У першы дзень кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень настаўніка, у мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася вялікая парафіяльная ўрачыстасць — ІІІ Фестываль творчасці дзяцей і моладзі «Лошыца 2006». У госці на свята парафіяне запрасілі дзяцей-інвалідаў з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна. Прыйшлі іх бацькі, а таксама супрацоўнікі цэнтра на чале з дырэктарам Людмілай Манкевіч.

Адгукнулася на запрашэнне і прыняла ўдзел у імпрэзе кіраўніца Управы сацыяльнай абароны ў Ленінскім райвыканкаме Ірына Дудко. Прысутнічалі таксама супрацоўніцы аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінгарвыканкама Ала Фёдарава і Алена Радчанка, што вымагала ад гаспадароў яшчэ большай адказнасці, надавала гонару і хваляванняў.

Пробашч парафіі Генадзь Кухарэвіч паведаміў, што дзеці і моладзь рыхтаваліся да свята некалькі тыдняў. Вечарамі і ў нядзельныя дні да драбніцаў адпрацоўвалі сцэнар імпрэзы, праводзілі рэпетыцыі, упрыгожвалі залу каляровымі шарыкамі і восеньскімі кветкамі. У зале, дзе адбываюцца набажэнствы, з’явіліся малюнкі пераможцаў дзіцячага конкурса «Мая мара» з краявідамі Беларусі, выявамі будынкаў старажытных касцёлаў, партрэты Слугі Божага Яна Паўла ІІ.

Распачалася імпрэза ўрачыстай Імшой, якую цэлебраваў пробашч парафіі з пасёлка Гатава Артур Папроцкі. Канцэртную частку прадоўжылі вядучыя Аляксандра Ліпень і Зміцер Пугач. Першае і самае адказнае выступленне ўзялі на сябе Павел Лешчанка і Марыся Завадская. У выкананні самадзейных артыстаў прагучала паэтычна-музычная кампазіцыя на верш Рыгора Барадуліна «Божа, паспагадай усім». Зрэшты, самадзейнымі артыстамі ўдзельнікаў фестывалю можна назваць толькі ўмоўна, бо многія закончылі музычныя школы (альбо навучаюцца ў іх) і прафесійна валодаюць музычнымі інструментамі. Нельга было без захаплення слухаць віртуозную ігру на балалайцы Алёны Нехвядовіч. Надаў весялосці і настрою ўсім прысутным і Андрэй Мікулін, які на акардэоне выканаў гарэзлівую «Польку». Дзяўчатам з танцавальнага калектыва «Дэбют» падчас выканання танца «Сучасныя рытмы» відавочна не хапала месца на імправізаванай сцэне. З задавальненнем людзі слухалі таксама праваслаўныя спевы ў выкананні Надзеі Федусенкі і Кацярыны Васілёнак. Гучалі ў гэты дзень і паэзія, і дзіцячыя вершы. Авацыі ад прыхільных слухачоў мелі таксама многія іншыя ўдзельнікі фестывалю: Карповічы Аляксей і Марыя, брацікі Эдзік і Уладзік Сініцы, Кацярына, Ганна, Казімір Клімовічы і іншыя (каля 20 юнакоў і дзяўчат). А самымі малодшымі артыстамі былі сястрычкі Сяліна і Каміла Кузміцкія, якім адпаведна 5 і 4 гады.

Фестываль у парафіі Маці Божай Ружанцовай, якая месціцца ў мікрараёне Лошыца ў Мінску, становіцца трывалай традыцыяй. Натхняльнікам у арганізацыі свята стаў пробашч Генадзь Кухарэвіч, які па гасцяванні ў сем’ях падчас калядных святаў быў вельмі ўражаны шматлікімі захапленнямі і творчымі талентамі дзяцей парафіянаў. Ідэю правядзення фестывалю творчасці юных музыкаў і спевакоў падхапілі і вернікі. Першы фестываль адбыўся сёлета ў студзені і адразу ж набыў папулярнасць нават за межамі парафіі, а таму было вырашана праводзіць агляд творчасці тройчы на год — на свята Божага Нараджэння, на Вялікдзень і на пачатку новага навучальнага года.

