Кожнае мястэчка, горад маюць сваё асаблівае непаўторнае аблічча, свой лёс, сваю гісторыю. Яны — як адлюстраванне сваіх жыхароў, іх характару, дзейнасці, укладу жыцця, культуры. Вядома ж, чалавек пакідае пасля сябе сляды. Толькі вось на якіх сцежках? Што застаецца пасля яго — знішчанае, разбуранае, загубленае ці пабудаванае вечнае на каменні веры, надзеі і любові?..

Наш браслаўскі край вабіць да сябе прыгажосцю прыроды. Хто ж не чуў пра яго блакітныя азёры з чыстай, як усмешка дзіцяці, вадой. Здзіўляе іх колькасць — звыш 200. Цешаць вока, кранаюць сэрцы незвычайныя пейзажы Стварыцеля... Хто бываў у Браславе, той, пэўна, вандруючы па вулачках гарадка, зазірнуў у касцёл-санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў з цудадзейным старажытным абразом у цэнтральным алтары. Нездарма каля яго здавён гучаць просьбы і падзякі. Сапраўднае багацце нашага краю — святыні, пабудаваныя ўдзячнымі Богу людзьмі. А калі святыні адраджаюцца і будуюцца наноў, значыць жывая душа ў народзе нашым. І не загіне ніколі, бо маем святароў, адданых свайму пакліканню — служыць Богу і людзям.

Немагчыма ўявіць жыццё нашай парафіі без айца Лешэка Вітвіцкага — святара, незвычайна самаахвярнага ў служэнні Хрысту і Касцёлу, з вялікай працаздольнасцю, заўсёды гатовага прыйсці з дапамогаю кожнаму. Ён можа і зайграць на гітары, і прыгожа станцаваць, даць параду, як кажуць, і малому, і старому. Не шкадуючы свайго здароў’я і сіл, ён падае нам прыклад працы і веры.

Нарадзіўся ксёндз Лешэк Вітвіцкі 22 кастрычніка 1966 года ў невялічкім польскім мястэчку Північна. У 1985 годзе быў прыняты ў манаскі закон сальватарыянаў. У 1986 годзе склаў першыя шлюбы. Манаская фармацыя айца Лешэка адбывалася ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Багне.

На Беларусі душпастырская дзейнасць кс. Лешэка пачалася з 5 кастрычніка 1993 года ў Браславе. Усяго, што зроблена на працягу 13 гадоў адданай працы святара, пералічыць немагчыма. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх ініцыятываў, у тым ліку ідэі стварэння санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў. У парафіі арганізавана суполка жывога ружанца для хворых, дзейнічае капліца ў доме састарэлых і інвалідаў, дзе рэгулярна адпраўляецца святая Імша. У хуткім часе адкрыецца капліца ў раённай бальніцы. Кожную пятніцу праводзіцца набажэнства і святая Імша ў інтэнцыі захавання ад дзеяння злога духа.

Вялікую ролю пробашч Лешэк Вітвіцкі адводзіць не толькі добраўпарадкаванню тэрыторыі і рамонту браслаўскага касцёла, але і будаўніцтву, адраджэнню святыняў у суседніх парафіях. Згадаем, што ў 1997 годзе кардыналам Казімірам Свёнткам быў асвечаны новы касцёл Маці Божай Анёльскай у вёсцы Мяжаны, у 2002 годзе кс. біскуп Уладзіслаў Блін асвяціў касцёлы святой Тэрэсы ў Урбанах і Узвышэння Святога Крыжа ў Ахрэмаўцах.

Шмат цяпер месца ў вялікім парафіяльным доме, дзе пастаянна збіраюцца дзеці і моладзь, адбываюцца сустрэчы, святочныя вечарыны, дыскатэкі, рэкалекцыі, катэхетычныя заняткі. Дзецям, моладзі, дарослым сумаваць няма калі. Апроч рэгулярных сустрэчаў, малітоўных чуванняў, пілігрымак, імпрэзаў існуе парафіяльны тэатр, дзе кожны жадаючы можа паспрабаваць сябе ў якасці выканаўцы якой-небудзь ролі. На сцэне раённага Дома культуры адбываюцца спектаклі і канцэрты, вартыя апладысментаў гледачоў і громкага воклічу «брава!». Такі бачны знак працы гэтага чалавека!

Наш паважаны пробашч, айцец Лешэк! Удзячныя парафіяне шчыра жадаюць Вам шчодрай Божай ласкі, сілы, цярплівасці, каб Вы ніколі не стамляліся, ратуючы нашыя душы, будуючы для нас шлях да нябеснага Валадарства. Няхай Найсвяцейшая Марыя заўсёды апякуецца Вамі і заўсёды дапамагае несці нялёгкі крыж штодзённых святарскіх абавязкаў. Вучыце нас, кіруйце намі і маліцеся за нас, каб мы разам з Вамі пакінулі след, варты вечнага жыцця.

Браслаўскія парафіяне