Як вядома, 16 кастрычніка — дзень абрання слугі Божага Яна Паўла ІІ на пасаду Папы Рымскага. Гэты пантыфікат сына польскага народа называюць гістарычным, бо ён змяніў не толькі аблічча Касцёла, але й паўплываў на змены ў свеце. У чэрвені 2001 года Канферэнцыяй Епіскапату Польшчы быў устаноўлены Дзень Папы як дзень роздуму над пантыфікатам Яна Паўла ІІ. У Польшчы Дзень Папы быў таксама прыняты дзяржаўнымі ўладамі як нацыянальнае свята.

Для Касцёла на Беларусі пантыфікат Святога Айца Яна Паўла ІІ – асаблівая старонка гісторыі. Менавіта з гэтым Вялікім Папам звязана адраджэнне каталіцкай веры ў нашым краі. Яго прыклад добрага пастыра, чалавека міру, надзеі і вялікай мужнасці дапамагаў і дапамагае многім людзям на дарозе збаўлення. Яму ўдзячныя, яго любілі і любяць на Беларусі. Засведчыць аб гэтым, а таксама памаліцца аб яго хутчэйшай беатыфікацыі прыйшлі шматлікія вернікі 16 кастрычніка, на Дзень Папы, які ўрачыста адзначаўся ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены. Пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк прывітаў усіх прысутных, сярод якіх быў Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які і цэлебраваў святую Імшу.

На пачатку гаміліі біскуп Антоні адзначыў, што ў гэтым годзе Дзень Папы праходзіць пад дэвізам «Ян Павел ІІ – Слуга Міласэрнасці». Дэвіз не выпадковы, бо з-за адсутнасці міласэрнай любові пад пагрозай знаходзіцца годнасць чалавека. «Можна смела сцвердзіць, — сказаў у прыватнасці біскуп, — што пантыфікат Яна Паўла ІІ быў адным вялікім урокам міласэрнасці не толькі тэарэтычным, але і практычным». Прамоўца нагадаў і пра вястунку Божай Міласэрнасці Фаустыну Кавальскую, на якую Ян Павел ІІ скіраваў увагу, паказваючы прыгажосць Божай цноты, якой з’яўляецца міласэрнасць. Гаварылася і пра тое, што з Маці Тэрэзай Святы Айцец ішоў да бедных у Індыі, яўляючы ўзор сапраўднай міласэрнасці. Папа пайшоў і ў турму да таго, хто спрабаваў яго забіць, і прабачыў яму. Абвяшчаючы Юбілейны год, Ян Павел ІІ заклікаў урады багатых дзяржаваў скасаваць хаця б частку пазыкаў бедным краінам. Міласэрнасць, якую Вялікі Папа засведчыў справай, словам і малітвай, была неад’емнаю часткаю ўсяго яго жыцця.

У канцы гаміліі біскуп Антоні з усімі вернікамі памаліўся за Касцёл на Беларусі актам прысвячэння свету Божай Міласэрнасці, які быў здзейснены ў 2002 годзе ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, а таксама ўсе прысутныя маліліся аб хутчэйшым далучэнні Слугі Божага Яна Паўла ІІ да ліку святых.

Пасля набажэнства адбыўся канцэрт духоўнай музыкі, у якім прынялі ўдзел такія калектывы, як «Голас душы», «Чырвоныя макі», «Паланэз», «Арханёл», «Тэнча», а таксама парафіяльны хор «Гасанна», які складаецца з самых малых дзяўчынак, і «Сымонкі» — хор хлопчыкаў. Шмат незабыўных хвілін падаравалі артысты сваім слухачам, праслаўляючы Бога, молячыся спевам за Папу і Айчыну.

Галіна Горская