Пілігрымка Бэнэдыкта XVI у Баварыю

«Хто верыць, ніколі не бывае самотны» — пад такім дэвізам з 9 па 14 верасня 2006 г. праходзіла пілігрымка Папы Бэнэдыкта XVI у Баварыю. У ходзе гэтага падарожжа на малую радзіму Святы Айцец наведаў Мюнхен, Альтэттынг, Рэгенсбург, Фрайзінг і сваё роднае мястэчка Марктль-на-Іне.

Візіт распачаўся з аэрадрома ў Мюнхене, дзе Папу сустракалі прэзідэнт Германіі Хорс Келер, федэральны канцлер Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Баварыі Эдмунд Штойбер, вышэйшае духавенства краіны і вернікі. На наступны дзень Папа цэлебраваў на Новым кірмашы (Neuen Messe) святую Імшу, у якой удзельнічалі каля 250 тысяч вернікаў. Прынамсі трэцюю частку сабраных складала моладзь. Пасля Літургіі Папа сустрэўся з дзецьмі, якія сёлета прынялі Першую Камунію, і іх бацькамі ў марыянскай катэдры, званай Фраўэнкірхе. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў ролю рэлігійнага выхавання ў сям’і, якое «дапамагае яшчэ больш з’яднаць сям’ю і дае ёй належны стрыжань».

11 верасня Святы Айцец накіраваўся ў Альтэттынг — найбольш важны марыйны санктуарый у Баварыі. Там Папа правёў пэўны час адзін у малітве ў Цудоўнай капліцы, пасля чаго цэлебраваў св. Імшу. У гаміліі ён падкрэсліў, што ў Марыі мы павінны вучыцца пакоры, велікадушнасці і даверу да Бога, «каб не навязваць Богу сваю волю і жаданні, а дазволіць Яму ўчыніць тое, што захоча Ён». Потым Святы Айцец наведаў мястэчка Марктль-на-Іне. Там ён маліўся ў касцёле св. Освальда, дзе калісьці быў ахрышчаны, а пасля Папу можна было ўбачыць на вуліцах роднага мястэчка: ён вітаўся з пілігрымамі, якія прыехалі на сустрэчу з ім.

Наступны дзень распачаўся для Папы св. Імшой, якую ён цэлебраваў на Іслінгскім полі непадалёк ад Рэгенсбурга. Гэтая Імша стала святам маладых католікаў з усёй краіны, а ўсяго ў Эўхарыстыі бралі ўдзел каля 70 тысяч пілігрымаў. У другой палове дня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з навукоўцамі ў Рэгенсбургскім універсітэце. Асноўнай тэмай прачытанай там Папам лекцыі «Вера, розум і універсітэт. Успаміны і роздумы» былі разважанні пра месца тэалогіі ў навуковым асяроддзі. Святы Айцец заклікаў да вяртання тэалогіі належнага месца ва універсітэце. Адразу пасля лекцыі Папа сустрэўся ў касцёле св. Ульрыха з прадстаўнікамі 16-ці хрысціянскіх Цэркваў і юдэйскай супольнасці, а апошні дзень сваёй пілігрымкі правёў у Фрайзінгу, дзе адбылася сустрэча з духавенствам з усіх баварскіх дыяцэзій і з вернікамі, якіх было каля 60 тысяч.

Галоўнай мэтай плігрымкі Святога Айца ў Баварыю было ўмацаванне веры суайчыннікаў. Папа абвяшчаў Евангелле не толькі словам, але таксама ўсім сваім выглядам, жэстамі, усмешкамі, працягнутай для прывітання рукою. Падчас знаходжання ў Баварыі Бэнэдыкт XVI таксама сустрэўся з родным братам — святаром Георгам Ратцынгерам — і наведаў могілкі, дзе пахаваны іх бацькі і сястра Марыя.

 
Папа не абражаў вызнаўцаў ісламу

Хваля пратэсту пракацілася ў мусульманскім свеце як рэакцыя на словы Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас выступлення ў Рэгенсбургскім універсітэце 12 верасня. Цытуючы фрагменты з філасофскага дыялогу XIV ст. паміж візантыйскім імператарам Мануілам ІІ Палеалогам і вучоным мусульманінам, між іншым, таксама на тэму джыхаду (святой вайны), Папа прывёў словы манарха пра тое, што нікога нельга навярнуць сілаю. У гэтым кантэксце Святы Айцец сказаў: «Бога не радуе кроў. Калі хтосьці хоча весці іншага чалавека да веры, яму патрэбныя здольнасці добра прамаўляць і адпаведна разважаць, без прымусу і пагрозаў». На жаль, словы Бэнэдыкта XVI былі няправільна зразуметыя многімі прадстаўнікамі мусульманскага свету, і ўжо пасля заканчэнне візіту ў Баварыю Святы Айцец быў вымушаны некалькі разоў тлумачыць, што ён ніякім чынам не жадаў пакрыўдзіць вызнаўцаў гэтай рэлігіі.

Заяву, якая акрэсліла стаўленне Святога Айца да ісламу, агучыў 16 верасня Дзяржаўны Сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У ёй былі працытаваны словы Бэнэдыкта XVI, якія ён сказаў у мінулым годзе падчас сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу мусульманскіх супольнасцяў у Кёльне: «Урокі мінулага павінны дапамагчы нам пазбягаць паўтарэння памылак. Мы прагнем шукаць шляхі да паяднання і навучыцца жыць, шануючы адметнасць адзін аднаго».

«Што да ацэнкі візантыйскага імператара Мануіла ІІ Палеалога, працытаванай падчас выступлення ў Рэгенсбургу, то Святы Айцец зусім не збіраўся падзяляць яе. Ён проста выкарыстаў гэтыя словы для таго, каб развіць — прычым у акадэмічным кантэксце, што відавочна пры поўным і ўважлівым прачытанні ўсяго тэксту, — некаторыя думкі на тэму адносінаў паміж рэлігіяй і прымусам і зрабіць выснову пра выразнае і радыкальнае адмаўленне ад рэлігійнага апраўдання прымусу, з якога боку ён бы ні сыходзіў».

25 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў у сваёй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфо дыпламатычных прадстаўнікоў некалькіх ісламскіх дзяржаваў, сярод якіх былі паслы Ірана, Турцыі і Марока. Сустрэча была арганізавана з мэтаю наладзіць дыялог паміж Касцёлам і ісламскім светам, а таксама паставіць кропку ў канфлікце, прычынаю якога сталі выказванні Папы.

Паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.