Да 10-годдзя з дня смерці ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага

Невялікі белы касцёл на маляўнічым узгорку, побач з ім — драўляная званіца, прыступкі ад касцёльных дзвярэй спускаюцца проста да ставоў. Гэты прыгожы куток — двор Шэметава, дзе амаль паўстагоддзя нёс ахвярнае святарскае служэнне ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі, адданы святар, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Богу, Касцёлу і людзям.

У маленькай сакрыстыі шэметаўскага касцёла сабраліся старэйшыя парафіяне, каб падзяліцца ўспамінамі пра свайго шматгадовага пастыра. Пажылыя жанчыны са спрацаванымі рукамі і маладымі вачыма з вялікай любоўю і цеплынёю апавядаюць пра свайго святара.

На пачатку 1914 г. у сям’і Адама і Анелі Кучынскіх, якія жылі ў Альковічах (цяпер Вілейскі дэканат), нарадзіўся хлопчык. 14 студзеня ён быў ахрышчаны ў мясцовым парафіяльным касцёле і атрымаў імя Станіслаў. Стасік рос у сумленнай рэлігійнай сям’і і з маленства быў вельмі пабожным. Ён усім сэрцам палюбіў Найсвяцейшую Панну Марыю і даручаў Ёй сябе ў самыя складаныя і вырашальныя моманты свайго жыцця, з даверам шэпчучы Нябеснай Матулі: «Накіруй Стасіка!». Менавіта Яе апека і заступніцтва дапамаглі яму мужна перанесці ўсе цярпенні і выпрабаванні, якіх так багата было ў яго жыцці.

Напачатку Маці Божая прывяла Станіслава Кучынскага на факультэт тэалогіі Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, які ён скончыў у 1939 годзе. Гэта быў апошні выпуск перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Святарскае пасвячэнне прыняў 18 чэрвеня 1939 г. з рук Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, прыміцыйную св. Імшу цэлебраваў у родных Альковічах і быў скіраваны на працу ў парафію ў Свіры.

Там маладога святара заспела вайна: у заходнюю Беларусь прыйшлі «саветы». З-за пагрозы для жыцця тагачасны Свірскі дзекан выехаў у Літву, і яго вікарый ксёндз Кучынскі застаўся адзін. Яго некалькі разоў шукалі шпегі з НКВД, і святар быў вымушаны суткамі хавацца ў лодцы на Свірскім возеры.

У 1942 г. ксёндз Станіслаў Кучынскі быў прызначаны ў шэметаўскую парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Тутэйшыя парафіяне з кветкамі сустракалі маладога вікарыя, які прыехаў са Свіра на кані. Ксёндз Станіслаў арганізаваў у Шэметаве групу міністрантаў, якая складалася з 24-х хлопцаў, займаўся парафіяльным хорам. Такія звычайныя святарскія абавязкі сталі сапраўдным подзвігам у часы страшнага ваеннага ліхалецця, калі святарскае служэнне часта было звязана з рызыкай для жыцця.

Аднойчы зімою 1944 г. у плябанію ў Шэметаве ўварваліся ўзброеныя людзі, якія называлі сябе «партызанамі». Яны ў мароз вывелі з плябаніі старога пробашча, ксяндза Стэфана Раманоўскага, і пачалі здымаць з яго боты. Не стрываўшы такога здзеку, пажылы святар памёр — спынілася сэрца. Тады бандыты абрабавалі плябанію і падпалілі яе.

Гэтыя страшныя весткі людзі прынеслі вікарыю Станіславу Кучынскаму ў вёску Конціненты, дзе той быў на калядзе. Святар, ні на хвіліну не завагаўшыся, вырашыў неадкладна вяртацца ў Шэметава, хоць гэта пагражала сустрэчай з лютымі бандытамі і было смяротна небяспечным. Каб у ім не пазналі святара і не распранулі, людзі далі ксяндзу Станіславу грубую сялянскую вопратку і, падвёзшы да могілак, пакінулі там. Далей ён павінен быў ісці адзін…

Раздаўшы парафіянам рэчы памерлага ксяндза Раманоўскага, а міністрантам — кніжкі, што засталіся з парафіяльнай бібліятэкі, ксёндз Станіслаў быў вымушаны перабрацца ў вёску Шэметава, дзе штодзённа цэлебраваў святую Імшу ў ператвораным у каплічку доме адной парафіянкі. Імшы ў шэметаўскім касцёле, аддаленым ад вёскі, адбываліся тады толькі па нядзелях.

