Глыбокі сэнс закладзены ў гэтай народнай мудрасці, якая вельмі сугучная з іншай: без Бога — не да парога. Уявім адваротную сітуацыю. Стаіць прыгожы храм, у якім дзесяцігоддзямі, а то і вякамі маліліся людзі. Але гэты храм разбурылі, прычым разбурылі ў той самы час, калі ў край прыйшлі і голад, і мор, і эпідэміі... Вынікі 70-гадовага святатацтва ўсім добра вядомыя.

Дзякуй Богу, сёння духоўныя святыні адраджаюцца. Але, як кажуць, ламаць — не будаваць. У Маладзечне, напрыклад, за гады ваяўнічага атэізму было знішчана чатыры касцёлы і адна грэка-каталіцкая царква. Пакуль што тут адбудаваны толькі адзін касцёл імя св. Юзафа, які з’яўляецца не толькі цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця горада, але і самым прыгожым творам сучаснай архітэктуры.

Другі касцёл імя св. Казіміра проста зачароўвае сваёй вонкавай прыгажосцю, але ён знаходзіцца яшчэ толькі на паперы (здымак макета ўверсе, побач — здымак гэтага ж касцёла на сённяшні дзень). Як бачым, будаўніцтва толькі пачалося, але гэта ўжо вельмі і вельмі нямала.

Будуецца касцёл на цэнтральнай вуліцы, якая называецца «Вялікі гасцінец». Узводзяць святыню браты капуцыны з ордэна св. Францішка. Асноўны цяжар у гэтай справе лёг на плечы пробашча парафіі св. Казіміра ксяндза Тадэвуша Кавальскага і вікарыя гэтай парафіі ксяндза Сяргея Мацюшонка.

Пра тое, як выбівалася зямля, як збіраліся патрэбныя паперы і колькі іх яшчэ трэба, можна напісаць аповесць. Скажам толькі, што тры гады было аддадзена папяровай мітусні і толькі два месяцы — будаванню прыгожай капліцы імя св. айца Піо. Так хутка, бо браты капуцыны з Варшавы дапамаглі матэрыяльна. І вось цяпер побач узводзіцца касцёл св. Казіміра.

 
Вельмі цяжка будаваць у нас сёння каталіцкую святыню!

Нібыта горад зацікаўлены ў тым, каб узнікалі прыгожыя архітэктурныя забудовы, аднак ад валакіты і бюракратызму проста не прадыхнуць. Колькі ж нерваў і здароўя патрачана, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, а потым каб зацвердзіць праект! А калі пачалі будову, наогул стала рабіцца неверагоднае: пасыпаліся такія праблемы, што здавалася нічога ўжо не атрымаецца. У ксяндза Тадэвуша, напрыклад, ўзнікла пагроза быць высланым з Беларусі. Па падтрымку і параду капуцыны паехалі да кардынала Казіміра Свёнтэка. А той з уласцівым яму пачуццём гумару сказаў тады, што гэтыя праблемы ў параўнанні з тымі, што былі ў савецкія часы, нязначныя. І весела дадаў: «Нас высылалі ў Сібір, а вас усяго толькі на Захад...»

Божая справа заўсёды будзе мець перашкоды. Аб гэтым сведчылі многія святыя, у тым ліку і св. айцец Піо. Менавіта гэтаму святому вернікі Маладзечна даручылі апеку над будовай новага касцёла. У парафіі створана малітоўная група айца Піо, якая кожны аўторак моліцца ў справах будовы святыні, у тым ліку і за ахвярадаўцаў. Што і казаць, матэрыяльна вельмі цяжка. Аднак тут вераць словам айца Піо, што «праз малітву на ружанцы Маці Божая адчыняе не толькі сэрцы, але і партфелі». Ксёндз Тадэвуш расказаў цікавы выпадак. Прыйшла неяк да касцёла адна ўдава і прынесла салідную ахвяру. Сказала, што ёй прысніўся яе памерлы муж і прасіў, каб яна ахвяравала грошы на будову менавіта гэтай святыні. Айцец Тадэвуш з усмешкай дадаў: «Гэта, напэўна, ужо справа айца Піо».

Пробашч і вікарый у адзін голас гавораць пра тое, што будаўніцтва адбірае столькі часу, што няма калі займацца душпастырскай працай. Таму яны вельмі ўдзячныя Яніне Іосіфаўне Шацько, старшыні касцёльнага камітэта, якая вельмі дапамагае ў праблемах будаўніцтва.

У духоўнай літаратуры неяк чытала, што для пабудовы святыні патрэбна вялікая Божая ласка, якая не кожнаму нават святару даецца. Ксёндз Тадэвуш і ксёндз Сяргей шчыра раздзялілі гэтую ласку з пані Янінай. У справах новабудоўляў Яніна Іосіфаўна выдатны спецыяліст. У маладосці яна скончыла політэхнічны інстытут і працавала ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва. На ўсё жыццё засталася вернай гэтай справе, нават на пенсіі не выпадае пакуль што адпачыць.

