Ордэн бэнэдыктынцаў — адзін з самых старажытных у заходнім Касцёле, адна з самых шматлікіх манаскіх супольнасцяў у свеце. Карані яго бяруць пачатак з канца V стагоддзя, калі ў італьянскай мясцовасці Нурсія каля 480 г. нарадзіліся блізняты, якім далі імёны Бэнэдыкт і Схаластыка. Бацькі паслалі свайго сына Бэнэдыкта атрымоўваць адукацыю ў Рым. Аднак, калі юнак убачыў, якая маральная сапсаванасць пануе сярод яго аднагодкаў, ён пакінуў і вучобу, і бацькоўскі дом, каб шукаць Бога і служыць толькі Яму. У пустыні Субіяка, у Албанскіх гарах, ён распачаў манаскае жыццё. Слава пра яго пабожнасць прывабіла шмат паслядоўнікаў, што ў хуткім часе дазволіла арганізаваць супольнасць і заснаваць 12 маленькіх кляштараў. Трынаццаты кляштар быў адчынены на Монтэ Касіна з вядомым ва ўсім каталіцкім свеце абацтвам, у якім св. Бэнэдыкт служыў да канца жыцця (ён памёр 21 сакавіка 547 года). Верная паслядоўніца свайго брата, Схаластыка, пад яго духоўным кіраўніцтвам, стварыла жаночае адгалінаванне ордэна.

Святы Бэнэдыкт як спадкаемца манаскай традыцыі стаў вялікім яе рэфарматарам і аказаў значны ўплыў на ўсю культуру сярэднявечнай Еўропы. Ён напісаў для сваіх духоўных сыноў Статут, г. зн. закон, паводле якога яны павінны былі жыць. Прынцып гэтага жыцця змяшчаўся ў кароткім наказе: «Слухай, маліся і працуй так, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог». Слухаць — у бэнэдыктынскім разуменні — значыць прыслухоўвацца да патрэбаў людзей у свеце, каб потым у шчырай малітве пакорна перадаваць іх Богу. Паводле Статуту ордэна, нішто не ставіцца вышэй за малітву, таму характэрнаю рысаю ордэна з’яўляецца праслаўленне Бога ў літургіі брэвіярыя, адарацыя Бога, Ружанец, грыгарыянскі спеў, а галоўнае месца ў жыцці займае штодзённая Эўхарыстыя, падзяка Богу ў лучнасці з Хрыстом за Яго дары.

Апроч малітвы, рэальна ўспрымаючы жыццё чалавека, св. Бэнэдыкт раіць сваім вучням нястомна працаваць, кажучы пра гэта ў Статуце: «Бяздзейнасць — гэта вораг душы, таму трэба цаніць кожную працу, бо яна развівае асобу чалавека, павялічвае ў яго душы спакой». Статут патрабуе ад кожнага поўнай адданасці ў веры, каб заўсёды быць «у распараджэнні Бога». Таму на працягу стагоддзяў бэнэдыктынцы займаліся рознымі справамі: апрацоўвалі зямлю, будавалі касцёлы, выхоўвалі моладзь, евангелізавалі Еўропу і іншыя кантыненты. У іх абацтвах рэалізуюцца словы, скіраваныя да св. Паўла: «Там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць» (Дз 22, 10).

Пачынаючы з ІХ стагоддзя бэнэдыктынцы распаўсюдзілі сваю дзейнасць за Альпамі, спачатку ў Англіі, потым у Фландрыі, Галандыі, Германіі, Даніі і Швецыі. З цягам часу манахі прыйшлі на Усход, за Балтыку і Віслу, у Х–ХІ стст. з’явіліся нават у Кіеўскай Русі, а ў ХV ст. — у Вялікім Княстве Літоўскім. Кляштары духоўных сыноў і дачок св. Бэнэдыкта знаходзяцца ва ўсіх частках свету. У 1964 г. Папа Павел VІ абвясціў св. Бэнэдыкта апекуном Еўропы (урачыстасць адзначаецца 11 ліпеня).