Адразу пасля вайны ў жыцці пастыра шэметаўскай парафіі адбыўся сапраўдны цуд. Аднойчы ён прысеў на лаве каля дома, каб памаліцца. Падчас малітвы ён раптам пачуў голас: «Сыходзь адсюль!». Праз пэўны час, які ксёндз правёў у шчырай малітве, голас паўтарыў наказ: «Сыходзь адсюль зараз жа!». Ксёндз Станіслаў зразумеў, што гэта голас звыш. Ён, не азіраючыся, сышоў з Шэметава, а неўзабаве ў плябаніі з’явіліся ўзброеныя людзі, якія шукалі святара і дапытваліся ў сястры, дзе ён. Такім чынам Божы Провід у чарговы раз уратаваў жыцё таму, каго выбраў і прызначыў пастырам сваіх авечак.

З вялікімі намаганнямі парафіянам удалося адбудаваць плябанію, і жыццё паволі пачало наладжвацца. Вернікі бачылі самаахвярнасць свайго пастыра і чым маглі дапамагалі яму. Дарослыя прывозілі з лесу дровы, а міністранты прыходзілі дапамагаць пробашчу іх пілаваць, секчы і складаць. Падчас перапынкаў у працы ксёндз частаваў сваіх маленькіх памочнікаў сціплым пасілкам і распавядаў ім шмат цікавага.

Савецкая ўлада, што канчаткова ўсталявалася пасля вайны, выгнала ксяндза Станіслава з адноўленай людзьмі плябаніі. Святар застаўся без даху над галавою. Уначы вернікі перавезлі кнігі і асабістыя рэчы ксяндза ў вёску Сурвілы. Пражыўшы там пэўны час, ксёндз Станіслаў перабраўся ў Міціненты, дзе яму дала прытулак у сваім доме адна шматдзетная сям’я. Штодзённа ў любое надвор’е святар хадзіў у касцёл, каб цэлебраваць св. Імшу. Зрэдку яго падвозілі, але часцей за ўсё шлях з дома ў касцёл і назад ксёндз Станіслаў пераадольваў пешкі, бо каня трымаць яму забаранілі. Ён рэгулярна цэлебраваў св. Імшу ў Канстанцінаве і час ад часу ў Будславе. Каб прывезці туды святара, людзі прыдумалі своеасаблівую «эстафету»: трактарысты з розных калгасаў употай ад кіраўніцтва падвозілі ксяндза Станіслава з аднаго калгаса ў другі, там перасаджвалі на наступны трактар, і такім чынам ксёндз дабіраўся да месца прызначэння.

Жыццё ў Шэметаве стала крыху лягчэйшым, калі пробашч пасяліўся ў дамку, які дазволілі пабудаваць побач з касцёлам, непадалёк ад плябаніі, у той час занятай рыбгасам. Шэметаўскі ксёндз жыў тут разам са сваімі сёстрамі, якія дапамагалі яму па гаспадарцы. Жыў ён вельмі сціпла, чым мог дапамагаў усім, хто меў у гэтым патрэбу: пагарэльцам, самотным, вязням. Бедным жанчынам ён мог аддаць нават выходны абутак роднай сястры. Але на першым месцы ў яго жыцці заўсёды была святарская паслуга, з якою ён быў гатовы прыйсці ў любы час дня і ночы, куды б яго ні паклікалі. Па першай просьбе ён сядаў на матацыкл і ехаў да хворых ці да паміраючага.

