(паводле польскага малітоўніка пач. XX ст.)

У імя Айца і Сына, і Духа Святога,
Францішкаў закон пачынаўся ад Бога.

Магутную зброю святы гэты меў —
нягоды, пакору цярпліва цярпеў.

Купецкі быў сын са святога Асізі.
Для Божае хвалы сябе ён унізіў.

З багатага места, з багатага роду,
аддаць усё бедным ён меў асалоду.

Што бацька заробіць, прадаўшы выгодна,
сын тое аддасць пагарджаным, галодным.

Купец зазлаваў: «Куды грошы падзеў?»
Да біскупа ў двор на разборку вядзе.

Францішак скідае з плячэй бацькаў плашч:
«Каторы на небе — той ёсць Ойча наш...»

Здзіўляецца біскуп: вось гэта дык сын!
У слаўным Асізі такі ён адзін:
зняў плашч — перад светам застаўся бядак,
ад бацькавых ліраў адмовіўся так.

Вялебны айцец даў Францішку свой плашч,
бо ён сказаў праўду, што Бог — Ойча наш...

Пасты і пакуты цярпеў ён шмат дзён —
прыдумаў Францішак тым часам закон.

Закону суровы стварае статут,
да рымскага Папы з ім едзе на суд.

Ды Папа на подпіс статут не прыняў.
А ўночы Бог Папу паказвае знак:
базыліку на Латэране трымаў
на моцных плячах гэты самы жабрак!

Статут выглядае нармальна зусім,
і Папа паставіў пячатку на ім.

Закон францішканаў жыццё распачаў.
У справах святых яму Божа спрыяў.

Францішак сабраў сваіх меншых братоў,
як Езус, дванаццаць пакуль іх знайшоў.

З братамі, з Евангеллем йдзе да паган,
тлумачыць, што Езус — адзін Бог і Пан.

Пагане Францішка вязнілі ў турму,
крышынкі не ўкінулі ў лёхі яму.

Францішак ад голаду там не памёр,
карміў яго хлебам малітвы анёл.

З няволі вярнуўся святы да братоў,
сабраў іх, у бор на малітву павёў.

І слухалі птушкі, звяры, паўзуны,
і песні святыя спявалі з людзьмі.

З прыгожымі псальмамі выйшлі на пляц,
збіралі каменне касцёл будаваць.

Маленькі — парцьюнкуле — як Божы цуд.
Малітвай грахі адпускаюцца тут.

Касцёл збудавалі, як песню, як звон...
А Клара дзявочы стварыла закон.

Ружанец прыдумаў святы Дамінік,
і новы закон з Дамінікам узнік.

Бэрнард свой інтэрас давёў да канца,
пайшлі бэрнардыны ад брата-купца.

Маліцца збіраюцца сёстры, браты...
аж цемра палае ад слоў яснаты.

За псальмы святыя ў касцёле, ў бары
святога Францішка Пан Бог абдарыў:
святыя стыгматы, сляды Божых ран,
на рукі і ногі паклаў яму Пан.

І бок левы ранай крываваю стаў —
так ласку пакуты Пан Бог яму даў.

І з гэткаю болесцю доўга жыве,
і дзякуе Богу, і псальмы пяе.

Пакрыўджаных лечыць звяркоў, паўзуноў
і соваў, і жаўранкаў, і кажаноў.

Праказай зламаных, без рук і без ног,
малітваю члункі ім вырасціць мог.

І так ён малітваю свет ратаваў,
пакуль да сябе яго Божа не ўзяў...

Жаўронкі паселі на ружаў кусты,
прыгожыя псальмы запелі браты.
Пад псальмы святыя ён вочы закрыў,
на жаўранкаў крылцах на неба паплыў...

Дай, Божанька добры, і нам так пражыць,
адзнакі пакутаў Тваіх заслужыць.
Прышлі нам сястрыцу цялесную смерць,
каб з неба з Табой на зямельку глядзець.

Данута Бічэль