РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Пры звеставанні Марыя, праяўляючы «паслухмянасць веры» ў адносінах да Таго, хто прамаўляў да Яе словамі свайго вестуна, — дзякуючы «поўнай пакорлівасці розуму і волі Богу, які аб’яўляе сябе», — у поўні даверылася Богу. Такім чынам, Яна адказала ўсім сваім чалавечым, жаночым «я». У гэтым адказе веры было заключана дасканалае супрацоўніцтва «з ласкаю Божаю, далікатнаю і дапаможнаю», а таксама дасканалая ўспрымальнасць на дзеянне Духа Святога, які «сваімі дарамі пастаянна ўдасканальвае веру» (энцыкліка «Redemptoris Mater, 12»).

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

У духу любові Марыя накіроўваецца да сваёй сваячкі. У адказ на прывітанне Марыі Альжбета, «напоўненая Духам Святым», адчуўшы, як асабліва заварушылася дзіцятка ў яе ўлонні, гучна вітае Марыю: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі, і благаслаўлёны плод улоння Твайго» (пар. Лк 1, 40–42). (...) Альжбета дае сведчанне Марыі — распазнае і абвяшчае, што перад ёю стаіць Маці Пана, Маці Месіі (энцыкліка «Redemptoris Mater, 12»).

3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста

Калі заззяла світанне збаўлення, вестка пра нараджэнне Дзіцяці была абвешчана як радасная навіна: «Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». Крыніцай гэтай «вялікай радасці» з’яўляецца, безумоўна, прыйсце на свет Збаўцы. Але Божае Нараджэнне адкрыла таксама глыбокі сэнс нараджэння кожнага чалавека: месіянская радасць — гэта фундамент і спаўненне той радасці, якую прыносіць кожнае дзіця, якое з’яўляецца на свет (энцыкліка «Evangelium vitae», 1).

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

Марыя, калі нарадзіла Божага Сына, у нейкім сэнсе была першай, хто адараваў Яго прысутнасць сярод людзей. Разам з Юзафам Яна занесла Божае Дзіця ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу ў адпаведнасці з прадпісаннямі Закону. Ужо тады Бог аб’явіў Марыі праз вусны Сімяона, што меч болю пройдзе праз Яе душу, калі Сын станецца знакам, якому супраціўляцца будуць, прызначаным «на падзенне і на паўстанне многіх». Гэта было прадказанне саўдзелу Марыі ў збаўчай справе Хрыста — Святара і Ахвяры, — якая павінна была здзейсніцца на Галгофе (15.08.1996 г.).

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Радасным і адначасова драматычным з’яўляецца апавяданне пра дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Тут Ён аб’яўляецца ў сваёй Боскай мудрасці і, урэшце, як Той, хто вучыць. Аб’яўленне ў ім таямніцы Сына, які цалкам аддадзены справам Айца, з’яўляецца прадказаннем евангельскага радыкалізму, які перад абліччам суровых патрабаванняў Валадарства выходзіць за межы нават найбольш сардэчных чалавечых сувязяў. Нават Юзаф і Марыя, устрывожаныя і занепакоеныя, «не зразумелі таго, што Ён сказаў ім» (Апостальскі ліст «Rosarium Virginis Mariae, 20»).

 
ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

1. Хрост Пана Езуса ў Ярдане

«Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». Менавіта гэты Сын — якога Айцец бязмежна ўпадабаў, — становіцца разам з грэшнікамі. Разам з імі Ён прымае хрост пакаяння. «Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў». Спаўненне гэтага задання прывядзе Яго, урэшце, на крыж. Ужо на рацэ Ярдан Ян гаворыць пра гэта, калі ўсклікае: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету» (10.01.1993 г.).

2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

«Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Маці Хрыста становіцца для людзей выразніцай волі Сына, указваючы на тыя патрабаванні, якія павінны быць выкананы для таго, каб магла аб’явіцца збаўчая моц Месіі. У Кане, дзякуючы заступніцтву Марыі і паслухмянасці слугаў, Езус распачаў «свой час». У Кане Марыя з’яўляецца як веруючая ў Езуса: Яе вера выклікае першы «знак» і садзейнічае абуджэнню веры ў вучнях (энцыкліка «Redemptoris Mater, 21»).

3. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання

«Настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле». Езус Хрыстус быў пасланы ад Айца, каб «абвяшчаць добрую навіну ўбогім». Ён быў і застаецца першым яе вестуном, першым евангелізатарам. (...) Праз цэласнасць сваёй місіі, праз усё, што чыніць і чаму вучыць, урэшце, праз свой крыж і ўваскрасенне Ён «аб’яўляе чалавеку самога чалавека», адкрывае перспектывы гэтага шчасця, да якога Бог паклікаў і прызначыў чалавека ад пачатку (27.04.1988 г.).

