Магчыма, не аднаму з вас даводзілася бачыць у касцёле або ў пілігрымках моладзь, апранутую ў своеасаблівую форму, — каталіцкіх скаўтаў. Пакуль што гэтая арганізацыя на Беларусі толькі пачынае развівацца. Гэтым летам мне давялося некалькі дзён быць у скаўцкім летніку недалёка ад Барысава. Цікавыя размовы, цікавы досвед, уражанне... І менавіта гэтым я хачу падзяліцца з чытачамі. Першыя мае пытанні былі скіраваныя да Паўла, адказнага за летнік скаўтаў.

 
— Заўсёды варта распачынаць ад фундаменту. У некалькі словах раскажы, калі ласка, як паўстаў скаўтынг у Барысаве?

— Найперш трэба сказаць, што існавала агульнабеларуская скаўцкая арганізацыя – Аб’яднанне беларускіх скаўтаў. Гэта была патрыятычная арганізацыя, у якой хрысціянскія каштоўнасці не заўсёды былі прыярытэтам. Мы, католікі, гэта добра разумелі і таму ахвотна згадзіліся з прапановай грэка-каталіцкага святара айца Андрэя Абламейкі далучыцца да каталіцкага скаўтынгу. У 2002 г. у нас ужо была Федырацыя скаўтаў Еўропы (ФСЕ). Можна сказаць, што пачаткам стаўся Еўраджэм, г. зн. агульнаеўрапейскі з’езд скаўтаў, які адбыўся ў Польшчы і сабраў каля 9000 чалавек, у тым ліку 44 чалавекі з Беларусі, а з Барысава недзе чалавек 15. Пасля гэтых падзеяў у верасні 2003 г. у Барысаве мы стварылі асобны звяз (асобная скаўцкая адзінка), а ў 2004 г. арганізавалі першы летнік пад Віцебскам. Потым утварыўся другі летнік каля Барысава, а цяпер маем трэці. Наш звяз складаецца з трох коп’яў (меншая скаўцкая адзінка).

— А што ты можаш расказаць пра сам рух скаўтаў увогуле, яго пачаткі ў свеце?

— Заснавальнікам руху з’яўляецца Роберт Бадэн Паўл, ангельскі генерал, які ў свой час ваяваў у паўночнай Афрыцы. Будучы ў Лондане, ён заўважыў, як шмат моладзі знаходзіцца на вуліцы, не ведаючы, што рабіць. У 1907 г. ён арганізаваў для такой моладзі першы скаўцкі лагер. Дарэчы, ангельскае слова scout на беларускую мову тлумачыцца як разведчык.

— Цікава, якая ідэя ім кіравала, якія ён ставіў мэты?

— Пра хрысціянскія ідэі ў скаўтынгу ўвогуле не гаварылася. Бадэн Паўл меў вайсковы досвед і разумеў, што моладзь і дзеці таксама могуць быць карыснымі нават на вайне. Так аднаго разу, калі англічане, будучы ў меншасці, трымалі абарону Мафекінга, ён выкарыстаў моладзь для разведкі, пераносу зброі і г.д. Так было на самым пачатку, але ў вельмі хуткім часе мілітарныя ідэі зніклі, але форма засталася як традыцыя. Так апраналася паліцыя нейкай, здаецца, афрыканскай дзяржавы. Зрэшты, паколькі заснавальнікам скаўтыгну быў афіцэр, то і сам скаўтыгн мае ў сабе нешта з войска. Напрыклад, парадак, дысцыпліну. Але скаўтынг пабудаваны па кап’явой сістэме. Кап’ё складаецца з 5–8 чалавек, на чале якіх стаіць кап’явы, які вучыць маладых скаўцкаму праву. Сэнс не ў тым, што вялікія вучаць і ганяюць малых, а ў тым, што нехта крыху старэйшы (15–17 гадоў) дзеліцца досведам з маладзейшымі (12–15 гадоў). Увогуле трэба сказаць, што ў скаўтынгу пяць мэтаў: здароўе, практыка, характар, служба і Бог. Калі мы прадумваем наш план дзейнасці на ўвесь год, то ўлічваем менавіта гэтыя мэты. Як я казаў, спачатку скаўтынг не шмат меў хрысціянскага, аднак ужо ў 1920 г., калі адбыўся першы Джэмбары, выразна дамінавалі хрысціянскія ідэі. Прычынай такіх зменаў стала тое, што скаўтынгам зацікавіўся адзін францускі езуіт — а. Якуб Севін, які пачаў супрацоўнічаць з Бадэн Паўлам. Праз нейкі час Бадэн Паўл напісаў, што калі б скаўтынг быў без Бога, то лепш бы яго не было ўвогуле.

