У сярэдзіне кастрычніка ў гарадоцкай парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, адной з самых паўночных у Беларусі, прайшла візітацыя біскупа Уладзіслава Бліна. Разам з ардынарыем дыяцэзіі да гарадоцкіх католікаў у гэты дзень прыехалі дзекан Віцебскага дэканата Адам Дынак, ксяндзы Марэк Пісарэк з Оршы, Браніслаў Дашкевіч з Віцебска, Алег Півавар з Лёзна, Ежы Катоўскі з Шуміліна, ад курыі – ксёндз пралат Міраслаў Скачыляс. Да дня візітацыі было прымеркавана ўдзяленне 30 парафіянам, у асноўным сталага веку, сакрамэнту бежмавання, таму ўрачыстасць атрымалася вельмі сардэчнай і запамінальнай. Прыехалі на яе, дарэчы, каб узяць удзел у малітве да Духа Святога і стаць сведкамі бежмавання, і вернікі з іншых парафій – з Віцебска, Шуміліна, Лёзна, Езярышча. Са словам Божым звярнуўся да ўдзельнікаў святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп, пробашч расонскай парафіі святога Язафата Кунцэвіча кс. Вячаслаў Барок. Ён асабліва адзначыў ролю даверу да Бога і Яго дзеяў у справе захавання душы ад спакусаў і кепскіх учынкаў. Аздабляў святую Імшу спевамі хор віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары «Гасанна».

Па сканчэнні святой Імшы перад гарадчанамі і іх гасцямі з вялікім поспехам выступілі ўдзельнікі спеўнага гурта «Кадаш», які аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах маладых выканаўцаў з парафій Полацкага дэканата. Выдатныя галасы, цудоўны вакал, адмысловая музыка – усё гэта так спадабалася прысутным, было так захапляльна, што, нягледзячы на даволі позні час, ніхто не спяшаўся адыходзіць з касцёла, тым больш што да візітацыі біскупа была прымеркаваная ў гэты вечар і яшчэ адна падзея — спатканне моладзі Віцебскага дэканата — і доўжылася яна ўжо на дварэ, пры сталах з мясцовымі прысмакамі і вогнішчы, дзе зноў вялі рэй малітоўныя спевы. Моладзь магла і задаць пытанні гасцям з замежжа, супрацоўнікам Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва з Варшавы. Усё гэта стала магчымым дзякуючы старанням гарадоцкіх парафіянаў і іх духоўных апекуноў: пробашча парафіі кс. Яніслава Гарнцарэка і сясцёр служабнічак Люцыны і Грацыі.

Францішак Дубраўскі.
Фота Ірыны Кульпекшы.