6 кастрычніка:
святога Бруна, святара

Нарадзіўся каля 1030 г. у Кёльне (Германія). Вучыўся ў школе пры катэдры ў Рэймсе (Францыя), якая была адной з найлепшых, і ў 1057 г. узначаліў яе. Ён выкладаў там больш за 25 гадоў, і за гэты час школа дасягнула незвычайнага росквіту. У 1083 г. Бруна, адмовіўшыся ад усіх пасадаў, выехаў з Рэймса. Яго былы вучань, біскуп Гуга з Грэнобля, падараваў яму некрануты кавалак зямлі на поўначы ад Грэнобля, які называўся Шартрэз (лац. Картузія). Там Бруна разам з шасцю паплечнікамі ўтварыў пустэльню — Вялікую Картузію, — якая першапачаткова складалася з адной капліцы і паасобных келляў. Гэта стала пачаткам новага ордэна — картузаў, які быў зацверджаны праз паўстагоддзе. У 1089 г. Бруна стаў дарадчыкам Папы Урбана ІІ, які таксама калісьці быў яго вучнем, але праз два гады Бруна пакінуў Ватыкан і заснаваў яшчэ дзве пустэльні-картузіі на поўдні Італіі, дзе і памёр у 1101 г.

 
9 кастрычніка:
святога Дыянісія, біскупа, і паплечнікаў, мучанікаў

Быў адным з сямі святароў, скіраваных з Рыма для заснавання Касцёла ў Галіі (Францыя). Дыянісій стаў першым біскупам Парыжа. Праявіў сябе як адданы пастыр, які пашыраў веру і засноўваў шматлікія касцёлы, сярод якіх святыні ў Шартры і Парыжы. Падчас пераследу пры імператары Валяр’яне ў 258 г. быў забіты праз адсячэнне галавы. Гэта здарылася на пагорку за горадам, які з таго часу стаў называцца Манмартр (ад лац. Mons Martyrum — Гара мучанікаў). Паводле легенды, Дыянісій узяў сваю адсечаную галаву і сам занёс яе на месца пахавання. Яго парэшткі да гэтага часу спачываюць у пабудаванай у VII ст. катэдры Сэн-Дэні ў Парыжы, дзе пахавана таксама большасць французскіх каралёў. Святы Дыянісій з’яўляецца апекуном стралкоў; яго дапамогі просяць пры болю галавы, сабачых укусах і пры шаленстве.

 
14 кастрычніка:
святога Калікста І, Папы і мучаніка

Нарадзіўся ў Рыме ў канцы ІІ ст. Быў рабом аднаго з рымскіх хрысціянаў, пазней стаў дыяканам Папы Зэфірына, які даручыў яму клопат пра месца пахавання хрысціянаў каля Апійскай дарогі, што пазней стала вядомым як катакомбы Калікста. Пасля смерці Зэфірына Калікст змяніў яго на Пасадзе св. Пятра ў 217 г. Папа Калікст І паслядоўна змагаўся з тагачаснымі ерасямі, падтрымліваў касцёльнае мастацтва. Ён памёр 14 кастрычніка 222 г. Паводле аднаго з аповедаў, Калікста І з каменем на шыі ўкінулі ў студню.

 
16 кастрычніка:
святой Ядвігі, законніцы

Нарадзілася каля 1174 г. у Баварыі (Германія) у сям’і аднаго з нямецкіх князёў. Выхоўвалася ў кляштары бэнэдыктынак. У 12 гадоў была заручана з Генрыхам І, князем Сілезіі, і ў шчаслівым сужэнстве нарадзіла семярых дзяцей. Разам з мужам клапацілася пра пашырэнне хрысціянства ў Сілезіі, фундавала кляштары, шпіталі і ўстановы, у якіх даглядалі хворых. Пасля смерці Генрыха І апошнія гады свайго жыцця Ядвіга правяла ў заснаваным ёю самою кляштары цыстэрцыянак. Яна мужна прыняла ўсе жыццёвыя цярпенні: смерць шасці дзяцей, а таксама смерць апошняга сына і наследніка Генрыха Пабожнага, які ў 1241 г. загінуў у бітве з татарамі. Памерла Ядвіга 15 кастрычніка 1243 г. і была пахавана ў кляштары ў Трэбніцы, дзе да гэтага часу спачываюць яе парэшткі, да якіх прыходзіць шмат пілігрымаў. Святая Ядвіга з’яўляецца апякункаю маладажонаў.

 
19 кастрычніка:
святога Паўла ад Крыжа, святара

Павел Францішак Данэі нарадзіўся 3 студзеня 1694 г. у П’емонце (Італія) у вельмі пабожнай сям’і і ўжо ў маладосці меў моцныя містычныя перажыванні. У 19-гадовым узросце пайшоў дабравольцам у венецыянскае войска, каб абараняць веру ў змаганні з туркамі. Праз два гады змяніў вайсковы мундзір на чорную вопратку пакутніка і сорак дзён правёў разам з братам у самоце, у пасце і малітве. У гэты час ён напісаў статут законнай супольнасці пасіяністаў, і ў 1725 г. Папа Бэнэдыкт ХІІІ дазволіў Паўлу ад Крыжа стварыць гэтую супольнасць. Неўзабаве быў заснаваны першы кляштар, але напісаны Паўлам статут быў настолькі суровы, што Папа Бэнэдыкт ХІV перад тым як канчаткова зацвердзіць кантэмпляцыйна-апостальскую супольнасць Мукі Езуса Хрыста трохі яго змякчыў. Супольнасць хутка развівалася, і Павел, які асабіста заснаваў 12 кляштараў, у 1769 г. стаў яе генералам. Праз два гады ён заснаваў першы жаночы кляштар пасіяністак. Апошнія гады свайго жыцця Павел ад Крыжа правёў у Ры- ме, дзе і памёр 18 кастрычніка 1775 г. Ужо пры жыцці многія вернікі лічылі яго святым. Павел ад Крыжа з’яўляецца нябесным апекуном заснаванай ім супольнасці пасіяністаў.

 
23 кастрычніка:
святога Яна Капістрана, святара

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1386 г. у Капэстрано (Італія) у шляхецкай сям’і імігрантаў. Атрымаў юрыдычную адукацыю і пэўны час быў суддзёю ў Пэруджы. Падчас адной з бітваў у горадзе трапіў у палон, дзе перажыў унутранае навяртанне. Апынуўшыся на волі, Ян, маючы каля трыццаці гадоў, уступіў у ордэн францішканцаў (перад гэтым яго сужэнства было прызнана несапраўдным). Неўзабаве ён стаў блізкім сябрам і паплечнікам святога Бэрнардына з Сіены — вялікага прапаведніка і народнага місіянера. Стаўшы святаром у 1417 г., Ян Капістран на працягу сарака гадоў абвяшчаў слова Божае па ўсёй Еўропе, у тым ліку ў Сілезіі, Чэхіі і Венгрыі, стаўшы адным з найбольш вядомых вандроўных прапаведнікаў XV ст. Яго казанні збіралі вялізныя натоўпы слухачоў, а Папа, уражаны яго аўтарытэтам, некалькі разоў прызначаў Яна сваім легатам. Яну Капістрану ўдавалася мірыць феадалаў і цэлыя гарады, якія варагавалі паміж сабою. У бітве з туркамі пад Белградам ён з крыжам у руках стаў на чале амаль разбітага хрысціянскага войска і натхніў яго на наступ, які прынёс перамогу. Ян Капістран памёр 23 кастрычніка 1456 г. на тэрыторыі сучаснай Харватыі.