24 верасня ў Дуброўне (паўднёвы ўсход Віцебшчыны) адбылася ўрачыстасць з нагоды асвячэння пляцу пад пабудову святыні. Створаная ў 2001 годзе тутэйшая парафія Маці Божай Фацімскай даўно чакала гэтай падзеі, і вось яна ўжо — учарашні дзень, а наперадзе — праца па ўзнаўленні ў раёне каталіцкіх традыцый, страчаных у 1917 годзе і пакліканых зноў да жыцця з утварэннем на пачатку новага стагоддзя Віцебскай дыяцэзіі.

Гісторыя сведчыць, што першымі каталіцкімі святарамі, якія распачалі дзейнасць на Дубровеншчыне яшчэ ў 1630 годзе, былі францішкане. Але ў 1780 годзе князь Пацёмкін, незадаволены іх дзейнасцю, паспрыяў перадачы драўлянага касцёла і кляштара айцам піярам. У 1782 годзе ў сувязі са зменаю ўладара горада францішкане вярнуліся ў Дуброўна і дзякуючы фундацыі княскага роду Любамірскіх тут пачалася пабудова новага мураванага касцёла на месцы былога драўлянага. Канчатковае скасаванне дзейнасці францішканаў у краі адбылося ў 1917 годзе, і гэтую дату можна без перабольшання лічыць пачаткам татальнага вынішчэння каталіцкага жыцця на тутэйшых землях.

І вось такая радасная, праз амаль стагоддзе, падзея для мясцовых католікаў — асвячэнне біскупам Уладзіславам Блінам месца пабудовы будучага касцёла і святая Імша з удзелам гасцей – канцлера дыяцэзіяльнай курыі кс. Кшыштафа Вітвіцкага, кс. пралата Міраслава Скачыляса, дзекана Аршанскага дэканата кс. Чэслава Курэчкі, ксяндза з аршанскай парафіі Сэрца Марыі Здзіслава Петрашэўскага, сёстраў законных, вернікаў з Оршы і Талачына, якія аздобілі набажэнства прыгожымі спевамі. Але найперш, канечне ж, парафіянаў на чале з маладым пробашчам кс. Андрэем Таўруком, якія доўга і старанна рыхтаваліся да такога важнага ў сваім жыцці дня. Дня, які, безумоўна, стане пачаткам адліку новай — шчаслівай — гісторыі маладой дубровенскай парафіі Маці Божай Фацімскай.

Францішак Дубраўскі.
Фота Ірыны Кульпекшы.