XXVІ звычайная нядзеля — 1 кастрычніка 2006 г.

Чытанні: Ліч 11, 25–29;
Пс 19 (18); Як 5, 1–6.

Евангелле (Мк 9, 38–43. 45. 47–48):

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.

У разважанні над сённяшнім евангельскім тэкстам мы засяродзімся на двух аспектах. Першы з іх — гэта зайздрасць апосталаў. Ім не падабаецца, што хтосьці, хто не ходзіць з імі, чыніць незвычайныя рэчы ў імя Хрыста: «мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». Езус ведае, што сказаць ім на гэта. Ён без ваганняў разрывае вузкае кола апосталаў, максімальна пашыраючы яго: «хто не супраць нас, той з намі». Езус не любіць нявызначанасці і крывадушнасці. Перад Езусам трэба стаць у праўдзе, вызначыцца: ці быць з Ім, ці супраць Яго. У іншым месцы Езус кажа: «Няхай будзе слова вашае „так — так“, „не — не“. А што звыш гэтага, тое ад злога», а ў Апакаліпсісе чытаем словы пра тое, што чалавек павінен быць або гарачым, або халодным, а не чымсьці сярэднім. Езусу важна тое, якая наша сапраўдная жыццёвая пазіцыя. Разам з тым Ён ведае, што мы, людзі, слабыя, і што часта падаем, паддаючыся спакусам злога духа. Менавіта гэтага датычыцца другі аспект сённяшняга разважання, бо ў Евангеллі Езус таксама перасцерагае нас адносна тактыкі сатаны. Гэтая перасцярога, якая заключаецца ў трох вобразах — рукі, нагі і вока, — вельмі простая і катэгарычная: не весці ніякага дыялогу са злом! Безумоўна, гаворка зусім не пра тое, каб калечыць уласнае цела, але пра тое, каб пазбягаць усяго таго, што можа стаць прычынаю граху, гэта ніколі не будзе баязлівасцю, а, наадварот, мужнасцю ў найвышэйшай ступені. Лепш страціць імгненную прыемнасць, чым вечнае жыццё і адзінае сапраўднае шчасце.

 
XXVІІ звычайная нядзеля — 8 кастрычніка 2006 г.

Чытанні: Быц 2, 18–24;
Пс 128 (127); Гбр 2, 9–11.

Евангелле (Мк 10, 2–16):

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей? Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёю жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

І прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў.

«Не добра, каб чалавек быў адзін…» (пар. Быц 2, 18). Таму Бог стварыў чалавеку адпаведную яму дапамогу — ЧАЛАВЕКА. Але чалавеку падалося, што яму не патрэбна такая дапамога. Больш за тое, ён сам стварыў для сябе «адпаведныя» сродкі, якія яе замяняюць: машыну, тэлевізар, мабільны тэлефон, камп’ютэр, а таксама іншую шматлікую тэхніку, сярод якой чалавечнасць становіцца нічога не вартай. Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне, што сучасны чалавек уцякае ад чалавека, унікае супольнасці, якая перастала быць яму патрэбнай. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны ў наш час так шмат разводаў, бо людзі замест супольнага жыцця шукаюць толькі прыемнасцяў, карысці, кар’еры… Чалавек лічыць, што найбольшаю небяспекаю для яго з’яўляецца менавіта створаны Богам іншы чалавек, і таму адмяжоўваецца ад яго цэлым арсеналам бар’ераў. Але ці шчаслівы такі чалавек? У сённяшнім Евангеллі Езус гаворыць: «хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». А дзіця ведае, што яму найбольш патрэбныя не цацкі, не бутэлечка са смачнай сумессю, а цяпло матулі, яе любоў і клопат — а значыць, іншы чалавек. Дзе ў нашым жыцці знаходзіцца гэты іншы чалавек? Паспрабуйце адарвацца ад тэлевізара, ад камп’ютэрнага манітора, ад штодзённай мітусні. Выйдзіце, пашукайце гэтага чалавека, бо ён таксама з’яўляецца Божым дарам. Сустрэньце іншага чалавека, і вы самі станеце яшчэ больш чалавекам…

 
XXVІІІ звычайная нядзеля — 15 кастрычніка 2006 г.

Чытанні: Мдр 7, 7–11;
Пс 90 (89); Гбр 4, 12–13.

Евангелле (Мк 10, 17–27):

Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці. А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй. Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе не стае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною. А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць. Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае. А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца? Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

І пачаў Пётр казаць Яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Езус жа адказаў: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым часе — жыццё вечнае.

«Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе не стае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною». Менавіта ў гэтых апошніх словах Езуса, скіраваных да багатага юнака, выказана асноўная навіна Евангелля. Сапраўды, трэба пакінуць шмат, і нават усё, каб ісці за Езусам, наследаваць Яго, быць Яго вучнем і дасягнуць збаўлення. Таму кожны чалавек можа рэалізаваць сваё асноўнае пакліканне, калі ў сваім жыцці сустрэне Езуса і застанецца з Ім. Пакліканне нараджаецца ва ўнутранай сустрэчы з Хрыстовай любоўю, якая з’яўляецца любоўю адкупляльнай. Хрыстус кліча менавіта праз гэтую сваю адкупляльную любоў. У таямніцы паклікання сустрэча з гэтай любоўю становіцца цалкам асабістаю. Евангельская дасканаласць патрабуе цвёрдага рашэння пайсці за Езусам, не зважаючы ні на якія магчымыя цяжкасці. Новая эканомія збаўлення азначае поўную адданасць Яму праз пазнанне і любоў, аднак сучасныя ўмовы жыцця ў дабрабыце не робяць лягчэйшаю гатоўнасць бескарысліва пайсці за Хрыстом. Настаўнік з Назарэта кажа, што вельмі цяжка багатым увайсці ў Валадарства Нябеснае, але Ён не гаворыць, што гэта немагчыма. На заканчэнне гэтага разважання давайце паспрабуем у глыбіні нашых сэрцаў адказаць на пытанне Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, якое ён у 1985 годзе скіраваў да моладзі ўсяго свету: «Што мне рабіць, каб маё жыццё было паўнавартасным і цалкам асэнсаваным?»