«Калі мне прапанавалі заняцца справай будаўніцтва касцёла, я нейкі час раздумвала, — гаворыць Яніна Іосіфаўна. — А потым вырашыла, што адпачываць будзем у небе. А тут, на зямлі, трэба працаваць на хвалу Божую, пакуль ёсць сілы. Вядома ж, разумела, што будзе цяжка, але каб так...»

Прызналася, што не раз прыходзілі думкі адысці ад гэтай працы, асабліва калі сур’ёзна захварэла. Потым зразумела, што магчыма дзеля гэтай справы Бог беражэ яе жыццё.

«Мноства Божых ласкаў можа быць ураўнаважана толькі мноствам пакутаў», — сказаў некалі айцец Піо. Яніна Іосіфаўна гэта добра разумее і прымае да сэрца словы свайго любімага святога. Вядома, што зрабіць гэта дазваляе моцная вера, зярняты якой былі закладзены яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзілася яна ў Налібоках, што на Стаўбцоўшчыне, у пабожнай каталіцкай сям’і. У той час касцёл у гэтай весцы не дзейнічаў, таму ездзілі ў суседняе Дзераўное, хаця было небяспечна — настаўнікі запісвалі ўсіх вучняў у чорны спісак. Потым у яе жыцці быў час духоўнага зацішша. 16 гадоў пражыла з мужам без шлюбу, таму што ён быў камуністам. І толькі калі памёр яе бацька, настаяла на шлюбе, бо вельмі хацела пайсці да споведзі і святой Камуніі. Цяпер яе муж Васіль Іпалітавіч — першы памочнік і ў хатняй гаспадарцы, і па касцёльнай працы. «Калі б не яго падтрымка, я б столькі не змагла зрабіць», — гаворыць Яніна Іосіфаўна.

Мне давялося пабываць у парафіі св. Казіміра яшчэ ў чэрвені. І вось праз тры месяцы, у верасені, я патэлефанавала пані Яніне, каб даведацца пра апошнія навіны з будоўлі святыні. На тым баку тэлефоннай трубкі гучаў голас ледзве жывога чалавека. Ведаючы пра яе хваробу, спалохалася. Але яна мяне супакоіла, сказаўшы: «Я проста вельмі стамілася. Прыйшлі два вагоны клінкернай цэглы з Латвіі, і я займалася растаможкай, а гэта безліч папераў і летаніны». Паведаміла, што на падыходзе яшчэ шэсць вагонаў гэтага каштоўнага будматэрыялу. Паскардзілася, што з-за дажджу не ўкладваюцца ў планы заліўкі ўсяго фундаменту. Вельмі аптымістычна і з удзячнасцю гаварыла пра сваіх парафіянаў, якія нястомна збіраюць ахвяраванні на ўзвядзенне новага касцёла. Вядома, што будова храма сёння вельмі дарагая справа і сваімі сіламі яе ніяк не адолець, таму пробашч і яго браты капуцыны звяртаюцца куды толькі можна. Звяртаюцца і да вас, шаноўныя нашы чытачы. Дапамажыце гэтай святой справе хто чым можа. Пералічваць ахвяраванні можна на разліковы рахунак: 3015701620012 у АСБ «Беларусбанк» код 769 г. Маладзечна УНН 601011351.

 
Тым часам...

Парафія жыве і пашыраецца. У нядзелю адпраўляюцца чатыры святыя Імшы, а ў буднія дні — дзве. Дзякуй Богу, капліца запоўнена. «Але, каб усе католікі прыходзілі, — гаворыць ксёндз Тадэвуш, — то месца тут было б мала. Па калядзе мы налічылі 3 тысячы католікаў, але ёсць даведкі, што ў Маладзечне іх наогул каля 20 тысяч». Што ж, перспектыва росту парафіі вельмі вялікая, а значыць Легіёну Марыі, які тут існуе, ёсць над чым працаваць.

Вялікую дапамогу аказваюць ксяндзам у справах душпастырства законныя сёстры з ордэна Місіянерак Святой Сям’і — гэта і катэхізацыя, і духоўная апека супольнасцяў, якія існуюць у парафіі. Да таго ж, сёстры наведваюць два дамы-інтэрнаты для дзяцей, якія маюць слабы зрок. У далейшым пры касцёле плануецца адкрыццё сталоўкі для бедных, а таксама шмат іншых неабходных праектаў. Але пра гэта, калі Бог дасць, пагаворым ужо ў новай святыні.

Час духоўнага адраджэння – благаславёны час. Якое шчасце, што мы яго дачакаліся. Больш за тое, маем магчымасць удзельнічаць у будаўніцтве Божага Дома. Няма больш пачэснай працы, чым праца на хвалу Пана Бога. Тых, хто не можа скласці матэрыяльную ахвяру на будаўніцтва касцёла св.Казіміра, ксёндз Тадэвуш просіць аб ахвярнай малітве і шчыра ўсіх благаслаўляе.

Галіна Калевіч.
Фота з архіва парафіі.