Новыя святыя

15 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кананізаваў чатырох новых святых. Да хвалы алтара былі ўзнесены мексіканскі біскуп Рафаэль Гісар Валенсія, які клапаціўся пра параненых падчас антыклерыкальнай рэвалюцыі, італьянскі святар Філіпо Змальдонэ, які заснаваў кангрэгацыю сясцёр і ствараў школы для глуханямых, маці Тэадора Герэн, якая засноўвала школы і рэлігійныя ўстановы для жанчын у ЗША, а таксама Роза Вэнэрыні, якая стварала грамадскія школы для дзяўчынак у Італіі.

 
Сустрэча Бэнэдыкта XVI з вернікамі ў Вероне

19 кастрычніка 2006 г. Святы Айцец наведаў паўночнаітальянскі горад Верону, дзе праходзіў Нацыянальны касцёльны кангрэс Італіі, у якім бралі ўдзел біскупы, духавенства і свецкія вернікі з усёй краіны. Папа выступіў на адкрыцці кангрэса, пасля чаго цэлебраваў на гарадскім стадыёне святую Імшу, у якой бралі ўдзел больш за 50 тысяч чалавек. У сваім выступленні Святы Айцец нагадаў прысутным, што Касцёл вітае «сапраўднае каханне, тую натуральнасць чалавека, якая была створана Богам», і ў той жа час «гаворыць „не“ слабым і ненармальным фор- мам кахання». Папа таксама заклікаў асцерагацца «пагрозы палітычных і заканадаўчых рашэнняў, якія нішчаць фундаментальныя каштоўнасці, а таксама антрапалагічныя і этычныя прынцыпы, укаранёныя ў натуры чалавека». «Сям’, заснаваная на сужэнскіх ідэалах, супрацьстаіць законам, якія адабраюць іншыя формы саюзаў, — яны толькі аслабляюць яе саму і яе сацыяльную ролю, якая не можа быць падменена», — адзначыў Папа.

 
Святы Айцец наведае Турцыю

З 28 лістапада па 1 снежня запланаваны візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Турцыю. Падчас візіту Папа наведае Анкару, Ізмір, Эфес і Стамбул. Падарожжа Папы прымеркавана да ўспаміну святога апостала Андрэя, які з’яўляецца Апекуном Праваслаўнай Царквы. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень з Ватыкана да Канстанцінопальскага патрыярха накіроўваецца з віншаваннямі прадстаўнічая дэлегацыя. Сёлета Святы Айцец будзе мець магчымасць асабіста павіншаваць праваслаўнага патрыярха са святам. У Анкары Бэнэдыкт XVI сустрэнецца з кіраўніцтвам краіны, якое, аднак, разглядае падарожжа Папы выключна як візіт кіраўніка дзяржавы, а не рэлігійнага лідэра. У старажытным Эфесе Святы Айцец будзе маліцца ў Доме Багародзіцы Марыі, а ў Стамбуле прыме ўдзел ва ўрачыстасцях, якія арганізуе Канстанцінопальскі патрыярхат у гонар святога Андрэя.

 
Мучанікі нашага часу

Паводле дадзеных міжнародных арганізацый па абароне правоў хрысціянаў, кожны год 170 тысяч хрысціянаў у свеце прымаюць мучаніцкую смерць. Каля 200 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста церпяць пераслед і дыскрымінацыю з прычыны свайго веравызнання. Гэтыя лічбы пра пераслед хрысціянаў у наш час падаюцца ў дэк- ларацыі, якая была нядаўна падпісана на экуменічным з’ездзе ў Бланкенбургу (Усходняя Германія) прадстаўнікамі каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій. У дакуменце таксама адзначаецца, што ў сучаснай Еўропе хрысціяне ўсіх канфесій церпяць ад рэпрэсій і прыцясненняў, якія чыняцца пад лозунгам «талерантнасці». Аўтары Бланкенбургскай пракламацыі гавораць пра небяспеку ўзрастання антыхрысціянскіх настрояў у заканадаўстве, акадэмічным жыцці і школьнай адукацыі.

Паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.