Якое значэнне мае эўхарыстычны пост, які вернікі захоўваюць перад тым, як прымуць святую Камунію?

Марыя Забароўская, Мінск

На пытанне адказвае ксёндз Вячаслаў Барок,
пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах

Дзеля таго, каб дакладна акрэсліць правы і абавязкі усіх членаў Каталіцкага Касцёла, а таксама вызначыць фундаментальныя нормы яго дзейнасці, дзеля падтрымання агульнага парадку існуе Кодэкс Кананічнага Права. Гэты дакумент павучае:

Канон 919.
§ 1. Той, хто прымае ўдзел у Найсвяцейшай Эўхарыстыі, прынамсі за гадзіну перад прыняццем святой Камуніі павінен паўстрымацца ад якой-кольвечы ежы і напояў, за выключэннем вады і лекаў.
§ 2. Святар, які ў той самы дзень цэлебруе другі або трэці раз Найсвяцейшую Эўхарыстыю, можа перад другой або трэцяй цэлебрацыяй штосьці з’есці, нават калі б не было перапынку адной гадзіны.
§ 3. Састарэлыя людзі, а таксама цяжка хворыя і тыя, хто імі апякуюцца, могуць прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, калі нават штосьці з’елі на працягу папярэдняй гадзіны.

Як бачым, навучанне Касцёла, што тычыцца эўхарыстычнага посту, яснае і адназначнае і, нібыта, не павінна выклікаць ніякіх пытанняў, аднак трэба падкрэсліць, што эўхарыстычны пост устанавіў для нас не Пан Бог, а Касцёл. Апосталы, напрыклад, не мелі эўхарыстычнага посту, бо Езус Хрыстус, устанавіўшы Эўхарыстыю, даў спажываць яе вучням адразу пасля вячэры (пар. 1 Кар 11, 25). Але, разам з тым, ужо да першых хрысціянаў апостал Павел скіроўвае навучанне пра спажыванне Хрыстовага Цела. У 11-м раздзеле свайго Паслання да Карынцянаў ён перасцерагае ад нягоднага прыняцця «гэтага хлеба». У згаданым фрагменце мы знаходзім першыя наказы аб патрэбнай падрыхтоўцы да поўнага ўдзелу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі (пар. 1 Кар. 11, 17–34).

На працягу ўсёй гісторыі Касцёла гэтая навука развівалася і дастасоўвалася да канкрэтных умоваў і часу. Вельмі хутка, ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства, быў уведзены звычай эўхарыстычнага посту, і толькі нейкі час захоўвалася магчымасць прыняць святую Камунію пасля пасілку. Гэта было дазволена на святкаванні гадавіны ўстанаўлення Вячэры нашага Пана, у Вялікі чацвер, аб чым сведчаць дакументы Сіноду ў Гіпоне 393 г. (канон 28) і Сіноду ў Карфагене 397 г. (канон 29).

У Сярэднявеччы пост быў вельмі строгі, нельга было нават піць вады, каб не парушыць яго, а Сінод у Браге (тэрыторыя сённяшняй Партугаліі) у 563 г. канонам 10 пастанавіў: «...калі які-кольвечы святар... не на пусты страўнік, а пасля спажывання пасілка цэлебрававаў Ахвяру, адразу павінен быць пазбаўлены свайго святарства і сваім біскупам звольнены з займаемай пасады».

Многія старэйшыя вернікі добра памятаюць, што раней захоўваўся звычай прымаць святую Камунію толькі нашча. Некаторыя і па сённяшні дзень трымаюцца гэтай традыцыі. Я сам памятаю, калі прыкладна яшчэ два дзесяткі гадоў таму рыхтаваўся да Першай святой Камуніі, то мяне навучылі ў мёрскім касцёле захоўваць чатырохгадзінны эўхарыстычны пост.

З цягам часу эўхарыстычны пост станавіўся ўсё больш лагодным, а ў 1957 г. Папа Рымскі Пій ХІІ выдаў motu proprio «Sacram Communionem» і гэтым дакументам абмежаваў яго да трох гадзінаў. Апошнія змены ў захаванні посту перад прыняццем святой Камуніі адбыліся ў 1983 г., калі быў прыняты новы Кодэкс Кананічнага Права. Гэты канон, які абавязаны выконваць кожны католік, прыведзены на самым пачатку.

Напрыканцы яшчэ раз хачу прыгадаць словы апостала Паўла: «... хто нягодна есць хлеб ды п’е з келіха, той вінаваты супраць Цела і Крыві Пана. (...) Хто есць і п’е нягодна, не зважаючы на Цела Пана, прысуд сабе есць і п’е. Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае...» (1 Кар 11, 27–30).

Няхай гэтыя словы не нараджаюць у нашых сэрцах страху, але дапамогуць нам усвядоміць, наколькі важна наша ўнутраная падрыхтоўка да прыняцця святой Камуніі. Гэтай падрыхтоўцы і спрыяе эўхарыстычны пост.