Кажуць, каб спазнаць Хрыста, трэба Яго шукаць. Шукаючы, мы абавязкова знойдзем.

Моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы вырашыла глыбей спазнаць Хрыста, таму і час летніх канікулаў праводзіла разам з Панам Богам.

Так цудоўна склалася, што на пачатку канікулаў большасць з моладзі 4 чэрвеня атрымала сакрамэнт Канфірмацыі. У гэты дзень літургію цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка, і менавіта з яго рук мы атрымалі бясцэнны скарб — Дары Духа Святога. Увогуле, да гэтага дня мы вельмі старанна рыхтаваліся і дапамагалі нам нашы сёстры Ганна і Алена, а таксама ксёндз Аляксандр Барыла, якім мы вельмі ўдзячныя за іх бескарысную працу.

Мы ўсе такія розныя, але для Панны Марыі – усе яе дзеці, таму мы крок за крокам ішлі туды, дзе Яна нас чакала, а ў сэрцах неслі тое, што было для нас найважнейшым. Наступным пунктам працы над сабой была для нас пілігрымка па шляху Вілейка-Будслаў. У ёй прыняло ўдзел 78 маладых вілейчанаў. Усяго за тры дні мы з’ядналіся ў моцную сям’ю. Ужо сталася традыцыяй, што моладзь нясе падарунак для Маці Божай Будслаўскай у форме спеву, дзе словы і музыка напісаныя самой моладдзю. За час пілігрымкі гэты спеў станавіўся нашым гімнам, а пасля з гэтым спевам мы ўваходзілі ў санктуарый.

У гэтым годзе парафіяльны хор «Angeli» меў гонар выступіць з моладзевай праграмай і гэтым, магчыма, дапамагчы камусьці прыйсці да Пана Бога праз спеў.

Нашая моладзь вельмі любіць пілігрымкі, таму, не губляючы часу, мы вырашылі наведаць яшчэ адно святое месца — Тракелі. Да Воранава мы ехалі цягніком, а пасля цудоўнага начлегу ў палатках пад Воранавам крочылі да Марыі пехатою. Дзякуючы гэтай пілігрымцы мы не толькі ўзмацніліся духоўна, але спазналі шмат новага.

З 10 ліпеня, на працягу тыдня, наша парафія вітала святара з Германіі. Мы не ведалі гэтага чалавека, але ўжо вельмі хутка ён стаў нашым лепшым сябрам. Мы не ведалі яго мовы, але гэта не перашкодзіла нашаму сяброўству, бо галоўнай мовай зносінаў была мова любові. Кс. Бэрнард — цудоўны, шчыры чалавек, а такімі людзьмі трэба ганарыцца і вельмі іх берагчы, бо яны — сапраўдныя сябры. За гэтае знаёмства мы ўзносім ўдзячнасць Хрысту.

Адпачываць – гэта вельмі цікава, таму з 17 па 22 ліпеня для дзяцей і моладзі ў Будславе быў арганізаваны лагер, мэтай якога было навучыць дзяцей маліцца. Яны самі, з дапамогаю моладзі, удзельнічалі ў літургіі св. Імшы, а гуляючы ў розныя гульні, памяталі, што сярод іх заўсёды прысутнічае Бог.

Парафіяльны хор «Angeli» з 24 ліпеня наведваў «Музычную майстэрню», якая праходзіла ў Івянцы — гэта былі спецыяльныя курсы для хору, на якія з’ехалася моладзь з розных куткоў Беларусі. 5 гадзін рэпетыцый, новыя знаёмыя, розныя гурты, цудоўныя кіраўнікі – мара кожнага спевака. Апошнім пунктам «Музычнай майстэрні» быў выніковы канцэрт: вялікая хвала Богу. Мы вельмі ўдзячны Езусу за гэты час.

Цудоўны час — лета, але і ён заканчваецца, таму апошні тыдзень мы правялі на рэкалекцыях у Баранавічах. Гэта традыцыя нашай моладзі. Жывучы ў сясцёр ад Анёлаў, мы бачылі прыклад іх пакоры і чысціні і імкнуліся стаць лепшымі. Малітвы, канферэнцыі, штодзённая святая Імша, вясёлыя вечары збліжалі нас з Богам і паміж сабою. Гэтыя рэкалекцыі для нас сталі пачаткам навучальнага года.

Моладзь вілейскай парафіі
Узвышэння Святога Крыжа