На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага бэнэдыктынцаў запрасіў князь Вітаўт, які пасяліў іх у Старых Троках (цяпер Тракай). У ХІІ ст. кляштары бэнэдыктынцаў з’явіліся на Палессі і ў Нясвіжы. Менавіта з Нясвіжа ў 1622 г. сёстры бэнэдыктынкі былі запрошаны ў Вільню, а ў 1627 г. — у Коўна (цяпер Каўнас). Гэтыя два кляштары сясцёр бэнэдыктынак існуюць і цяпер, а мужчынскі знаходзіцца недалёка ад Кельме. Блізіцца дата выдатнага юбілею 400-гадовай прысутнасці бэнэдыктынак на нашых землях. Для першых 12 сясцёр у цэнтры Вільні, каля касцёла св. Кацярыны, пад кляштар была ахвяравана гатычная камяніца з ХVI cт., якую з часам разбудавалі. У ХVII ст. у кляштары было каля 30 законніц, у ХVІІІ — больш за 40. Віленскія бэнэдыктынкі друкавалі шмат кніг, што тады было рэдкасцю, некаторы час кіравалі школаю, а іх бібліятэка лічылася адной з самых багатых. У выніку войнаў і пажараў кляштар некалькі разоў знішчаўся, але адбудоўваўся нанава і, нягледзячы на значныя пашкоджанні, выстаяў у гэты цяжкі перыяд. Нават у часы паўсюднага закрыцця кляштараў ён пазбег ліквідацыі толькі таму, што быў размешчаны каля касцёла, які насіў імя царыцы. У міжваенны перыяд супольнасць сясцёр бэнэдыктынак перажыла новую хвалю развіцця.

Другая сусветная война нанесла кляштарам шмат балючых удараў. У гады нямецкай акупацыі, рызыкуючы жыццём, бэнэдыктынкі хавалі на касцёльным даху дзве яўрэйскія сям’і. 26 сакавіка 1942 года з мэтаю ліквідацыі ўсіх каталіцкіх кляштараў у горадзе, разам з іншымі жаночымі і мужчынскімі кангрэгацыямі, іх арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Лукішках. Там у жудасных турэмных умовах сёстры трымаліся два месяцы, там страцілі адну з маладых сясцёр навіцыятак, якая памерла ад запалення лёгкіх. Пасля вызвалення законніцы атрымалі загад разысціся і зняць габіты.

У 1946 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі паставіў бэнэдыктынак перад выбарам: застацца або выехаць у Польшчу. Тады дванаццаць законніц пераехала ў Жарновец, пяць — у Ломжу, і адна — у Вроцлаў. У Вільні, рызыкуючы быць вывезенымі ў Сібір, засталося васемнаццаць сясцёр. Сталінскі перыяд быў таксама цяжкім у гісторыі існавання віленскіх бэнэдыктынак. 16 ліпеня 1948 г. іх вывезлі ў Чорны Бор, а касцёл св. Кацярыны зачынілі. На працягу трох месяцаў сёстры мусілі шукаць працу і жыллё, блукаючы па розных кутках горада, бо тым, хто іх прымаў, пагражалі звальненне з працы і пераслед. Толькі ў 1964 г. законніцам удалося набыць дом па вуліцы Гульбю і арганізаваць супольнае манаскае жыццё ва ўкрыцці: катэхезы, малітвы, супольны пасілак і пашыў літургічных шатаў, выпечка камунікантаў, падрыхтоўка дзяцей да Першай Камуніі пры касцёле Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Прыстасоўваючыся да ўмоваў, у якія паставіла бэнэдыктынак улада, яны былі вымушаны ўладкоўвацца на дзяржаўную працу, атрымлівалі свецкую адукацыю. Раніцаю хадзілі на св. Імшу, пасля працы вярталіся дадому і рэшту дня прысвячалі манаскаму жыццю: супольным медытацыям, рэкалекцыям, малітвам і працы. Габіты сёстры апраналі толькі тады, калі ішлі ў капліцу. Здараліся таксама і вобыскі дома, а настаяцельніцу не раз выклікалі «на размовы» ў адпаведныя ўстановы. У 1944 г. пасля смерці настаяцельніцы с. Анжаліны на працягу 35 гадоў, аж да 1980 г., кляштарам кіравала с. Флавія Русікевіч. Менавіта тут, на вуліцы Гульбю, на яе рукі складала першыя манаскія шлюбы цяперашняя настаяцельніца сястра Імэльда Дзямянка.