— Гэта значыць, што ёсць нейкія формы скаўтынгу, якія адышлі ад Бога? Думаю цяпер пра піянераў. Ці яны таксама бяруць пачатак ад скаўтаў?

— Пасля таго як выйшла кніга Бадэн Паўла «Скаўтынг для хлопцаў», яна была ператлумачана на шматлікія мовы, таксама і на рускую. У Расеі пачаткова скаўты былі будучымі разведчыкамі. Пасля рэвалюцыі 1917 г. яны выехалі на эміграцыю, а іх месца занялі савецкія піянеры. На Беларусі першыя скаўты з’явіліся ў 1921 г. у Нясвіжскай гімназіі. Цяжка сказаць, ці была гэта хрысціянская арганізацыя. Хіба што, больш палітычная або патрыятычная. Пасля скаўты з’явіліся ў Крэўскай гімназіі, Віленскай, а потым зноў эмігравалі.

— А раскажы, калі ласка, пра хрысціянскія абавязкі барысаўскіх скаўтаў.

— Перад тым як нехта прыме прырачэнне (урачысты прыём у скаўты), ён павінен паспавядацца і прыняць святую Камунію. Паколькі ў нас у Барысаве падрыхтоўка да святой Камуніі доўжыцца два гады, то мы часам пытаемся ў кандыдата, ці дае ён абяцанне, што будзе хадзіць на ўрокі рэлігіі. На летніках у нас штодзённа адбываецца святая Імша і Евангелічная гадзіна, на якой мы разважаем над нейкім біблійным фрагментам і прымаем канкрэтную пастанову. Вядома, ёсць ранішнія і вячэрнія малітвы. Скаўты моляцца і разважаюць разам у коп’ях, а вандроўнікі павінны рабіць гэта самастойна.

— Наколькі ведаю, вандроўнікі – гэта тыя, хто прайшоў фармацыю скаўтаў у коп’ях. А што дзеіцца далей? Так выглядае, што скаўтынг — гэта рух для моладзі. Бачу ў асноўным школьнікаў і студэнтаў, аднак абяцанні скаўтаў — на ўсё жыццё. Што адбываецца з тымі, хто заканчвае універсітэт? Яны надалей трываюць у скаўтынгу?

— Так. Старэйшыя людзі тады ўжо не займаюцца дзяцьмі, а адказваюць за арганізацыйную працу. Напрыклад, дапамагаюць транспартам. На Беларусі пакуль што няма такой адзінкі, бо нас мала, але ў Польшчы ёсць, напрыклад, харугвы. Яны займаюцца арганізацыяй з’ездаў, працуюць з маладзейшымі. Практычна, той, хто ўсур’ёз ад пачатку ўвайшоў у скаўтынг, трывае ў ім да канца.

Яшчэ трэба дадаць, што скаўтынг утрымліваецца з уласных сродкаў фінансавання, г.зн. з уласнай кішэні. Мы не маем нейкага агульнага фінансавання. За працу, за наш час нам ніхто не плаціць. Усё грунтуецца на добрай волі і ахвярнасці.

