З 9 па 14 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI знаходзіўся з пастырскім візітам у Баварыі. Перад гэтай пілігрымкай на радзіму Папа даў інтэрв’ю журналістам нямецкіх тэлерадыёкампаній і Ватыканскага радыё. Прапануем некаторыя пытанні і адказы Яго Святасці з гэтага інтэрв’ю.

 
— У верасні Ваша Святасць наведае Германію, а больш дакладна, Баварыю. «Папа адчувае настальгію па сваёй Радзіме», — казалі падчас падрыхтоўкі візіту Вашыя супрацоўнікі. Якія тэмы Вы ў прыватнасці маеце намер закрануць падчас візіту, і ці адносіцца паняцце «радзімы» да тых каштоўнасцяў, якія Вы жадаеце асабліва прапанаваць?

— Безумоўна. Прычынаю візіту стала менавіта тое, што мне б хацелася яшчэ раз убачыць мясціны, людзей, сярод якіх я вырас, якія мне паказалі і сфармавалі мой жыццёвы шлях: я хацеў бы падзякаваць гэтым асобам. І, натуральна, мне б хацелася таксама перадаць пасланне, якое, у адпаведнасці з маім служэннем, выйшла б за межы маёй зямлі. Што датычыцца тэмаў, мне іх проста падказалі літургічныя цэлебрацыі. Асноўная тэма заключаецца ў тым, што мы павінны нанава адкрыць Бога, і не нейкага Бога, а Бога з чалавечым абліччам, бо калі мы бачым Езуса Хрыста, бачым Бога. Пачынаючы з гэтага, мы павінны знайсці шляхі да сустрэчы адно з адным у сям’і, паміж пакаленнямі, а пасля таксама паміж культурамі і народамі, і шляхі да прымірэння і мірнага суіснавання ў гэтым свеце. Мы не знойдзем тых шляхоў, якія вядуць у будучыню, калі не атрымаем, так бы мовіць, святла звыш. Як бачыце, я не выбраў нейкіх вельмі канкрэтных тэмаў: сама літургія вядзе мяне ў абвяшчэнні асноўнага паслання веры, якое, безумоўна, упісваецца ў сённяшнія рэаліі, у якіх мы перш за ўсё жадаем імкнуцца да супрацоўніцтва паміж народамі і шукаць магчымыя шляхі да прымірэння і міру.

— Як Папа Вы нясеце адказнасць за Касцёл ва ўсім свеце. Аднак Ваш візіт, безумоўна, прымушае засяродзіць увагу на становішчы католікаў у Германіі. Цяпер усе назіральнікі згодныя ў тым, што атмасфера пануе добрая, дзякуючы таксама Вашаму выбару. Але зразумела, што старыя праблемы засталіся, і вось усяго некалькі прыкладаў: усё менш становіцца практыкуючых вернікаў, зніжаецца колькасць хростаў, змяншаецца агульны ўплыў на грамадскае жыццё. Як Вы бачыце сённяшнюю сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Германіі?

— Перш за ўсё я б адзначыў, што Германія — гэта частка Захаду, хоць і са сваім характэрным каларытам, а мы ў заходнім свеце сёння перажываем новую хвалю радыкальнага асветніцтва і секулярызацыі, як гэта можна было б назваць. Верыць стала цяжэй, таму што свет, у якім мы жывем, цалкам створаны намі самімі, і ў ім Бог, так бы мовіць, ужо больш не аб’яўляецца непасрэдна. Мы больш не п’ем з крыніцы, а спажываем тое, што нам даюць ужо налітым у начынне. Людзі стварылі для сябе свой свет, і знайсці Яго ў гэтым свеце стала цяжка. Гэта характэрна не толькі для Германіі, гэтая з’ява мае месца ва ўсім свеце, а асабліва ў заходнім. З другога боку, сёння на Захад аказваюць моцны ўплыў іншыя культуры, у якіх першапачатковы рэлігійны элемент вельмі моцны і якія прыводзіць у жах тая абыякавасць у адносінах да Бога, з якой яны сутыкаюцца на Захадзе. Гэтая прысутнасць сакральнага ў іншых культурах, няхай сабе і па-рознаму прыхаваная, нанава закранае заходні свет, закранае нас, бо мы знаходзімся на скрыжаванні вялікай колькасці культураў. Таксама на Захадзе і ў Германіі з глыбіні чалавечай душы зноў і зноў паўстае патрабаванне чагосьці «большага». Мы бачым гэта ў моладзі, якая шукае гэтага «большага»: пэўным чынам, так бы мовіць, рэлігія як з’ява вяртаецца, нават калі часта гаворка хутчэй ідзе пра нявызначаны пошук. Але пры ўсім гэтым ізноў прысутнічае Касцёл, і вера прапануецца як адказ. Я думаю, што менавіта гэты візіт, як і папярэдні ў Кёльн, будзе добрай нагодаю паказаць, як цудоўна верыць, што радасць адной вялікай сусветнай супольнасці азначае падтрымку, што за ёю стаіць штосьці важнае, што разам з новымі ініцыятывамі пошуку адкрываюцца і новыя магчымасці веры, якія вядуць нас адных да другіх і якія з’яўляюцца станоўчымі таксама для грамадства ў цэлым.

— Святы Ойча, у мінулым годзе Вы былі ў Кёльне на сустрэчы з моладдзю, і, спадзяюся, таксама адчулі, што моладзь незвычайным чынам гатовая прыняць і што Вас асабіста яна прыняла вельмі добра. У гэтым будучым падарожжы Вы, магчыма, скіруеце спецыяльнае пасланне таксама і да моладзі?

— Перш за ўсё хачу сказаць: я вельмі шчаслівы, што ёсць маладыя людзі, якія хочуць сустракацца, хочуць быць разам у веры і жадаюць рабіць штосьці добрае. Гатоўнасць моладзі рабіць дабро вельмі моцная, тут дастаткова згадаць разнастайныя формы валанцёрства. Намаганні самім зрабіць нейкі асабісты ўнёсак перад абліччам патрэбаў свету — гэта вялікая рэч. Таму першым штуршком можа быць падтрымка ў гэтым: ідзіце наперад! Шукайце нагодаў рабіць дабро! Свету патрэбная гэтая добрая воля, яму патрэбныя гэтыя высілкі! Пасля гэтага, магчыма, такімі будуць асаблівыя словы: майце адвагу прымаць канчатковыя рашэнні! У моладзі ёсць шмат велікадушнасці, але перад абліччам рызыкі прысвяціць сябе на ўсё жыццё або ў сужэнстве, або ў святарстве ў яе з’яўляецца страх. Свет увесь час ідзе наперад, і гэты рух поўны драматызму. Ці магу я ўжо цяпер распараджацца ўсім маім жыццём з усімі яго будучымі падзеямі, якія немагчыма прадбачыць? Прымаючы канчатковае рашэнне, ці не звязваю я сваёй свабоды і ці не пазбаўляю сябе магчымасці змяняцца? Абудзіць адвагу не баяцца канчатковых рашэнняў, якія на самай справе з’яўляюцца адзінаю магчымасцю росту, шляхам наперад, да дасягнення чагосьці вялікага ў жыцці; якія адзіныя не разбураюць свабоды, але даюць ёй правільны кірунак у прасторы; не баяцца рызыкі скокнуць, калі так можна сказаць, у вызначанасць і такім чынам прыняць паўнату жыцця — гэта тое, што я быў бы рады сказаць.

— Як біскуп Рыма Вы з’яўляецеся наступнікам святога Пятра. Як павінна выглядаць Пятрова служэнне, каб быць у адпаведнасці з цяперашнім часам? Як Вы бачыце адносіны напружання і раўнавагі паміж першынством Папы, з аднаго боку, і прынцыпам біскупскай калегіяльнасці, з другога?

— Адносіны напружання і раўнавагі, безумоўна, існуюць, нават павінны існаваць. Разнастайнасць і адзінства павінны ўвесь час нанава знаходзіць свае суадносіны, і гэтыя суадносіны на фоне зменаў сітуацыі ў свеце павінны аднаўляцца. Сёння мы маем справу з новым шматгалоссем культураў, у якіх Еўропа ўжо не мае адзінага вызначальнага голасу, але хрысціянскія супольнасці з розных кантынентаў набываюць цяпер сваю вагу, свой асаблівы каларыт. Мы павінны ўвесь час нанава вучыцца такому сумеснаму дзеянню. Для гэтага мы развілі розныя механізмы. Так званыя візіты біскупаў ad limina, якія заўсёды ў нас існавалі, сёння выкарыстоўваюцца яшчэ больш плённа, каб сапраўды паразмаўляць з усімі інстанцыямі Святога Пасаду, а таксама са мною. Я ўжо меў магчымасць размаўляць амаль з усімі афрыканскімі біскупамі і са многімі азіяцкімі. Цяпер будуць прыязджаць біскупы з Цэнтральнай Еўропы, з Германіі і Швецарыі, і ў гэтых сустрэчах, у якіх цэнтр сустракаецца з перыферыяй у шчырым абмене меркаваннямі, развіваюцца належныя ўзаемаадносіны ва ўраўнаважаным напружанні. У нас ёсць таксама і іншыя механізмы, такія як Сінод, Кансісторыя, якія я маю намер рэгулярна праводзіць і якія хацеў бы развіваць. На іх можна таксама разам абмяркоўваць актуальныя праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння, не прытрымліваючыся занадта строга рэгламенту. З аднаго боку, мы ведаем, што Папа ні ў якім выпадку не з’яўляецца абсалютным манархам, але ён павінен, так бы мовіць, увасабляць цэлае ў калектыўным слуханні Хрыста. Але ўсведамленне таго, што патрэбна інстанцыя, якая будзе яднаць, якая забяспечыць незалежнасць ад палітычных сілаў і дасць гарантыю таго, што хрысціянскасць не будзе занадта атаясамлівацца з нацыянальнай прыналежнасцю, менавіта ўсведамленне таго, што для гэтага неабходна вышэйшая і ўсеабдымная інстанцыя, якая стварае адзінства ў дынамічнай інтэграцыі цэлага, а, з другога боку, прымае, успрымае і падтрымлівае разнастайнасць, гэтае ўсведамленне вельмі моцнае. Таму я лічу, што ў гэтым сэнсе існуе шчыльная сувязь з Пятровым служэннем у жаданні надалей развіваць яго ў адпаведнасці з воляю Пана і патрабаваннямі часу.

— Германія, радзіма Рэфармацыі, — гэта краіна, дзе асабліва праяўляюцца міжканфесійныя адносіны. Экуменічныя кантакты з’яўляюцца вельмі далікатнай матэрыяй, якую час ад часу сустракаюць цяжкасці. Якія Вы бачыце магчымасці паляпшэння адносінаў з Евангелічнай Царквою і якія цяжкасці бачыце на гэтым шляху?

— Перш за ўсё неабходна адзначыць, што Евангелічная Царква з’яўляецца вельмі разнароднаю. У Германіі, калі я не памыляюся, існуюць тры асноўныя супольнасці: лютэране, рэфарматы і Пруская унія. Акрамя таго, сёння з’яўляецца шмат так званых вольных Цэркваў (Freikirchen), а ва ўлонні традыцыйных Цэркваў узнікаюць такія рухі, як «Царква веравызнаўцаў» і гэтак далей. Такім чынам, гаворка ідзе пра сукупнасць з многіх складаных частак, з якою ў пошуках адзінства мы павінны распачаць дыялог і развіваць супрацоўніцтва, з павагаю ставячыся да ўсяго мноства ўдзельнікаў гэтага дыялогу. У першую чаргу нам неабходна ў гэтым грамадстве ўсім разам пастарацца выразна паказаць вялікія этычныя арыенціры, самім знайсці іх і ўвесці ў жыццё, каб забяспечыць этычную еднасць грамадства, без чаго яно не можа дасягнуць канчатковай мэты палітыкі: справядлівасці для ўсіх, добрага суіснавання і міру. У гэтым кірунку робіцца ўжо нямала: перад абліччам вялікіх маральных выклікаў мы цяпер сапраўды аб’яднаныя дзякуючы супольнаму хрысціянскаму фундаменту. Безумоўна, гаворка ідзе таксама пра сведчанне пра Бога ў свеце, якому цяжка знайсці Яго, як мы ўжо казалі раней: даць убачыць Бога з чалавечым абліччам Езуса Хрыста, даючы такім чынам людзям доступ да тых крыніцаў, без якіх мараль выпустошваецца і губляе свае арыенціры. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб даваць радасць, бо мы не адны на гэтым свеце. Толькі так нараджаецца радасць ад велічы чалавека, які з’яўляецца не няўдалым вынікам працэсу эвалюцыі, а вобразам Божым. Мы павінны дзейнічаць у гэтых двух кірунках — у кірунку вялікіх этычных арыенціраў і ў кірунку, які паказвае — пачынаючы з гэтых арыенціраў і кіруючыся да іх — прысутнасць Бога, канкрэтнага Бога. Калі мы зробім гэта, і асабліва калі паасобныя супольнасці будуць імкнуцца не перажываць веру адасоблена, але заўсёды пачынаць з яе самых глыбокіх асноваў, тады, нават калі мы і не дасягнем так хутка знешніх праяваў адзінства, мы тым не менш будзем сталець у дасягненні ўнутранай еднасці, якая, калі на гэта будзе Божая воля, калісьці прынясе таксама знешняе адзінства.

