7 верасня споўнілася 85 гадоў з дня заснавання Легіёна Марыі — каталіцкага апостальскага руху свецкіх людзей.

У Беларусі Легіён Марыі ўзнік у жніўні 1994 года, і сёння ў яго шэрагах налічваецца каля 400 актыўных легіянераў, якія выконваюць апостальскую працу, і каля 600 дапаможных, якія падтрымліваюць іх дзейнасць малітвай.

Сваё свята беларускія легіянеры вырашылі адзначыць 9 верасня разам з Маці Божай Будслаўскай у нашым нацыянальным санктуарыі. Месца святкавання было выбрана невыпадкова: імя Апякункі Беларусі носіць вышэйшы кіруючы орган Легіёна Марыі ў нашай краіне — Каміцыум.

У Будславе сабраліся больш за 100 легіянераў. Святую Імшу цэлебраваў духоўны кіраўнік Каміцыума ксёндз Раман Новак з Мядзеля. Пасля святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзілі юныя легіянеры з дзіцячага прэзідыума «Рыцар Марыі» г. Вілейкі. А потым усе легіянеры на чале з айцом Раманам з песнямі і малітвамі прайшлі вакол парку ў працэсіі. Кожны прэзідыум нёс сваю харугву, а наперадзе, як і ў кожнай працэсіі, узвышаўся крыж.

Падчас працэсіі з яснага бясхмарнага неба раптам пайшоў дождж. Усе заўважылі, што ў Будславе ніводзін фэст не абыходзіцца без дажджу, і гэтая з’ява, напэўна, мае нейкае асаблівае, таямнічае значэнне. Дождж скончыўся гэтак жа раптоўна, як і пачаўся, і зноў над крыжамі будслаўскай святыні засвяціла яркае сонца. Здавалася, усё неба радуецца разам з легіянерамі і благаслаўляе іх на далейшую працу ў шэрагах Легіёна Марыі.

Верыцца, што ініцыятыва легіянераў перарасце ў добрую традыцыю і Маці Божая Будслаўская часцей будзе бачыць каля сябе пілігрымаў. Бываць у гэтым велічным санктуарыі раз на год — гэта неапраўдана мала. Гляньма на цудоўныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай і Маці Божай Чанстахоўскай: да іх круглы год, і ў ясную пагоду, і ў непагадзь ідуць і едуць пілігрымы і, напэўна, ніхто не вяртаецца адтуль нявыслуханым.

Нашай краіне і кожнаму, хто ў ёй жыве, вельмі патрэбна апека Багародзіцы. Яна чакае сваіх дзяцей, каб адарыць патрэбнымі ласкамі. Дык давайце ў Будславе бываць часцей!

Галіна Горская