 
XXІХ звычайная нядзеля — 22 кастрычніка 2006 г.

Чытанні: Іс 53, 10–11;
Пс 33 (32); Гбр 4, 14–16.

Евангелле (Мк 10, 35–45):

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Забэдэя, і сказалі: Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім. Ён адказаў ім: Што хочаце, каб я зрабіў вам? Яны сказалі Яму: Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй. Але Езус сказаў ім: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны? Яны адказалі: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч і леваруч Мяне — не ад Мяне залежыць, а каму прыгатавана. І, пачуўшы, дзесяць іншых вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Як жа цяжка нам зразумець гэтыя словы Езуса, а яшчэ цяжэй іх прыняць! Магчыма, хтосьці скажа, што ў сучасным свеце канкурэнцыі і змагання за ўладу, дзе ўсё скіравана на пагоню за танным эфектам, у свеце, якім кіруюць жорсткія законы рынку, грошы і кар’ера, дзе маюць значэнне толькі прабіўная сіла, спрыт і ўменне прыстасоўвацца, гэтыя словы гучаць неяк нерэальна. Магчыма, мы ўвесь час імкнемся зразумець, хто сапраўды вялікі, а хто мізэрны і варты жалю ў гэтым нашым перакручаным свеце. Логіка Хрыста і тое, да чаго Ён нас заклікае, супярэчыць розуму «нармальнага» чалавека і не супадае з логікай гэтага свету. Але гэты свет некалі праміне, і тады «першыя будуць апошнімі, а апошнія — першымі» (пар. Мц 20, 16). А можа, варта пайсці за голасам здаровага розуму? Можа, варта было б ужо сёння штосьці змяніць у гэтым заблытаным свеце? А можа, варта страціць сваё жыццё, каб канчаткова выратаваць яго? Калі ў 1997 г. памерла маці Тэрэза Калькуцкая, яе смерць супала па часе са смерцю яшчэ дзвюх асобаў, якія былі, як кажуць, «моцнымі гэтага свету»: прынцэсы Дыяны і былога прэзідэнта Заіра Мабуту Сэсэсэко. Смерць чакае ўсіх: паміраюць і жабракі, і багацеі, і простыя людзі, і асобы каралеўскай крыві. Што ж іх чакае на тым свеце? Хто там першы, а хто апошні? Хто там пакорны, а хто ганарысты? Хто перамог, хоць, на першы погляд пацярпеў паражэнне, а хто прайграў сваё жыццё, хоць яму і здавалася, што ён — пераможца?

 
XXХ звычайная нядзеля — 29 кастрычніка 2006 г.

Чытанні: Ер 31, 7–9;
Пс 126 (125); Гбр 5, 1–6.

Евангелле (Мк 10, 46–52):

Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сын Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.

Напэўна, кожны з нас у дзяцінстве любіў гуляць з іншымі дзецьмі ў жмуркі, калі камусьці завязваюць вочы, закружваюць, а пасля прапануюць з завязанымі вачыма спаймаць кагосьці з тых, хто гуляе, і здагадацца, хто яму трапіўся. Гэта зусім не проста, бо той, хто водзіць, нічога не бачыць, а толькі чуе галасы і смех. Чалавек гэты адчувае сябе няўпэўнена, не ведае, куды ісці, і, водзячы перад сабою рукамі, спрабуе намацаць прастору, каб не натрапіць на якую-небудзь перашкоду. Гэтая гульня дае нам уяўленне пра тое, што адчувае сляпы чалавек, такі, як Бартымей з сённяшняга Евангелля. Ён нічога не бачыў, але пачуў, што ідзе Езус. Напэўна, седзячы пры дарозе, ён не раз чуў пра гэтага чалавека, які здзяйсняў розныя цуды. Цяпер у Бартымея была магчымасць самому сустрэцца з Ім. Аднак ён не мог, як іншыя, устаць і пайсці за Езусам, бо быў сляпым. Адзінае, што яму заставалася, гэта гучна крычаць, каб звярнуць на сябе ўвагу Настаўніка з Назарэта. І сапраўды, у натоўпе людзей Езус заўважыў Бартымея, загадаў прывесці яго і пасля аздаравіў. Магчыма, вам здаецца, што сённяшняе Евангелле не мае нічога агульнага з вашым жыццём, бо вы — не сляпыя. Але ці гэта сапраўды так? Часта чалавека паглынае духоўная слепата, якая нашмат горшая за слепату фізічную, і, на жаль, пагражае кожнаму з нас. Яна заключаецца ў тым, што чалавек часам не бачыць прыгажосці створанага Богам свету, не заўважае патрэбаў і гора іншага чалавека, які жыве побач з ім, не бачыць уласных грахоў, заганаў і спустошанасці, што на працягу гадоў разбураюць яго. Але перш за ўсё духоўная слепата перашкаджае бачыць Божую любоў і міласэрнасць. Таму ўсклікнем разам з Бартымеем: «Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!». Учыні, Пане, каб я стаў відушчым, бо я сляпы і толькі Ты можаш вылечыць мяне, вярнуць зрок і даць мне ўбачыць тое, што ў жыцці сапраўды самае важнае.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA