У Пінскай дыяцэзіі працягваецца кананічная візітацыя, якая распачалася ў мінулым годзе і ўжо прайшла ў парафіях Баранавіцкага дэканата. У верасні адбылася візітацыя Пружанскага дэканата, праведзеная Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі кардыналам Казімірам Свёнткам і дапаможным біскупам дыяцэзіі Казімірам Велікасельцам.

Асабліваю яна была ў Пружанах, бо ў пружанскай святыні будучы кардынал распачынаў святарскую дзейнасць: працаваў вікарыем. Тут яго першы раз арыштавалі, сюды ён вярнуўся з камеры смяротнікаў, калі распачалася вайна, з гэтай жа парафіі змушаны быў выправіцца па гулагаўскіх этапах...

Таму ў сэрцы душпастыра кожны візіт у Пружаны знаходзіць асаблівы водгук і выклікае асаблівыя ўспаміны-згадкі: «Калі я прыязджаю ў Пружаны і ўваходжу ў касцёл, – сказаў, распачынаючы візітацыю Яго Эмінэнцыя, – здаецца, адчуваю сябе толькі вікарыем: іначай не атрымліваецца. І таму, паверце, не так лёгка мне сёння прамаўляць да вас: я хачу захаваць кардынальскую паважнасць, але адначасова ўва мне адгукаецца тое, далёкае, калі я быў толькі вікарыем. І таму прыміце мяне такім, якім я быў тады і якім я ёсць сёння, бо я не змяніўся, а толькі апрануў іншае адзенне».

Са шчырай цікавасцю вернікі слухалі візітацыйную гамілію кардынала Казіміра Свёнтка, якую былы вікарый парафіі прысвяціў Божай любові і асабістаму досведу яе праяваў.

Гэтая візітацыя стала яшчэ адною добраю нагодаю парадавацца адраджэнню каталіцкай веры не толькі ў адной асобна ўзятай парафіі, але і ў цэлым краі, адраджэнню, дзеля якога так шмат зрабіў менавіта ён, кардынал Казімір Свёнтэк, стаўшы яго жывым сімвалам.

«Богам дадзена мне было ўжо 67 гадоў быць святаром. Гэта шмат часу, я многа пабачыў, многае перажыў. І ўсім сваім жыццём я абавязаны Божай любові, Божай міласэрнасці, Яго дабрыні. Гэтыя сведчанні, што Бог з’яўляецца любоўю, бясспрэчныя, рэальныя, зразумелыя для сляпых і для глухіх, для веруючых і няверуючых, — сказаў кардынал. — Няхай жа сённяшні ваш удзел у кананічнай візітацыі стане аднаўленнем, умацаваннем, узрастаннем перакананасці, поўнай перакананасці і веры ў Божую любоў. Я хачу, каб пасля сённяшняй візітацыі вы пайшлі далей па жыцці, перапоўненыя гэтай Божай любоўю, каб вы глыбока даверыліся Божай любові. Няхай кожны з нас, выходзячы сёння з гэтай святыні, возьме з сабой у душу, у сваё сэрца Божую любоў. І з ёю пойдзе ў далейшае жыццё. Пойдзе з Тым Езусам, які дзень і ноч прабывае сярод нас.

І гэта будзе самы лепшы і самы дзейсны вынік кананічнай візітацыі».

Пасля св. Імшы Яго Эмінэнцыя сустрэўся з дзецьмі і з моладдзю парафіі, заахвоціў іх да малітваў за святарскія і манаскія пакліканні.

Фоторэпартаж
Міколы Новікава