Вяселле скончылася. Яшчэ ў вушах гучалі вясёлыя зычэнні, віншаванні, зухаватыя тосты, яшчэ мелодыі вясельных песняў гучалі ў памяці, а маладая з маладым, цяпер ужо жонка з мужам, пачалі збірацца ў дарогу. У пілігрымку. Нечуванае. Цяжка альбо нават немагчыма такое сабе ўявіць, бо зазвычай пасля вяселля нават госці «адыходзяць» колькі дзён, не кажучы ўжо пра маладых, якім хочацца пасля гучнага галасу пабыць у цішы, на адзіноце, разам успамінаючы яшчэ і яшчэ раз асобныя моманты свайго вяселля. Некаторыя ж едуць у круізы, вясельныя падарожжы, праводзяць свой мядовы месяц на Канарах альбо хоць бы на Чорным ці на Балтыйскім моры.

Аршанцы Зміцер з Янай Жукавы адразу пасля свайго вяселля пайшлі... ў пілігрымку. Адзін дзень у іх быў на тое, каб паглядзець і скласці падарункі, вярнуць некаму нейкія пазычаныя рэчы, парастаўляць з большага мэблю. І ўжо ў аўторак яны ў паходных майках і джынсах, змяніўшы мадэльныя туфлі на красоўкі, закінуўшы за Зміцеравы мужныя плечы заплечнік з сякімі-такімі рэчамі, перажагнаўшыся ды пабраўшыся за рукі, пайшлі ў калоне пілігрымаў з Полацка ў Росіцу. Вядома, прыемна ім было, прыемна і радасна, калі на першым прыстанку паміж Полацкам і Наваполацкам, седзячы на прыдарожнай пыльнай траве, пілігрымы віталі іх воплескамі ды голасным:«Віншуем! Віншуем!» У адказ яны ўсміхаліся — радасна й шчасна ды крыху разгублена. Іх вясельнае падарожжа пачалося!

На чацвёрты, апошні дзень, я падышла да Зміцера з Янай у часе адпачынку і запытала, каму з іх першаму прыйшла ў галаву ідэя вось так незвычайна пачаць сваё сумеснае жыццё, з пілігрымкі.

Адказала Яна:

— Вядома, каму — Дзіму. Я ўвогуле першы раз у пілігрымцы і для мяне ўсё новае, цікавае, нязвыклае.

На гэта Зміцер засмяяўся:

— Як жа Яна магла ведаць пра пілігрымку, калі яна ў дзень вянчання прыняла сваю першую Камунію? Склала вызнанне веры, прыступіла да споведзі і ўпершыню прыняла Езуса ў сваё сэрца!

Вось такія, аказваецца, бываюць гісторыі. Пачуўшы такое, як не парадуешся за Яну, якой пашчасціла на сваім жыццёвым шляху сустрэць чалавека, які шчыра, па-сапраўднаму верыць у Бога? Сустрэць, пакахаць і даверліва пайсці за ім. І як не парадуешся за Зміцера, якому пашчасціла сустрэць Яну, што пажадала зразумець яго?

Уяўляю, як не адзін чытач з пачуццём лёгкай зайздрасці ўздыхнуў у гэтую хвіліну. Сапраўды, за гэтую маладую пару можна толькі парадавацца, бо яны вырашылі пытанне веры на самым пачатку свайго сумеснага жыцця, не адкладваючы на «потым». Колькі непаразуменняў, канфліктаў, а то й трагедый узнікае у нашых сем’ях з гэтае прычыны! Сустрэнуцца дзяўчына з хлопцам, пакахаюць адно аднаго, а дойдзе справа да вяселля і ўзнікне пытанне касцёльнага шлюбу. Хтосьці пужліва адкладае яго на няпэўны тэрмін, а бывае, што і шлюб возьмуць, а пазней іх разам у касцёле не ўбачыш. А далей — яшчэ горш. З’явяцца дзеці — зноў паўздыхаюць маладыя муж з жонкаю ды так-сяк дойдуць да агульнае думкі: пахрысцяць. Але не больш за тое. Так неўпрыкмет падкрадаецца духоўная адзінота, і не такая гэта малаважная праблема, каб махнуць на яе рукой. І будзе ўздыхаць адзін з сужэнцаў, самотна ідучы ў нядзелю ў касцёл:«Каб жа гэта ведаў раней!.. Трэба было тады думаць...»