4. Перамяненне Пана на гары Табор

«і перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца». Евангельскую сцэну перамянення Хрыста, у якой трое апосталаў — Пётр, Якуб і Ян — здаецца, нібы захопленыя прыгажосцю Адкупіцеля, можна прыняць за ікону хрысціянскай кантэмпляцыі. Скіраваць позірк на аблічча Хрыста, распазнаць Яго таямніцу ў звычайным, балесным шляху Яго чалавечнасці, пакуль не ўбачыш Боскае ззянне, канчаткова аб’яўленае ў Уваскрослым, які сядзіць у хвале праваруч Айца, — гэта заданне кожнага вучня Хрыста, а, значыць, і нашае заданне (Апостальскі ліст «Rosarium Virginis Mariae, 9).

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

«Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана». «Гэта Келіх Крыві Маёй, якая за вас і за многіх будзе праліта». (...) Сапраўднае ўшанаванне Эўхарыстыі становіцца школай дзейснай любові бліжняга. Мы ведаем, што такім з’яўляецца сапраўдны і поўны парадак любові, якому навучыў нас Пан: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». Эўхарыстыя выхоўвае нас у гэтай любові найбольш глыбока, бо паказвае, якую каштоўнасць у вачах Бога мае кожны чалавек, паколькі кожнаму аднолькава Хрыстус дае сябе самога ў постацях хлеба і віна. Калі мы практыкуем сапраўдны культ Эўхарыстыі, у нашых вачах павінна расці годнасць кожнага чалавека (Апостальскі ліст «Dominicae cenae», 6).

 
БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным

Езус — як у жыцці, так і ў смерці, — ахвяраваў сябе Айцу ў поўні паслухмянасці (...). У Садзе Аліўным мы бачым, якой балеснай была гэтая паслухмянасць: «Ойча, калі Твая воля, пранясі келіх гэты міма Мяне, аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца». У гэты момант Хрыстус перажывае агонію душы, якая нашмат больш балесная за агонію цела. (...) Гэтым шляхам Езус набліжаецца да смерці як найвышэйшага акту паслухмянасці: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». (...) Гэтая паслухмянасць з’яўляецца адначасова праявай бясконцай любові, якая яднае Сына з Айцом (19.10.1988 г.).

2. Бічаванне Езуса

«Пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж болесці і дасведчаны ў хваробах», Езус паказаў усю праўду, заключаную ў прароцкіх словах: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Праз тое, што стаў «Мужам болесці», Езус устанавіў новую салідарнасць Бога з цярпеннямі людзей. Адвечны Сын Бога, з’яднаны з ім у вечнай хвале, стаўшы чалавекам, абсалютна не дабіваўся ні прывілеяў зямной хвалы, ні вызвалення ад болю, але ўступіў на шлях крыжа, выбраў цярпенні не толькі фізічныя, але і маральныя, якія спадарожнічалі Яму ажно да смерці (19.10.1988 г.).

3. Укаранаванне Езуса цернем

Хрыстус, які церпіць — паводле словаў сучаснага паэта, «святы, які церпіць», і таму Яго цярпенне мае невымоўную глыбіню, — несумненна, найбольш нявінны, найбольш бязгрэшны сярод усіх Ёваў, сярод усіх, хто церпіць не па сваёй віне. Толькі Хрыстус сапраўды без граху, больш за тое, Ён ніякім чынам не можа ўчыніць граху. Таму Ён з’яўляецца адзіным, хто абсалютна не заслугоўвае цярпення. Адначасова Ён найбольш бясспрэчна прымае гэтае цярпенне — прымае дабравольна і з любоўю (09.11.1988 г.).

4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Мы стаім тут з упэўненасцю, што крыжовы шлях Сына Божага не быў проста набліжэннем да месца мукі. Мы верым, што кожны крок Асуджанага, кожны Яго жэст і кожнае слова, а таксама ўсё тое, што перажывалі і што ўчынілі ўдзельнікі гэтай трагедыі, нястомна прамаўляе да нас. Праз сваю муку і смерць Хрыстус адкрывае перад намі праўду пра Бога і пра чалавека. (...) Такім чынам крыж — знак ганебнай смерці, прызначаны для самай нізкай катэгорыі людзей, — стаў ключом. З гэтага часу пры дапамозе гэтага ключа чалавек будзе адкрываць дзверы глыбіні Божай таямніцы (Крыжовы шлях Юбілейнага 2000 года).

