Вуліца Савецкая — адна з найпрыгажэйшых у Браславе. Яна плаўна ўецца паміж старых дамоў, што шчыльна стаяць паабапал дарогі, і непрыкметна вядзе ўгару, да самага касцёла. Сярод пабудоваў, якія размясціліся пры вуліцы, вылучаецца сціплы дамок з чысценькім дворыкам і велізарнай колькасцю кветак у ім. На панадворку заўсёды ціха, а белыя фіранкі і вазоны на вокнах надаюць дому спакойную ўтульнасць. Жывуць у доме сёстры-эўхарысткі, якія працуюць у Браславе ўжо амаль 70 гадоў.

Сястра Ірэна ветліва запрашае зайсці ў чыста прыбраны пакой. Партрэт Папы Бэнэдыкта XVI на сцяне, выява Маці Божай Валадаркі азёраў на фартэп’яна, стол з кветкамі, сонца, якое праглядвае праз фіранкі, — усё навявае спакой і стварае ўмовы для прыемнай размовы.

Упершыню Супольнасць Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі пачала дзейнічаць у мястэчку Друя ў 1923 годзе. Яна ўзнікла па ініцыятыве віленскага біскупа благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, які быў беатыфікаваны ў 1987 г. Цяжкая задача стаяла перад сёстрамі эўхарысткамі: у часы царскай улады, ва ўмовах занядбання веры, ім трэба было адрадзіць любоў да Бога ў сэрцах тых, хто разгубіўся, шукаў падтрымкі, не меў дапамогі.

У гімне кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак ёсць такія словы: «Сабрала нас разам, злучыла ў адно любоў бясконцая Хрыста, што Богу і бліжнім штодня і штохвіліны аддаваць прагне сэрца і душу...». Маючы моцную і трывалую веру, сёстры эўхарысткі мужна зносілі пакуты, з якімі даводзілася сутыкацца кожны дзень. Ахвяруючы сабою, яны неслі святло, так патрэбнае людзям.

У 1939 годзе дом сясцёр эўхарыстак пачаў дзейнічаць і ў Браславе, які абавязаны сваім стварэннем каталіцкаму таварыству жанчын. З дазволу Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ў Браслаў з Друі пераехала некалькі сясцёр: Апалонія Пяткун, Юзэфа Марцілёнак, Марыя Ясінская, якія і дапамаглі наладзіць працу. Сёстры шмат працавалі з дзецьмі, знаёмілі іх з асновамі рэлігіі, рыхтавалі да Першай Камуніі. Сярод эўхарыстак былі арганісткі, медсёстры, выхавацелькі. Не абыходзілася без іх справа і ў касцёле: яны аздаблялі алтары, шылі літургічнае адзенне, выпякалі камуніканты.

Ішоў час, і ў жыццё эўхарыстак, як і ў жыццё мільёнаў іншых людзей, нечакана прыйшла вайна. Праца сясцёр абмежавалася. А пасля вайны ў 1946 годзе дзейнасць браслаўскага дому эўхарыстак зусім перапынілася. Адданыя Богу сёстры вымушаны былі зняць манаскае адзенне і хаваць сваю прыналежнасць да кангрэгацыі. Частка маладых сясцёр выехала ў Польшчу, дзе ўмовы былі больш спрыяльнымі для працы. Займаліся сёстры апостальскай дзейнасцю ў Літве, Латвіі, Казахстане, Таджыкістане, на Каўказе, у Расіі і Грузіі, але некаторыя з іх засталіся на Беларусі. Так, у 1950 годзе вярнуліся сёстры эўхарысткі і ў Браслаў. Умоў для працы практычна не было, як не было і сталага прытулку: сёстры вымушаны былі здымаць памяшканні ў розных кутках горада. Уладкоўваліся эўхарысткі на працу медсёстрамі ў шпіталі і санаторыі, таемна праводзілі заняткі з дзецьмі, рызыкуючы свабодай, бо вучыць дзяцей рэлігіі ў тыя часы не дазвалялася (права на гэта мелі толькі бацькі ды блізкія сваякі). Пры кожнай магчымасці сёстры дапамагалі бедным і хворым, самі пераадольваючы несправядлівасць і церпячы непрыхільнасць уладаў.