— Памятаю, як некалі ты казаў, што часам у летнік прыязджаюць дзеці або моладзь, якім перш за ўсё трэба проста адпачыць. Некаторыя з іх не хочуць прымаць хрысціянскія нормы або падпарадкавацца правілам скаўтынгу. Што вы з імі тады робіце?

— Мы выразна ставім усе свае ўмовы. Калі нехта не згаджаецца, то проста не едзе. Найперш мы сустракаемся з бацькамі дзяцей і гаворым, што калі яны дадуць згоду, то іх дзеці стануць скаўтамі, а гэта значыць павінны будуць стаць практыкуючымі католікамі. Калі нехта не згаджаецца, то нашыя шляхі разыходзяцца. Не кожны можа быць скаўтам.

— Гэта значыць, што калі бацькі варожа ставяцца да рэлігіі, то іх дзеці не змогуць быць скаўтамі?

— На жаль, так. Часам бывае, што і самі дзеці не прымаюць нашы ўмовы. Для саміх скаўтаў залежнасць ад бацькоў значна меншая, але інакш з ваўчанятамі (дзецьмі, якія рыхтуюцца стаць скаўтамі). Тут гэтая залежнасць ёсць нават падчас цырымоніі прырачэнняў, на якой прысутнічаюць іх бацькі. Перад тым як даць абяцанне, такі ваўчок публічна пытаецца дазволу ў сваіх бацькоў. На працягу года мы робім недзе чатыры сустрэчы з бацькамі, на якіх паказваем і распавядаем пра тое, чым займаюцца і над чым працуюць іх дзеці, заклікаем да супрацоўніцтва.

— Як можна было б агульна і трапна акрэсліць скаўтынг?

— Скаўтынг — гэта вялікая гульня. Калі не прымаеш правілы гэтай гульні, то скаўтынг не для цябе. Калі ты хочаш гуляць, то ты павінен гуляць па правілах. Тут няма абману і халявы. Ёсць пяць «матораў», якія нас рухаюць: адказнасць, зацікаўленасць, гульня, кап’явая сістэма, ганаровы суд. Усе яны павінны працаваць...

— Адна з вельмі цікавых і адказных паслугаў у летніку — гэта гаспадарчая частка. Маецца на ўвазе вялікая зялёная палатка, у якой знаходзяцца прадукты харчавання. Перад кожным пасілкам пасля гукаў рогу (якія, дарэчы, даюцца паводле азбукі Морзе), сюды збягаюцца прадстаўнікі коп’яў, каб атрымаць свой паёк, а пасля нясуць яго кожны ў свой лагер (г.зн. месца жыхарства нейкага кап’я падчас летніка), дзе кап’ё сваімі ўласнымі намаганнямі рыхтуе пасілак у палявых умовах. Так адказным і стратэгічным месцам кіруе Антон. Сам вандроўнік, ён прыехаў у лагер як адзін з арганізатараў, каб таксама споўніць сваю паслугу. Ці даўно ты стаў вандроўнікам? Ці быў ваўчком, скаўтам?

— У скаўтынгу я трэці год. Спачатку быў скаўтам, пасля стаў вандроўнікам. Ваўчком, канечне ж, не быў, бо гэта зусім для малых дзяцей. Ды, зрэшты, у Барысаве мы не так даўно пачалі займацца ваўчкамі.

— Вандроўнікі. Адкуль такая назва?

— Скаўты з’язджаюцца ў лес і робяць лагер на нейкім месцы. Вандроўнікі ж, у сваю чаргу, ідуць па акрэсленай тэрыторыі, начуюць у палатках. На працягу года павінна адбыцца 4–5 вандровак. Нібы такія мініпаходы. Збіраемся, каб вырашыць нашыя праблемы, планы, а разам з тым, каб быць разам, адчуць дух еднасці. Мы маем сваю праграму, паслугі. Напрыклад, тое, што я адказваю за гаспадарчую частку ў летніку, вырашыла наша кола вандроўнікаў. Вандроўнік можа займацца рознай працай — скаўтамі, ваўчкамі і нават міністрантамі. Становячыся вандроўнікам, ты перад прырачэннем павінен вырашыць, якой будзе твая служба, чаму зможаш навучыць іншых, хто будзе тваім сталым спаведнікам і г.д. Усё вельмі канкрэтна. Гэтыя паслугі прымаюцца на нейкі час, на год, два, тры. Пасля іх можна змяніць. Вандроўнікі маюць свае крокі ўзросту — малады вандроўнік, скаўт-гайсак, найвышэйшы крок — пагоня.

