«Ці далёка да Бога?» — спытаецеся вы. Адкажу: «Не. Усяго 252 км». Менавіта такую адлегласць пераадольваюць пехатою польскія пілігрымы, якія штогод ідуць з Варшавы ў Чэнстахову. Дзякуючы сёстрам змёртвыхпаўстанкам, мы, група моладзі з наваполацкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, таксама вось ужо некалькі гадоў маем магчымасць пакутаваць і цярпець, маліцца і спяваць, смяяцца і весяліцца разам з пілігрымамі не толькі з Польшчы, але і з Італіі, Славакіі, Украіны, Германіі... Усе гэтыя людзі ідуць у жніўні ў польскую Чэнстахову.

Двойчы мне пашанцавала ўдзельнічаць у варшаўскай пешай пілігрымцы да цудоўнага абраза Маці Божай. Маючы немалы досвед беларускага пілігрыма, скажу вам, што пілігрымка, напрыклад, да Маці Божай Будслаўскай — гэта, калі мець на ўвазе цяжар выпрабаванняў, прагулянка ў параўнанні з варшаўскай пілігрымкай. Галоўнае адрозненне заключаецца, напрыклад, хоць бы і ў тым, што нас не сустракалі, як гэта робяць добразычлівыя гаспадары на Беларусі, не кармілі, не паілі, не бралі на начлег, не тапілі для нас лазню. Гаворка ідзе не пра тое, што на Беларусі людзі больш шчырыя ды адкрытыя. Рэч у тым, што наўрад ці магчыма было б прыняць і накарміць васьмітысячны натоўп пілігрымаў, бо менавіта столькі, а нават і больш людзей прыйшло да Маці Божай. І гэта толькі з Варшавы!

Дарэчы, надвор’е нам не вельмі спрыяла, дакладней сказаць, яно было проста непрыдатнае для пешай вандроўкі. У першы ж дзень, раніцай, калі пілігрымы яшчэ толькі збіраліся ў дарогу, пачаўся дождж, які, быццам здзекуючыся з адчайных галоваў, ліў нам за каўнер, пранікаў у рукавы, дабіраўся да абутку. І калі надышоў час выхаду з Варшавы, лужыны нам ужо проста не былі перашкодаю, бо нашыя кеды ды красоўкі цалкам напоўніліся вадою. Так прайшоў амаль увесь першы дзень — дождж скончыўся толькі пад вечар.

Наступны дзень пачаўся з таго, што абудзіліся мы а чацвёртай гадзіне раніцы, каб ужо а пятай зноў вырушыць у шлях. Было вельмі прыемна прачнуцца ў намёце, у цёплым спальным мяху, апрануць сухія новыя шкарпэткі... Але гэтыя мілыя адчуванні імгненна зніклі, калі на нашыя сухія шкарпэткі давялося абуць учарашнія мокрыя кеды. І так пачынаўся далёка не адзін дзень нашай пілігрымкі...

Можа каму і цяжка паверыць, але, нягледзячы на кепскае надвор’е і ўсе невыгоды, звязанныя з ім, ісці нам было лёгка і весела, бо кожны дзень айцы паўліны, а менавіта айцы гэтага ордэну кіравалі ўсёй варшаўскай пілігрымкай, падтрымлівалі нас словам, спевам, малітвай і духам.

Яшчэ мяне вельмі ўразіла тое, што ў пілігрымцы ўдзельнічалі людзі рознага узросту, паходжання і заняткаў. Сярод нас былі студэнты і дактары навук, уладальнікі фірмаў і хатнія гаспадыні. Згадзіцеся, цікава было б уявіць, каб у нашай беларускай пілігрымцы багаты бізнесовец пасціўся ўсю дарогу на хлебе і вадзе, як гэта рабіў адзін мой знаёмы паляк. Ды і не адзін ён.

Кажуць, што калі табе нешта падабаецца, то час ляціць настолькі хутка, што не паспееш і заўважыць, як ужо ўсё скончана. Так і з пілігрымкай. Цяжка ўявіць, але калі ўжо скончылася гэтае нашае выпрабаванне, асноўная частка пілігрымаў пачалі сумаваць па тым, што мы разам перажылі за гэтыя дні: па тых жа мокрых шкарпэтках, па халодных ды вільготных раніцах, гарачым палявым супе, па супольных малітвах ды спевах, па штодзённай пілігрымскай Імшы... Але наперадзе было яшчэ самае галоўнае — сустрэча з Багародзіцай — Маці Божай Чэнстахоўскай. Гэтага спаткання чакалі, канешне ж, усе пілігрымы, таму што ўсе неслі ў санктуарый свае інтэнцыі і просьбы. Бо менавіта тут здараюцца цуды: людзі вылечваюцца ад цяжкіх хваробаў, узмацняюцца духоўна і фізічна. Доказ гэтаму — кульбы пры алтары, інвалідныя каляскі, якія аказаліся больш непатрэбныя іх гаспадарам, бо яны атрымалі тут такое жаданае аздараўленне. Тут пакінута шмат сімвалічных сэрцаў, якія сведчаць пра адраджэнне чалавечага духу і вялікую ўдзячнасць людзей Маці Божай.

Спадзяюся, я пераканаў вас у тым, што 252 км – гэта не так ужо і далёка, асабліва калі гэтую адлегласць складае шлях да Бога.

Вітаўт Жарнасек,
парафія Насвяцейшага
Сэрца Езуса, Наваполацк.
На здымках: моманты нашай пілігрымкі.