Ян Павел ІІ

ПАМЯЦЬ
І САМАСВЯДОМАСЦЬ


Размовы на пераломе тысячагоддзяў

Над гэтаю сваёю апошняю кнігаю Святы Айцец працаваў ужо стоячы на парозе Вечнасці. Як добры пастыр, развітваючыся, ён хацеў, каб усе мы пачулі і паверылі, што ў гэтым свеце, параненым злом і цярпеннем, ёсць Божае святло і надзея, што «кожнае людское цярпенне, кожны боль, кожная слабасць тояць у сабе абяцанне вызвалення, абяцанне радасці...»

«Памяць і самасвядомасць» — гэта кніга-роздум, кніга-перасцярога, кніга-запавет. Благаслаўляючы яе беларускае выданне, спадзяюся, што яна здолее вельмі шмат сказаць кожнаму, хто знойдзе час схіліцца над яе старонкамі.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
з прадмовы да беларускага выдання кнігі.

 

Фрагмент з кнігі Святога Айца Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць».

На першых старонках Кнігі Быцця мы судакранаемся з самой сутнасцю таго, што называецца культураю, здабываючы яе найбольш першаснае і найбольш важнае значэнне, ад якога ў сваю чаргу можам дайсці да таго, што з’яўляецца праўдаю нашай прамысловай цывілізацыі. Відавочна, што як і на тым першапачатковым этапе, так і сёння цывілізацыя была і застаецца звязанаю з развіццём пазнання праўды пра свет, гэта значыць, з развіццём навукі. Гэта яе пазнавальнае вымярэнне. Слушна было б затрымацца і глыбей прааналізаваць першыя тры раздзелы Кнігі Быцця, якія з’яўляюцца першаснаю крыніцаю, да якой мы можам звяртацца, бо для культуры чалавецтва істотна не толькі людское пазнанне знешняга свету, але таксама сябе самога. А гэтае пазнанне праўды скіравана таксама ў бок дваістасці чалавечай істоты: «Стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27). Першы раздзел Кнігі Быцця дапаўняе гэтае сцвярджэнне наказам Бога, які кажа пра людское бацькоўства: «Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Другі і трэці раздзелы падаюць наступныя элементы, якія дапамагаюць лепш зразумець Божы замысел: усё, што там было сказана пра адзіноту чалавека, пра стварэнне істоты, падобнай да яго, пра першае захапленне створанага мужчыны створанаю з яго жанчынаю, пра пакліканне да сужэнства, урэшце пра ўсю гісторыю натуральнай нявіннасці, на жаль, страчанай праз першародны грэх — усё гэта ўжо дае поўнае ўяўленне пра тое, чым ёсць для культуры любоў, народжаная з пазнання. Гэтая любоў — крыніца новага жыцця. А яшчэ раней — гэта крыніца творчага захаплення, якое патрабуе свайго выяўлення ў мастацтве.

У культуру чалавека з самага пачатку вельмі глыбока ўпісаны элемент прыгожага. Прыгажосць сусвету як бы адлюстравана ў вачах Бога, пра якога сказана: «І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым» (Быц 1, 31). За «вельмі добрым» было прызнана найперш з’яўленне першай пары, створанай на вобраз і падабенства Бога, ва ўсёй першапачатковай нявіннасці і ў той аголенасці, якая была лёсам чалавека да першароднага граху. Усё гэта ляжыць у аснове культуры, якая ўвасабляецца ў творах мастацтва, ці гэта творы жывапісу, скульптуры, архітэктуры, ці музычныя творы, ці іншыя вынікі творчай фантазіі і думкі.

Кожны народ жыве творамі сваёй культуры...