Пад такою назваю прайшла ў сярэдняй школе №39 г. Віцебска канферэнцыя з удзелам вучняў, настаўнікаў, бацькоў, медыцынскіх работнікаў. А лейтматывам мерапрыемства стала спроба сумеснага пошуку шляхоў паразумення юных грамадзянаў у стасунках з равеснікамі і дарослымі, годнага суіснавання на грунце выканання Божых запаведзяў. Чынны ўдзел узялі ў абмеркаванні гэтых надзённых праблемаў прадстаўнікі касцёла: дыякан катэдральнага касцёла святой Барбары брат Пётра Рудкоўскі ОР і парафіянка парафіі Святога Духа ўрач Людміла Ярмолава.

Канферэнцыя пачалася выступленнем саміх школьнікаў, якія прапанавалі ўвазе прысутных даклады пра вытокі агрэсіі ў падлеткаў. Выкладчык гісторыі Леанід Кісялёў адзначыў ролю 10 Божых запаведзяў у будове адносінаў паміж вучнямі і настаўнікамі. Людміла Ярмолава скіравала сваё выступленне на медыцынскія аспекты папярэджання агрэсіі ў дзяцей і падлеткаў, а таксама на неабходнасць выхавання ў моладзі пашаны да інстытута сям’і, да праблемы захавання юнакамі і дзяўчатамі маральнай чысціні ў дашлюбны перыяд і ў сужэнстве.

Вынікам канферэнцыі сталі супольна выпрацаваныя парады. З заключным словам выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Марына Троіцкая, якая адзначыла вялікую ролю падобных мерапрыемстваў у выхаванні дзяцей і моладзі, выказала надзею на тое, што плённыя стасункі свецкіх людзей і Касцёла будуць мець годны працяг.

Францішак Дубраўскі