Яшчэ адна традыцыя парафіі — сустрэчы сем’яў руху «Сужэнскі дыялог». Гэта гутарка пра патрэбы, дапамогу і падтрымку Бога ў кожнай сям’і. Усе гэтыя сустрэчы напоўныя цёплымі сямейна-сяброўскімі стасункамі. Яны абавязкова завяршаюцца піццём гарбаты з канапкамі і печывам, а таксама жартамі і весялосцю. Як сведчаць многія ўдзельнікі гэтых сустрэч, яны даюць ім сілы пераадольваць штодзённыя жыццёвыя клопаты і цяжкасці, а таксама чакаць наступных сустрэчаў з Богам у коле сяброў. Гэта вельмі важная і патрэбная праца, якую праводзіць ксёндз Генадзь, а таксама касцёльная рада на чале з Паўлам Кузміцкім і яго жонкай Аленай. На плябаніі, дзе адбываюцца гэтыя сужэнскія сустрэчы, усё менш застаецца месца, бо мікрараён Лошыца працягвае будавацца і з часам у парафію прыходзіць усё больш маладых сямейных параў. Тут працуе нядзельная школа для дзяцей і моладзі. І калі яшчэ ў мінулым годзе на заняткі прыходзілі тры ўзроставыя групы дзяцей, то з гэтага года працуюць шэсць такіх груп. Новы мікрараён Лошыца — з шэрагу тых новабудоўляў, якія ў народзе называюць «спальнымі». Тут пакуль няма кінатэатраў, палацаў культуры ці лядовых палацаў, таму для многіх касцёл з’яўляецца адзіным не толькі рэлігійным, але і культурным цэнтрам. Пра тое, што колькасць ахвотных увайсці ў жыццё парафіі год ад году павялічваецца, гаворыць і той факт, што ў мінулым годзе ў пілігрымку ў Будслаў з Лошыцы ішлі пяць чалавек, а сёлета ўжо 22...

А пачыналася ўсё з некалькіх вернікаў, якія дзесяць гадоў таму дапамагалі ксяндзу Уладзіславу Завальнюку зарэгістраваць парафію. Яны ж спрабавалі рэалізаваць ідэю аднаўлення каталіцкай капліцы ў Лошыцкім парку, але ні сілаў, ні сродкаў на гэта не было. Некаторы час набажэнствы праводзіліся каля паўразбуранай капліцы пад адкрытым небам. З надыходам халадоў малітоўныя сустрэчы адбываліся ў прыватных кватэрах і дамах. Цяпер набажэнствы адпраўляюцца ў будынку мясцовага ЖЭСа, дзе парафія арандуе актавую залу. Зразумела, што сапраўдны касцёл складаецца з жывых цаглінак-людзей, і ў гэтым сэнсе можна смела казаць, што ў парафіі Маці Божай Ружанцовай ён надзейны і трывалы, але не менш важна мець таксама і ўласны дом Божы, бо, як вядома, «дома і сцены дапамагаюць».

У пробашча парафіі Генадзя Кухарэвіча і вернікаў парафіі вялікія спадзяванні на будаўніцтва свайго будынка касцёла. Праект прыгожай святыні даўно распрацаваны і зацверджаны горадабудаўнікамі, выдзелена месца пад яе ўзвядзенне, аднак першы камень так і не закладзены. Каб будаўніцтва пачалося, парафія павінна пералічыць на развіццё інфраструктуры сталіцы 250 тысяч даляраў альбо 575 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта фантастычныя грошы, бо парафіяне — гэта моладзь, маленькія дзеці і некалькі чалавек сталага ўзросту. Але нават усе парафіі Мінска не назбіралі б і палову гэтай сумы. Акрамя таго, парафіяне з уласных сродкаў дапамагаюць хворым дзецям, якімі апякуецца Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Мінска. Застаецца толькі спадзявацца на паразуменне і дапамогу гарадскіх уладаў, якія маглі б вызваліць парафію Маці Божай Ружанцовай ад падатку.

... Трэці парафіяльны фестываць «Лошыца–2006» завяршыўся ўрачыстым ушанаваннем удзельнікаў імпрэзы. Пераможцы на фестывалі ў Лошыцы не вызначаліся, але ўсе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя лісты і салодкія падарункі. На заканчэнне ксёндз Генадзь Кухарэвіч падзякаваў усім прысутным і запрасіў на наступны фестываль, які адбудзецца на Каляды. І ўдзельнікі, і госці разышліся з надзеяй, што неўзабаве прыйдзе тая пара, калі парафіяльны лошыцкі фестываль будзе праходзіць у памяшканні новага касцёла Маці Божай Ружанцовай.

Галіна Макаўчук