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

«Споўнілася!» Паводле Евангелля святога Яна, такімі былі словы Езуса перад самай смерцю. Апошнія словы. У іх заключана ўсведамленне таго, што Ён да канца споўніў справу, дзеля якой быў пасланы ў свет. Гэта не столькі ўсведамленне спаўнення ўласных планаў, колькі, хутчэй, пачуццё спаўнення волі Айца, паслухмянасці ажно да прынясення сябе ў поўнай ахвяры на крыжы. Езус, які памірае, паказвае нам, чым павінна быць смерць кожнага чалавека: увянчаннем даверанай яму справы, каб споўніўся Божы план. Гэтаму з вышыні крыжа вучыць нас Езус (07.12.1988 г.).

 
ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Уваскрасенне Хрыста

Уваскрасенне з’яўляецца перадусім пацверджаннем усяго таго, што сам Хрыстус «рабіў і чаму вучыў». Яно было Боскай пячаткай, пастаўленай на Яго словах і Яго жыцці. Ён сам указаў вучням і праціўнікам гэты апошні знак праўды. Анёл каля грабніцы нагадаў гэта жанчынам на світанні «першага дня тыдня»: «Ён уваскрос, як і сказаў». Калі гэтае Яго слова і абяцанне аказаліся праўдай, то і ўсе іншыя Яго словы і абяцанні маюць моц вечнай праўды, як Ён сам сказаў: «Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне» (08.03.1989 г.).

2. Унебаўшэсце Хрыста

Паводле Дзеяў Апосталаў, Езус «узнёсся на неба» на Аліўнай Гары. (...) Такім чынам, Аліўная Гара, якая была месцам духоўнай агоніі Езуса, з’яўляецца таксама месцам апошняга кантакту Уваскрослага з невялікай групкай вучняў у хвіліну ўнебаўшэсця. Гэта адбываецца пасля яшчэ аднаго прадказання спаслання Духа Святога, дзеянне якога пераменіць гэтую групку ў Касцёл і ўзвядзе яе на шляхі гісторыі. Такім чынам, Унебаўшэсце з’яўляецца падзеяй, якая замыкае жыццё і зямную місію Хрыста. Пяцідзесятніца будзе першым днём жыцця і дзеяў «Ягонага Цела, якім ёсць Касцёл» (12.04.1989 г.).

3. Спасланне Духа Святога

«Калі ж здзейснілася справа, выкананне якой Айцец даверыў Сыну на зямлі, у дзень Пяцідзесятніцы быў спасланы Дух Святы, каб Касцёл безупынна асвячаўся, і веруючыя праз Хрыста ў адным Духу мелі доступ да Айца. Менавіта Ён з’яўляецца Духам жыцця, гэта значыць, крыніцай вады вечнага жыцця; праз Яго Айцец ажыўляе людзей, памерлых з-за граху, пакуль не ўваскрэсіць у Хрысце іх смяротныя целы» (энцыкліка «Dominum et Vivificantem, 25»).

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

У таямніцы Унебаўзяцця праяўляецца вера Касцёла ў тое, што Марыя з’яднаная з Хрыстом «цеснай і непарыўнай сувяззю», бо калі як Маці-Дзева Яна была асабліва з ім з’яднаная падчас Яго першага прыйсця, то праз сталае супрацоўніцтва з ім Яна таксама будзе з’яднаная з ім у чаканні другога прыйсця; «адкупленая больш узнёсла па прычыне заслугаў свайго Сына», Яна мае таксама гэтае заданне, а менавіта — заданне Маці, пасрэдніцы ласкі ў гэтым апошнім прышэсці, калі будуць ажыўлены ўсе, хто належыць Хрысту, калі «як апошні вораг будзе знішчана смерць» (энцыкліка «Redemptoris Mater», 41).

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

Маці Хрыста мы праслаўляем «як Каралеву ўсяго». Тая, якая пры звеставанні назвала сябе «слугою Пана», была да канца вернай таму, што заключана ў гэтых словах. Гэтым жа Яна пацвердзіла, што з’яўляецца сапраўднай вучаніцай Хрыста, які так выразна падкрэсліваў службовы характар сваёй місіі: Сын чалавечы «прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх». Такім чынам, Марыя стала першай сярод тых, хто «служыць Хрысту ў бліжніх і прыводзіць братоў сваіх пакораю і цярплівасцю да Валадара, служыць якому азначае валадарыць», і Яна ў поўні дасягнула гэтага «стану каралеўскай свабоды», які ўласцівы вучням Хрыста: служыць — азначае валадарыць! (энцыкліка «Redemptoris Mater», 41).