Белыя вяночкі харугваў, як птушкі, то з’яўляліся, то знікалі паміж вяршалінаў дрэў, што растуць абапал касцёла. Усе, хто думаў, што набажэнства распачнецца а 18-й гадзіне, памыляліся: як жа распачаць святую Імшу без традыцыйнай літаніі і Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла ў дзень яго юбілею? 200 гадоў таму нашы продкі на старажытнай барысаўскай зямлі распачалі будоўлю храма, які цяпер прымае сваіх парафіянаў у шырокія абдымкі дзвярэй, за якімі ўжо чуваць урачыстыя гукі аргана і скрыпкі, галасы хору і вернікаў, што спяваюць гімн Magnificat...

Дзень святкавання юбілею абралі невыпадкова: 8 верасня супалі разам тры святы — парафіяльнае тытулу касцёла, які мае назву Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 200-годдзе пачатку будоўлі храма і народнае свята Багач, дзень, калі нашы продкі дзякавалі Пану Богу за ўраджай і пачыналі сяўбу, просячы благаслаўлення ў Багародзіцы на добры плён.

Юбілей і сапраўды можна было назваць своеасаблівым Багачом, толькі пад выглядам зерня былі самі вернікі Барысава і госці з навакольных парафій, а гаспадаром быў Пан Бог, Які цешыўся з таго, што, нягледзячы на безліч неспрыяльных умоў, касцёл прастаяў два стагоддзі і працягвае прымаць вернікаў розных пакаленняў, старых і маладых, дзяцей і падлеткаў, для якіх пад скляпеннямі старажытнага касцёла практычна не засталося ў гэты дзень вольнага месца.

Урачыстая святая Імша стала галоўным месцам падзякі Пану Богу за ўсе тыя ласкі, якія Ён звязаў з гэтай святыняй. Святары з Барысава і Мінска на чале з Яго Эксцэленцыяй біскупам Антоніем Дзям’янкам супольна адпраўлялі набажэнства. Біскуп Антоні Дзям’янка ахвяраваў святую Імшу за ўсіх тых людзей, што калісьці пераступілі парог гэтай святыні: за вернікаў парафіі, за духоўных асобаў, якія працавалі тут на ніве Пана, за колішніх будаўнікоў, якія прыклалі вялікія намаганні для таго, каб касцёл прастаяў 200 гадоў, і за сённяшніх будаўнікоў, якія праявілі глыбіню сваёй веры падчас адбудовы храма.

Велічны алтар, гукі аргана, залатыя арнаты стваралі адчуванне вандроўкі ў прасторы. Вельмі проста было ўявіць нашых продкаў 200 гадоў таму на ўрачыстасці кансэкрацыі касцёла. Шмат змянілася з таго часу: мова набажэнства, пэўныя абрады, вернікі, але Той, Хто яднае людзей у святыні, застаўся нязменны. Нашыя продкі здолелі перадаць нам каштоўны скарб веры і народнай традыцыі, таму востра адчувалася повязь пакаленняў, тыя нябачныя ніці, што звязвалі сучасных парафіянаў з іх папярэднікамі, якія гэтак жа ўзносілі малітвы да Пана Бога ў барысаўскай святыні некалькі стагоддзяў таму.

Год пачатку будоўлі касцёла быў зусім не просты ў жыцці нашай краіны. Толькі нядаўна скончыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай, неспакойна адгукаліся ўсё новыя перамогі Напалеона. У драўляным Барысаве пажар знішчыў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 15 жніўня 1806 года на гэтым жа месцы быў закладзены вуглавы камень для новай мураванай святыні. Кансэкрацыя касцёла адбылася ў 1832 годзе. Галоўны алтар, што цудам захаваўся ад пажару, тады перанеслі ў новы храм. У цэнтры алтара быў змешчаны абраз Маці Божай з Езусам, які благаслаўляе сусвет. Цярпеў касцёл ад пажару і ў 1900 годзе, але найбольшыя страты, як і большасць святыняў на нашай зямлі, пацярпеў у 1930-я гады. Спачатку храм ператварылі ў склад, а пасля Другой сусветнай вайны — у кінатэатр. Толькі ў 1988 годзе касцёл вярнулі вернікам, і ўжо праз два гады ён быў нанава асвечаны пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму асаблівы сэнс набылі пажаданні біскупа Антонія Дзям’янкі бачыць гэты храм і надалей толькі домам малітвы, які будзе служыць наступным пакаленням на хвалу Божую яшчэ не адно двухсотгоддзе.

Знамянальна, што менавіта ў 200-ю гадавіну пачатку будоўлі барысаўскай святыні распачаліся працы па ўзвядзенні новага касцёла ў іншай частцы горада, на другім беразе Бярэзіны. Узначальваць будаўніцтва прызначаны кс. Аляксандр Тарасевіч, гадаванец старажытнай Барысаўшчыны, а дапамагаць яму ў гэтай справе будзе а. Збігнеў Грыгарцэвіч.

Спрыяў юбілей і экуменічнаму дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. У святой Імшы прымалі ўдзел праваслаўныя святары з мясцовай парафіі, каб раздзяліць з католікамі радасць святкавання. Усе вернікі гучнымі апладысментамі ўспрынялі шчырыя віншаванні братоў-праваслаўных.

На заканчэнне свята ўсіх прысутных запрасілі на святочны пасілак пад верснёўскім небам, дзе сабраныя сталы з пачастункамі ўжо чакалі гасцей і парафіянаў. Вясёлая гамонка, жарты і размовы яшчэ доўга не сціхалі каля старога касцёла, які з вышыні сваёй вежы быццам паглядаў на сваіх дзетак, што бавіліся пад яго мурамі. Напэўна, ён удзячна «думаў» пра тое, што прастаіць на гэтай зямлі яшчэ не адно стагоддзе...

Ларыса Дарашэнка.
Фота Міколы Новікава.