У кожнай нашай парафіі такіх альбо падобных гісторый безліч. І за кожнай з іх — неўладкаванасць, самота, горыч. Бо разам — гэта калі ў горы і ў радасці, у трывозе і шчасці, калі і перад Панам Богам разам.

І таму можна толькі парадавацца за Яну са Зміцерам, якія вырашылі быць разам усюды. І хоць Яна ніколі не думала, не магла прадбачыць, што сустрэне чалавека, для якога пытанні веры акажуцца такімі важнымі, істотнымі, не магла ўявіць, што будзе браць шлюб не толькі ў ЗАГСе, але і ў Божай святыні, але вось сустрэла Зміцера і пастаралася яго зразумець, прыняць яго веру і давер да Бога. І пайшла за ім. Задоўга да вяселля яны разам прыходзілі ў касцёл на Імшу, удзельнічалі ў моладзевых сустрэчах, а Яна нават працавала выхавацелькай у дзіцячым летніку «Канікулы з Богам». Дзеці яе палюбілі, яна іх — таксама. Ды найважней усё ж тое, што яна пажадала зразумець Зміцера, для якога Каталіцкі Касцёл і прабыванне ў ім вельмі дорага і важна. Бо проста згадзіцца — гэта адно, а зразумець, прыняць душой — іншае. Не думала раней Яна пра гэта, не ўяўляла, але цяпер вельмі рада, што ўсё сталася менавіта так, а не іначай. Ці зразумеюць яе сяброўкі-студэнткі (Яна і Зміцер — студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі)? Невядома.

Ды й не гэта важна, а тое, каб добра разумелі адно аднаго яны, жонка з мужам, якім трэба будзе прайсці па жыцці поруч рука аб руку. І няхай гэта будзе гэтак жа прыгожа, як і ў іх першай сумеснай пілігрымцы!

Ці не цяжка ў ёй Яне? Вядома, няпроста, бо яна ж у ёй упершыню. Але ж затое і адкрыцці ёсць. Напрыклад, Яна адкрыла, што мае неблагі голас.

— Праўда, я яго сарвала, шчыра спяваючы пілігрымскія песні, — смяецца Яна.

Яны будуць яшчэ доўга ўспамінаць пілігрымку — сваё вясельнае падарожжа, будуць пераглядваць здымкі — і вясельныя, і пілігрымскія. Будуць успамінаць, як страшна было Яне ўпершыню падысці да канфесіяналу, як дрыжэла яна, ідучы разам са Зміцерам да алтара. Будуць прыгадваць шчаслівыя, радасныя твары бацькоў, сяброў, сваякоў, тое, як на другі дзень вяселля яны паехалі на лецішча і там натхнёна граў у іх гонар саксафон, як прыехалі туды павіншаваць іх святары... А потым... Потым была пілігрымка і ўсё, што звязана з ёю.

У Росіцы, у гэтым бласлаўлёным месцы, перад алтаром у касцёле, дзе і ў дні трагедыі таксама ўдзяляўся сакрамэнт шлюбу і людзі абяцалі адно аднаму любоў і вернасць, Зміцер з Янай таксама маліліся. Напэўна ж, яны дзякавалі Пану Богу за сваё шчасце. А чаго яны прасілі ў Яго — гэта ўжо застанецца іх таямніцай. Мы ж пажадаем ім шчасця, вялікага, простага і прыгожага, якое так патрэбна кожнаму чалавеку, кожнай сям’і.

Ірына Студзеньская

На здымках: Яна і Зміцер
у дзень свайго шлюбу і праз дзень пасля яго, у пілігрымцы.