— Пяройдзем да тэмы сям’і. Каля месяца таму Вы былі на Сусветнай сустрэчы сем’яў у Валенсіі. Тыя, хто Вас уважліва слухаў, (…) заўважылі, што вы ані разу не сказалі словаў «гомасексуальныя сужэнствы», не казалі пра аборты і кантрацэпцыю. Гэта падалося цікавым уважлівым назіральнікам. (...) Як Вы можаце гэта пракаментаваць?

— Канечне, так. Перш за ўсё неабходна сказаць, што абодва разы я меў па дваццаць хвілін на прамову, а калі ў кагосьці так мала часу, ён не можа пачаць, гаворачы «не». Перш за ўсё важна ведаць, чаго мы сапраўды хочам, ці ж не так? А хрысціянства, каталіцтва — гэта не збор забаронаў, а пазітыўны выбар. Вельмі важна, каб гэта зноў убачылі, таму што сёння ўсведамленне гэтага амаль цалкам знікла. Мы шмат чуем пра тое, што не дазволена, што цяпер трэба сказаць, але мы маем і нешта пазітыўнае і хочам гэта прапанаваць. Мужчына і жанчына створаны адно для аднаго, існуюць, так бы мовіць, ступені: сексуальнасць, эрас, агапэ, якія з’яўляюцца вымярэннямі любові, і на гэтым перш за ўсё будуецца сужэнства як поўная шчасця сустрэча мужчыны і жанчыны, а пасля — сям’я, якая забяспечвае пераемнасць пакаленняў, дзе яднаюцца розныя пакаленні і дзе нават могуць сустракацца паміж сабою культуры. Такім чынам, перш за ўсё неабходна падкрэсліць тое, што мы хочам. На другім месцы потым можна таксама ўбачыць, чаму некаторых рэчаў мы не хочам. Я лічу, варта прызнаць, што гэта не каталіцкае вынаходніцтва, што мужчына і жанчына створаны адно для аднаго, каб чалавецтва працягвала жыць: гэта добра вядома ўсім культурам. Што датычыцца абортаў, то яны адносяцца не да шостай, а да пятай запаведзі: не забівай! Мы павінны прызнаць гэта відавочным і заўсёды паўтараць: чалавечая асоба мае пачатак у мацярынскім улонні і застаецца чалавечаю асобаю да свайго апошняга ўздыху, а таму павінна заўсёды мець пашану як да чалавечай асобы. Але гэта становіцца больш зразумелым, калі напачатку было сказана нешта пазітыўнае.

— Святы Ойча, хрысціянства распаўсюдзілася па ўсім свеце, пачынаючы з Еўропы. Сёння многія з тых, хто вывучае гэтае пытанне, гавораць, што будучыня Касцёла — за іншымі кантынентамі. Ці гэта сапраўды так? Іншымі словамі, што чакае хрысціянства ў Еўропе, дзе яно, здаецца, зводзіцца да прыватных поглядаў меншасці.