У Канстытуцыі кангрэгацыі эўхарыстак чытаем: «Сёстры павінны імкнуцца лепш пазнаваць, наследаваць і любіць Хрыста, штодзённа жывучы Яго духам...». Гарачая вера дапамагла сёстрам эўхарысткам паспяхова працягваць сваю працу. І яна прыносіла свой плён: дзякуючы намаганням сясцёр сотні людзей знайшлі сваю дарогу да Бога, захавалі ў сваіх сэрцах вялікую любоў да Яго. У адказ сёстры не патрабавалі нічога, а найвялікшай узнагародай для іх былі зацікаўленыя вочы дзяцей ды проста людская ўдзячнасць. Самаахвярная праца эўхарыстак была ўзнагароджана, нарэшце, і прызнаннем з боку дзяржавы. З 1989 года дзейнасць сясцёр эўхарыстак стала легальнай, а ў 1996 годзе браслаўскі манаскі Дом атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі.

Сёння ў доме эўхарыстак жыве шэсць сясцёр. Старэйшая з іх мае больш за 90 гадоў, яшчэ дзвюм каля 80-ці. Тры маладзейшыя сястры няспынна працуюць пры парафіі, а старэйшыя даглядаюць дом, і такая разнастайнасць кветак на панадворку і ў доме — плён менавіта іх клопату. Сёстры часта змяняюць «месца жыхарства», пераязджаюць з аднаго дома ў другі, бо іх служэнне залежыць таксама і ад знешніх умоваў, ад узроўню патрэбы дапамогі ў кожным канкрэтным месцы. Галоўная ж мэта дзейнасці эўхарыстак — служыць Богу, дапамагаючы людзям.

У сясцёр эўхарыстак шмат абавязкаў. Іх праца цесна звязана з працаю святароў. У Браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў сёстры дапамагаюць пры касцёле, упрыгожваюць яго да святаў, выпякаюць гостыі, камунікаты, аплаткі.

Пад апекаю сясцёр у Браславе дзейнічае таксама парафіяльная школа, якую наведваюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Сёстры эўхарысткі праводзяць рэлігійныя заняткі, што праходзяць у парафіяльным доме насупраць касцёла. У праграму навучання ўваходзяць заняткі з дзецьмі, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі. Наведваць іх трэба 2 гады. Рыхтуюць сёстры вернікаў і да сакрамэнту канфірмацыі (3 гады), і да сакрамэнту сужэнства. Спецыяльныя заняткі праводзяцца таксама для дарослых, якія адчулі патрэбу прыйсці да Хрыста. Па словах сястры Ірэны, расклад у такой школе складаць вельмі цяжка: ён павінен задавальняць усіх, а ў кожнага чалавека свой парадак дня. Напрыклад, заняткі для дзяцей і моладзі магчымыя толькі ў пазашкольны час, а дарослыя могуць прыходзіць да сясцёр пасля працы.

Шмат часу праводзяць сёстры эўхарысткі ў парафіяльным доме, дзе вельмі часта збіраецца моладзь. У доме адбываюцца моладзевыя сустрэчы, святочныя вечарыны і нават дыскатэкі. Нямала сілаў укладаюць сёстры ў працу з маладымі людзьмі, якіх у касцёле ўсё больш і больш. Разам з моладдзю яны ходзяць у пілігрымкі, ездзяць на рэкалекцыі, наведваюць іншыя святыні.

Перад тым як пасяліцца на вуліцы Савецкай, сёстры эўхарысткі шмат павандравалі па Браславе, а сёння для іх узводзіцца новы будынак з вялікай тэрыторыяй вакол яго. Ужо цяпер можна сабе ўявіць, якую прыгажосць створаць сёстры каля свайго новага дома-кляштара!

Сёння дамы сясцёр эўхарыстак, акрамя Браслава, знаходзяцца ў Друі, Слабодцы, Мосары, Барысаве, Астраўцы. Працуюць сёстры таксама ў Літве, Латвіі, Расіі, Казахстане, Грузіі, Польшчы. Паміж сабою манаскія дамы маюць роўныя правы, падпарадкоўваючыся галоўнаму — генеральнаму дому, што знаходзіцца ў Вільні.

Калі я развітвалася з сястрой Ірэнай у доме эўхарыстак, яна перадала мне ў рукі «Духовы дзённік» благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, беларускі пераклад якога быў падрыхтаваны з нагоды 10-й гадавіны беатыфікацыі благаслаўлёнага і сямідзесятых угодкаў яго смерці. Прачытаўшы словы біскупа: «Маім лозунгам хай будзе: ва ўсім шукаць Бога, усё рабіць дзеля большае Божае хвалы, ва ўсё ўносіць дух Божы і ўсё ім праймаць», — я зразумела, наколькі аддана сёстры эўхарысткі жывуць запаветамі заснавальніка іх ордэна.

Яна Шыдлоўская