так называлася класная гадзіна, якая прайшла ў верасні ў нашым 11 «Г» класе 39-й сярэдняй школы г. Віцебска. Яна была прысвечана паэзіі Караля Вайтылы. Усім вядома, якія цудоўныя, пранікнёныя паэтычныя радкі пакінуў нашчадкам Вялікі Папа Ян Павел ІІ, вось і вырашылі мы, вучні, таксама далучыцца да гэтых скарбаў. Звярнуліся па дапамогу да старэйшых, яны з радасцю адгукнуліся, і мерапрыемства атрымалася запамінальным і цікавым. У першую чаргу дапамагла нам маці адной з нашых вучаніц, парафіянка парафіі Святога Духа Людміла Ярмолава. Яна распавяла вучням пра жыццё і дзейнасць Папы, прапанавала пазнаёміцца з кнігамі Яна Паўла ІІ і кнігамі іншых аўтараў пра Пантыфіка. Вядома ж, гучалі вершы: «Маці», «Актор», «Рабочы завода», урыўкі з «Рымскага трыпціха». А на заканчэнне — урыўкі з араторыі Пятра Рубіка «Tu es Petrus». Вось такім чынам мы, старшакласнікі, дзякуючы падтрымцы парафіі Святога Духа (пробашч кс. Адам Дынак), атрымалі ў Год Яна Паўла ІІ незвычайны падарунак — магчымасць дакрануцца душою і сэрцам да цудоўнага свету яго паэзіі, адчуць, што сапраўды варта «затрымацца, бо ў гэтым ёсць сэнс, ёсць сэнс, ёсць сэнс» жыцця.

А наогул, не можам не адзначыць, што такія мерапрыемствы для нас — не навіна. Вельмі запомніліся ўсім нам класныя гадзіны, прысвечаныя пакутнікам з Росіцы, святому Максімільяну Кольбэ, паэме Янкі Купалы «Андрэй Баболя». А колькі вандровак да святых месцаў і проста да помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі здзейснілі мы разам з парафіянамі: Полацк, Удзела, Мосар, Наваградак, Нясвіж, Крэва, Друя, Мёры — цяжка пералічыць! І ўсё — дзеля нашага духоўнага ўзбагачэння, якое, безумоўна, калісьці, у дарослым жыцці, прарасце ў нас добрымі справамі і ўчынкамі. То дзякуй людзям, якія разумеюць цану гэтых справаў і ўчынкаў і робяць цяпер так шмат для ўмацавання глебы для іх узрастання.

Ядзя Сіпайла, Валерыя Яўсеенка, Вольга Святайла.
Фота Л. Ярмолавай.