўрэшце нарадзіла Яго ў Бэтлееме, таксама Яе вочы пяшчотна пазіралі на аблічча Сына, якога «спавіла і паклала ў жолаб» (пар. Лк 2, 7).

З гэтага часу Яе позірк, заўсёды поўны замілаванага захаплення, ужо ніколі ад Яго не адвернецца. Часам гэты позірк будзе запытальны, як пасля Яго знікнення ў святыні: «Сыне, чаму Ты ўчыніў нам гэта?» (пар. Лк 2, 48); разам з тым гэта будзе заўсёды позірк праніклівы, здольны чытаць у глыбіні душы Езуса, ажно да зразумення Яго патаемных пачуццяў і ўгадвання Яго рашэнняў, гэтак, як на вяселлі ў Кане (пар. Ян 2, 5). Іншым разам гэты позірк будзе поўны болю, асабліва пад крыжам, дзе ён будзе яшчэ ў пэўным сэнсе позіркам «родзячай», паколькі Марыя не абмяжуецца толькі тым, каб падзяліць муку і смерць з Адзінародным, але прыме новага сына, даверанага Ёй у асобе ўмілаванага вучня (пар. Ян 19, 26-27). У велікодную раніцу гэта будзе позірк, асветлены радасцю Змёртвыхпаўстання, і, нарэшце, у дзень Пяцідзесятніцы — позірк, палаючы сыходжаннем Духу (пар. Дз 1, 14).

 
Успаміны Марыі

11. Марыя жыве з вачыма, звернутымі на Хрыста, і зберагае ў душы кожнае Яго слова: «Захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19; пар. 2, 51). Успаміны пра Езуса, што запалі ў Яе душу, спадарожнічалі Ёй у кожнай акалічнасці, дапамагаючы вяртацца ў думках да розных хвілінаў свайго жыцця побач з Сынам. Менавіта гэтыя ўспаміны складалі ў пэўным сэнсе «Ружанец», які Яна сама пастаянна адгаворвала ў дні свайго зямнога жыцця.

І таксама цяпер, сярод радасных спеваў нябеснага Ерузалема, матывы, дзеля якіх Яна складае Богу падзяку і аддае Яму пашану, застаюцца нязменнымі. Гэта яны з’яўляюцца натхненнем для Яе мацярынскага клопату пра пілігрымуючы Касцёл, у якім надалей, як прапаведніца Евангелля, Яна развівае сюжэт свайго «апавядання». Марыя няспынна працягвае нагадваць вернікам пра «таямніцы» свайго Сына, прагнучы, каб праз кантэмпляцыю над імі змагла выявіцца ўся іх збаўчая моц. Таму адгаворваючы Ружанец, хрысціянская супольнасць паглыбляецца ў позірк Марыі і жыве Яе ўспамінамі.