— Перш за ўсё, мне б хацелася дадаць пэўнае адценне. Сапраўды, мы ведаем, што хрысціянства прыйшло з Блізкага Усходу. На працягу доўгага часу яго асноўнае развіццё адбывалася там і яно распаўсюдзілася ў Азіі нашмат шырэй, чым мы гэта сабе цяпер уяўляем пасля зменаў, прынесеных ісламам. З другога боку, менавіта з гэтай прычыны яго вось адчувальна перасунулася на Захад і ў Еўропу, а Еўропа — і мы з радасцю ганарымся гэтым — далей развіла хрысціянства ў яго вялікіх вымярэннях, таксама інтэлектуальных і культурных. Але я лічу, што важна памятаць пра хрысціянаў з Усходу, таму што ў наш час існуе небяспека таго, што яны, якія ўсё яшчэ застаюцца важнай меншасцю, цяпер эмігруюць. Існуе вялікая небяспека таго, што ў мясцінах, дзе хрысціянства нарадзілася, зусім не застанецца хрысціянаў. Я лічу, мы павінны шмат у чым дапамагчы ім, каб яны маглі застацца. Але вернемся да вашага пытання. Безумоўна, Еўропа стала цэнтрам хрысціянства і яго місіянерскага служэння. Сёння іншыя кантыненты, іншыя культуры на роўных правах уваходзяць у сугучнасць сусветнай гісторыі. Такім чынам павялічваецца колькасць галасоў у Касцёле, і гэта добра. Добра, што могуць праявіцца розныя характары, асаблівыя дары Афрыкі, Азіі і Амерыкі, у прыватнасці, Лацінскай Амерыкі. Безумоўна, усе закранутыя не толькі словам хрысціянства, але і секулярным пасланнем гэтага свету, што таксама і на іншыя кантыненты нясе раздзіраючае выпрабаванне, якое перажылі мы самі. Усе біскупы з іншых частак свету гавораць: нам усё яшчэ патрэбна Еўропа, нават калі цяпер Еўропа з’яўляецца толькі часткаю аднаго вялікага цэлага. Мы ўсё яшчэ нясем на сабе адказнасць. Наш вопыт, тэалагічныя навукі, якія тут развіліся, увесь наш літургічны вопыт, нашыя традыцыі, а таксама экуменічны вопыт, які мы назапасілі, — усё гэта вельмі важна для іншых кантынентаў. Таму неабходна, каб сёння мы не адступілі назад, кажучы: «Вось, мы ўсяго толькі меншасць, паспрабуем прынамсі захаваць гэтую невялікую колькасць». Мы, наадварот, павінны захаваць наш жывы дынамізм, адкрыцца для абмену, такім чынам, каб звонку да нас таксама ішлі новыя сілы. Сёння ў Еўропе ёсць індыйскія і афрыканскія святары, а таксама ў Канадзе працуе шмат святароў з Афрыкі, і гэта цікава. Гэта і значыць узаемна даваць і атрымліваць. Але калі ў будучыні мы будзем, хутчэй, атрымліваць, разам з тым мы павінны заўсёды захоўваць здольнасць даваць і развіваць неабходныя для гэтага мужнасць і дынамізм.

— Святы Ойча, паразмаўляем пра Вашыя падарожжы. Вы знаходзіцеся ў Ватыкане, магчыма, крыху воддаль ад людзей і аддзелены ад свету, таксама і тут, у прыгожым Кастэль Гандольфо. Але Вам ужо хутка споўніцца 80 гадоў. Ці плануеце Вы яшчэ, з Божаю дапамогаю, здзейсніць шмат падарожжаў? Ці маеце думкі адносна таго, куды паехаць? На Святую Зямлю, у Бразілію? Вы ўжо ведаеце гэта?