Чуецца ціхі свіст. Недалёка ад гаспадарчай часткі стаіць скаўт і нечага чакае. Антон кажа, што ён можа зайсці. Пасля распавядае, што скаўт не павінен уваходзіць у гаспадарчую частку без дазволу: ён павінен свіснуць і чакаць адказу. Хлопец прыходзіць і просіць старыя анучы, каб зрабіць факел. Позна ўвечары плануюцца святая Імша і прырачэнні, і для гэтага патрэбныя факелы, якія павінна зрабіць кожнае кап’ё. Робяцца яны са старых анучаў і сасновай смалы.

— А што будзеце рабіць, калі факелаў не хопіць?

— Гэтага няма ў нашых планах, а ўвогуле кожны з нас мае ліхтарык. Прабыць у лесе два тыдні без ліхтарыка – гэта не рэальна. Я лічу, што кожны скаўт павінен мець ліхтарык, сякеру, пілу, запалкі. Тады тут можна яшчэ выжыць.

— Дык чаму не скажаце, каб кожны скаўт меў гэтыя рэчы?

— Гэта павінен рабіць кап’явы. У нас уся методыка скаўтыгну заснавана на коп’і. Напрыклад, я магу зрабіць заўвагу, але буду старацца гэтага не рабіць, бо гэта справа кап’явога. Звязовы сустракаецца з кап’явымі, пераказвае ім план, ідэі, заўвагі, а тыя павінны ўсё гэта распрацаваць у сваіх коп’ях. Па такім прынцыпе ідзе праца ўвесь год. Уся асноўная праца ў скаўтынгу ляжыць не на звязовых ці іншых начальніках, а менавіта на кап’явых. На Беларусі ёсць толькі адзін Барысаўскі звяз, у склад якога ўваходзіць тры кап’і. Магчыма, што паўстане чацвёртае. У кап’і ўсё сур’ёзна. Зусім іншая методыка будзе для ваўчкоў, бо яны дзеці. Ваўчкі не жывуць у лесе, яду ім гатуюць старэйшыя. Там, практычна, адны гульні. Дзеці праз прабыванне разам рыхтуюцца да таго, каб стварыць адказнае кап’ё.

 
Цікава тое, што ў гэтым «войску», у адрозненне ад сапраўднага, дзяўчат значна больш. Скаўтынг для дзяўчат мае сваю спецыфіку. Па-першае, сустрэчы, арганізацыя, заняткі, летнікі – усё гэта адбываецца незалежна ад хлопцаў. Для таго, каб трапіць у лагер скаўтак, мне трэба было адысціся некалькі сотняў метраў. Па-другое, нормы, патрабаванні і спосабы выхавання тут таксама адрозніваюцца. Гэта было відаць нават знешне. Калі хлопцы жылі ва ўласнаручна пабудаваных «хатках», раскінутых на даволі адлеглай тэрыторыі, то дзяўчаты жылі ў палатках, якія стаялі больш утульна недалёка адна ад адной. Пра гэтую і іншую розніцу я вырашыў паразмаўляць з Веранікай, адказнай за летнік для скаўтак.

 
— Вераніка, на тваю думку, якія асноўныя адрозненні паміж летнікам скаўтаў і скаўтак?

