Міжрэлігійны і міжкультурны дыялог неабходны для таго, каб разам будаваць свет міру і братэрства, якога так горача жадаюць усе людзі добрай волі. У гэтай сферы нашы сучаснікі чакаюць ад нас выразнага сведчання, здольнага паказаць усім каштоўнасць рэлігійнага вымярэння існавання. Для гэтага неабходна, каб, захоўваючы вернасць сваім рэлігійным традыцыям, хрысціяне і мусульмане навучыліся працаваць разам, як гэта ўжо адбываецца ў шэрагу выпадкаў у нашай сумеснай практыцы, каб пазбягаць любых формаў неталерантнасці і супрацьстаяць усялякім праявам насілля; а мы, рэлігійныя лідэры і палітычныя кіраўнікі, павінны весці іх у гэтым кірунку і заахвочваць так паступаць. Сапраўды, узгадваючы словы Сабору: «Хоць на працягу стагоддзяў паміж хрысціянамі і мусульманамі ўзнікала нямала нязгоды і варожасці, Святы Сабор заклікае ўсіх забыцца пра мінулае і шчыра імкнуцца да ўзаемаразумення, а таксама разам абараняць і развіваць для ўсіх людзей сацыяльную справядлівасць, маральныя каштоўнасці, мір і свабоду» (Дэкларацыя Nostra aetate, 3). Такім чынам, урокі мінулага не могуць не дапамагчы нам у пошуку шляхоў да прымірэння, каб у духу павагі да асаблівасці і свабоды кожнага мы распачалі плённае супрацоўніцтва ў служэнні ўсяму чалавецтву. Як Папа Ян Павел ІІ падкрэсліў у сваёй незабыўнай прамове да моладзі ў Касабланцы, у Марока, «узаемапавага і дыялог патрабуюць узаемнасці ва ўсіх сферах, асабліва ж у тым, што датычыцца асноўных свабодаў і, у прыватнасці, рэлігійнай свабоды. Яны спрыяюць міру і паразуменню паміж народамі».

З прамовы падчас сустрэчы
з прадстаўнікамі мусульманскіх краінаў.
Кастэль Гандольфо, 25 верасня 2006 г.