Трыццаць гадоў назад, 12 жніўня 1976 г., бацька прывёз у Вільню з Беларусі маладзенькую дачку Тэрэзу, якая з дзяцінства прагнула прысвяціць сябе служэнню Богу. Атрымліваючы выхаванне ў сям’і з моцнымі рэлігійнымі каранямі і штодня бачачы добрыя прыклады пабожнасці і ахвярнасці, яна прыняла гэта пакліканне з радасцю, а тое, што трапіла менавіта да сясцёр бэнэдыктынак, хоць прапановы былі розныя, с. Імэльда лічыць асаблівым дарам Божай ласкі.

На сённяшні дзень дом законны па вуліцы Гульбю грунтоўна перабудаваны, бо сёстрам не ўдалося вярнуцца ў былы кляштар і касцёл св. Кацярыны. Да віленскага абацтва цяпер належаць восем законніц. Што датычыць будучыні ордэна бэнэдыктынцаў, новых пакліканняў і самога значэння паклікання да кансэкраванага жыцця, то настаяцельніца с. Імэльда лічыць, што, на жаль, у сучаснай моладзі няшмат станоўчых думак пра манаскае жыццё. Распазнаць голас Божага паклікання не дапаможа адсутнасць сталасці ў пастановах, хістанне ў поглядах і інтарэсах, неразуменне ўласных імкненняў. Святы Бэнэдыкт казаў, што напачатку трэба праверыць, ці сапраўды навіцый шукае Бога. Калі ён хоча выконваць Божую волю, то дасць рады, а калі не вядома, чаго шукае ў жыцці, трэба даць яму магчымасць шукаць. З гэтаю мэтаю можна прыйсці і пэўны час знаходзіцца сярод сясцёр, каб пазнаёміцца з іх жыццём, а калі яно не адпавядае ўнутраным патрэбам — пакінуць кляштар. Так можна паступаць тры разы, пакуль не прымеш канчатковага рашэння — застацца або пайсці. Калі чалавек правільна выбярэ шлях, які яму прызначаны, ён можа зрабіць шмат добрага. Калі ён адчувае ў сабе пакліканне да манаскага жыцця, то павінен усведамляць, што яно патрабуе ад яго пэўнай духоўнай працы. Ён павінен ведаць, што мусіць вырачыся ўласнай волі і прыслухоўвацца да Божай волі. Але не трэба думаць, што жыццё ў кляштары — гэта поўны адыход ад свету. Кантакты могуць быць не такія частыя, але людзі прыходзяць да сясцёр з рознымі патрэбамі, пішуць лісты, тэлефануюць. Праз прэсу сёстры даведваюцца пра праблемы сённяшняга свету і Касцёла, ведаюць, каму і дзе патрэбныя іх малітвы.

Калісьці Святы Айцец Пій ХІІ сказаў: «Хрыстус нястомна крочыць па свеце, па вёсках і гарадах, праходзіць побач з дзвярмі ўбогіх і багатых, ідзе берагамі азёраў і мораў і зноў звяртаецца да выбраных, а ўтоены голас ласкі паўтарае евангельскае: „Ідзі за Мною!“». Калі хтосьці з дзяўчат, пачуўшы гэты голас, захоча адказаць: «Вось я, Пане, хачу слухаць Цябе», то можа звярнуцца ў кляштар сясцёр бэнэдыктынак у Вільні: ul. Gulbiu 4, або загадзя дамовіцца пра сустрэчу па тэлефоне: + 3705 2750623.

Падрыхтавала Іна Ламака
паводле публікацыі часопіса «Spotkania», № 9 за 2006 г.