У ліпені нечакана адышоў з зямнога жыцця адзін з самых актыўных віцебскіх вернікаў, парафіянін парафіі Святога Духа Сяргей Сіпайла. Ва ўзросце няпоўных 45 гадоў паклікаў яго да сябе Пан Бог, нагадаўшы ўсім нам, як важна хрысціяніну быць заўжды гатовым да такога паклікання, як важна штодня трымаць у належным стане сваю душу. У хвіліны глыбокага смутку, што агарнуў нас у дні развітання з Сяргеем Баляслававічам, не адзін з нас з не менш глыбокай удзячнасцю згадваў свае стасункі з гэтым цудоўным чалавекам падчас святой Імшы, рэкалекцыяў, малітоўных спатканняў, пілігрымак, проста выпадковых ці невыпадковых сустрэчаў.

Прыйшоўшы ў касцёл на пачатку аднаўлення рэлігійнага жыцця ў Віцебску, Сяргей Сіпайла разам з жонкаю Людмілай Якаўлеўнай вельмі шмат зрабіў дзеля мацавання святыні, дзеля справы сведчання веры. Дзякуючы ініцыятыўнасці гэтых дружных сужэнцаў сталі традыцыйнымі ў горадзе мастацкія дзіцячыя выставы-конкурсы, прысвечаныя святам Божага Нараджэння і Вялікадня, яны ж былі нязменнымі каардынатарамі Дзён хрысціянскай культуры, а два апошнія гады — медыцынскай міжнароднай навуковай канферэнцыі. А яшчэ ж былі кіраванне спартыўнай секцыяй, абавязкі ў парафіі, клопаты, звязаныя з выхаваннем траіх дзяцей, двое з якіх яшчэ не дасягнулі школьнага ўзросту. І канечне ж — асноўная праца ў абласной клінічнай бальніцы ў якасці ўрача-анестэзіёлага, дзе Сяргей Баляслававіч, дарэчы, таксама не саромеўся сведчыць сваё каталіцкае веравызнанне. Шмат каму, і не толькі з католікаў, дапамог ён парадаю, кансультацыяй, своечасовым лекаваннем. І памёр — на працоўным месцы, у бальніцы. Як ні намагаліся калегі аднавіць работу сэрца, не змаглі гэтага зрабіць: такая была Божая воля.

...Нявызнаныя Божыя шляхі. Не дадзена нам ведаць, калі напаткае кожнага з нас хвіліна адыходу ў вечнасць. Дык будзем берагчы і любіць тых, хто побач з намі, як рабіў гэта наш дарагі сябар Сяргей Баляслававіч Сіпайла. Мы зычым моцы ў цяжкім выпрабаванні яго жонцы Людміле і дзецям Ядзі, Барбары, Багуславу. Няхай Пан Бог Усемагутны зробіць так, каб заўжды асвятляла іх зямны шлях усё тое добрае, што паспеў зрабіць дзеля людзей іх муж і бацька.

Віцебскія парафіяне,
святары, сёстры законныя.