— (...) Безумоўна, існуюць, так бы мовіць, муры, якія перашкаджаюць доступу, але ёсць «пантыфікальная сям’я», шмат візітаў кожны дзень, асабліва калі я знаходжуся ў Рыме. Прыязджаюць біскупы, іншыя асобы, адбываюцца дзяржаўныя візіты, наведванні дзеячаў, якія хочуць мець са мною прыватную размову, прычым не толькі на палітычныя тэмы. У гэтым значэнні ў мяне вельмі шмат сустрэчаў, якія, дзякуючы Богу, адбываюцца ўвесь час. Важна, каб сядзіба Наступніка Пятра была месцам сустрэчаў, ці ж не так? З часоў Яна ХХІІІ маятнік пайшоў і ў другі бок: Папы таксама пачалі самі наносіць візіты. Я мушу сказаць, што не адчуваю ў сабе дастаткова сілаў для таго, каб запланаваць яшчэ шмат вялікіх падарожжаў, але туды, дзе гэта дасць мне магчымасць звярнуцца з пасланнем, дзе гэта будзе выклікана сапраўдным жаданнем, я ахвотна паеду, у тым графіку, які мне па сілах. Нешта ўжо прадбачыцца: у наступным годзе ў Бразіліі адбудзецца сустрэча Рады біскупаў Лацінскай Амерыкі, і я лічу, што там мая прысутнасць была б важным жэстам, беручы пад увагу, з аднаго боку, драматычныя падзеі, якія перажывае Паўднёвая Амерыка, а з другога боку, моцную надзею, якая ў той жа час жыве ў гэтым рэгіёне. Потым я хацеў бы наведаць Святую Зямлю і спадзяюся, што змагу ступіць на яе, калі там будзе панаваць мір. У астатнім жа — паглядзім, што дасць мне Божы Провід.

— Святы Ойча, у апошні час шмат гавораць пра новае захапленне каталіцтвам. Як Вы бачыце жыццёвы патэнцыял і будучыя магчымасці гэтага інстытута, з другога боку, такога старажытнага?

— Я б сказаў, што ўжо ўвесь пантыфікат Яна Паўла ІІ прыцягваў увагу людзей і яднаў іх. Тое, што адбылося ў момант яго смерці, з’яўляецца надзвычайным гістарычным феноменам: сотні тысяч людзей арганізавана ішлі да плошчы Святога Пятра, гадзінамі стаялі на нагах і замест таго, каб падаць ад стомленасці, трывалі пад уздзеяннем унутранага імпульсу. Потым мы зноў перажылі гэтае падчас інаўгурацыі майго пантыфікату, а пасля — у Кёльне. Вельмі прыгожа, што вопыт супольнасці ў той жа час становіцца вопытам веры, што супольнасць адчуваецца не толькі ў пэўным месцы, а што гэтае адчуванне становіцца больш жывым менавіта там, дзе ёсць месцы веры, дзякуючы чаму ва ўсім ззянні праяўляецца таксама каталіцкасць. Відавочна, што гэта павінна працягвацца таксама і ў штодзённым жыцці. Дзве рэчы павінны ісці поруч. З аднаго боку, вялікія моманты, падчас якіх узнікае адчуванне, што добра быць тут, што Пан прысутнічае, а мы ўтвараем вялікую супольнасць, аб’яднаную, нягледзячы ні на якія межы. Але з гэтага, безумоўна, трэба чэрпаць запал, каб вытрываць цяжар вандравання праз штодзённасць і смела ісці наперад, пачынаючы з гэтых светлых пунктаў і запрашаючы такім чынам таксама іншых далучыцца да вандроўнай супольнасці. Я хацеў бы скарыстаць гэтую магчымасць, каб сказаць, што мяне прымушае чырванець усё тое, што робіцца для падрыхтоўкі майго візіту, усё, што людзі цяпер робяць. Мой дом быў нанава пафарбаваны, у вучэльні аднавілі плот, прычым у гэтым удзельнічаў евангелійскі выкладчык рэлігіі, і гэта толькі невялікія падрабязнасці, якія, тым не менш, з’яўляюцца знакам вялікіх рэчаў, якія адбываюцца. Я лічу гэта чымсьці надзвычайным і не адношу да сябе, але лічу знакам жадання належаць да супольнасці веры і служыць адзін аднаму. Праявы салідарнасці і паслухмянасць Божым натхненням у гэтай справе кранаюць мяне, і я хацеў бы за гэта шчыра падзякаваць.

Пераклад з італьянскай мовы
М. Гракава.