— Адрозненняў не так шмат. Увогуле праграма ў летніках аднолькавая: экспедыцыя, вялікая скаўцкая гульня, кулінарны конкурс і г.д. Адрозніваецца сам змест гэтых выпрабаванняў, а гэта ўжо залежыць ад фантазіі арганізатара. Улічваецца, канечне ж, і цяжкасць заданняў для хлопцаў і для дзяўчат. Мы павінны выхаваць са скаўтак добрых жанчын, жонак, маці, і менавіта гэтымі прынцыпамі і кіруемся пры падрыхтоўцы летніка і працы на працягу ўсяго года. Дзяўчаты таксама самі будуюць з дрэва, толькі не такія вялікія і цяжкія рэчы, як хлопцы. У кожным кап’і ёсць свой стол, нейкія лаўкі, палічкі, маленькая каплічка, можа яшчэ што, і ўсё гэта яны будуюць самі, без дапамогі хлопцаў. Калі б мы займаліся вялікімі будовамі, як скаўты, то на гэта пайшоў бы ўвесь час у летніку.

— Якія часткі вашай праграмы адбываюцца разам з хлопцамі?

— Толькі святая Імша.

— Нешта чуў я, што заўтра ў вас — вялікая скаўцкая гульня. Што гэта такое?

— Гэта — самая галоўная гульня падчас летніка. Яе працягласць — два дні. Тэмай гэтага летніка з’яўляецца «Сярэднявечча на Беларусі», што і складае фабулу вялікай скаўцкай гульні. Кожнае кап’ё на працягу года вельмі сур’ёзна рыхтуецца да гэтай гульні: робяць сабе касцюмы, больш даведваецца пра перыяд Сярэднявечча, а ўжо на гульні паказвае свае веды і здольнасці. І, як заўсёды, у канцы гульні вызначаецца лепшае кап’ё.

— Едучы да вас, бачыў дзяўчат, якія аднекуль вярталіся. Выглядалі яны такімі змучанымі... Што гэта было за заданне?

— Гэта экспедыцыя. Коп’ям даецца карта, і яны павінны за вызначаны час дайсці да месца, якое ім указалі. Ім таксама даецца некалькі заданняў, якія яны павінны там выканаць: даведацца пра гісторыю вёскі, прыдумаць песню ці сцэнку, зрабіць добры ўчынак для жыхароў, памаліцца з мясцовымі Анёл Панскі.

— А як людзі ўспрымаюць, не гоняць?

— Па-рознаму бывае. Але дзяўчат гэта не знеахвочвае. Наадварот. Ёсць у гэтым нешта евангельскае. Ды ўвогуле, прыгоды... Цяпер, як былі дажджы, як усё плыло, я хадзіла і старалася падбадзёрваць дзяўчат, а яны казалі: усё нармальна, будзе пра што ўспомніць. І я сапраўды бачыла, што яны былі задаволеныя, радасныя, не было ніякага песімізму.

 
І на гэтай добрай ноце наша размова закончылася, таму што дзяўчатам трэба было выконваць чарговы пункт іх праграмы. Гэтым разам маладзейшыя скаўткі ў дзень самаадказнасці падрыхтавалі гульні для сваіх адказных.

 

Размаўляў
а. Аляксандр Жарнасек МІС

Гэты матэрыял я падрыхтаваў для чытачоў часопіса «Ave Maria», каб паказаць яшчэ адну магчымасць развіцця моладзі. Важна і тое, што скаўцкае выхаванне мае вартасць і чыста людскую, і рэлігійную. Пакуль што на Беларусі каталіцкія скаўты і скаўткі ёсць толькі ў Барысаве, Мінску, Віцебску, Гродне. Калі нехта будзе зацікаўлены тэмай скаўтынгу, звяртайцеся, калі ласка, на адрас:

Скаўтынг для хлопцаў:
Граковіч Павел 8-029-776-14-84,
pavelgr@tut.by

Скаўтынг для дзяўчат:
Граковіч Ганна 8-029-558-26-94,
anieczka@tut.by