Нягледзячы на жорсткі пераслед, касцёл у Шэметаве ніколі не зачыняўся і тут заўсёды можна было знайсці святара, які адкрыта або патаемна ўдзяляў сакрамэнты: спавядаў, хрысціў, благаслаўляў сужэнствы, удзяляў дзецям Першую св. Камунію, канфірмаваў. Калі дзецям спрабавалі забараніць хадзіць у касцёл, ксёндз пускаў іх у святыню праз сакрыстыю, каб маленькія парафіяне таксама маглі ўдзельнічаць у Імшы. У 1961 г., калі памёр Свірскі дзекан, шэметаўскі пробашч быў прызначаны на яго месца, хоць касцёл у Свіры быў зачынены. Да таго ж у часы, калі на нашых землях адсутнічала каталіцкая іерархія, ксёндз Станіслаў Кучынскі быў Генеральным Вікарыем часткі былой Віленскай архідыяцэзіі — на Міншчыне і на Віцебшчыне.

Актыўная дзейнасць ксяндза Станіслава Кучынскага моцна раздражняла антырэлігійныя савецкія ўлады. Святара часта выклікалі на размовы ў Мядзел, Мінск і нават у Маскву. Яго гадзінамі трымалі ў кабінетах, спрабуючы абразамі і пагрозамі прымусіць спыніць служэнне і выехаць з Шэметава. Часам для таго, каб быць у мядзельскім райвыканкаме ў прызначаную гадзіну, ксяндзу даводзілася з вечара выязджаць на трактары ў раённы цэнтр і там цэлую ноч чакаць адкрыцця ўстановы. Двойчы ў ксяндза Станіслава забіралі дазвол на здзяйсненне святарскай дзейнасці, так званую «даведку»: у 1961 г. на паўгады, а ў наступным годзе — на 3 летнія месяцы.

Не здолеўшы прымусіць ксяндза Станіслава Кучынскага абмежаваць душпастырства, яго вырашылі абылгаць. Нагодаю паслужыў няшчасны выпадак. Аднойчы ў шэметаўскай сажалцы ўтапіўся хлопчык. Першым пра гэта даведаўся ад іншых дзяцей святар, чый дом быў найбліжэй да вады. Ён адразу кінуўся ратаваць малога, але выцягнуў на бераг толькі яго нежывое цела. Пра гэтае здарэнне з’явіліся артыкулы ў газетах, у якіх ксяндза падазрававлі ў тым, што ён утапіў дзіця (пазней нават з’явілася кніжка, у аснову сюжэта якой былі пакладзены гэтыя неабгрунтаваныя падазрэнні). Але спроба абліць святара брудам таксама не ўдалася — плёткі не пашкодзілі яго аўтарытэту сярод людзей, якія доўгія гады асабіста ведалі, што за чалавек іх пробашч.

Надзвычайная любоў ксяндза Станіслава да бліжніх пацвердзілася ў сур’ёзным выпрабаванні. Аднойчы ў сакрыстыю шэметаўскага касцёла ўварваўся п’яны вясковец, які ў той час жыў у плябаніі. Яго вочы выпраменьвалі нянавісць, у руках быў нож, а з вуснаў зляцеў крык: «Зарэжу!». Святар спакойна адказаў: «Сынку, а што ж я табе такога зрабіў?». Зламыснік быў настолькі збянтэжаны такім зычлівым зваротам, што нож вываліўся з яго рук… А ксёндз Станіслаў, які назваў чалавека, што хацеў яго забіць, «сынку», даў асаблівае сведчанне айцоўскай любові Таго, хто ўчыніў яго сваім святаром.

Дзякуючы настойлівасці парафіянаў плябанію ўдалося вярнуць. Гэта стала цудоўным падарункам да 50-гадовага юбілею святарства ксяндза Станіслава Кучынскага, які ўрачыста адзначалі ў шэметаўскай парафіі ў чэрвені 1989 г. Увосені таго ж года пробашч вярнуўся ў сваю плябанію, якую сам актыўна дапамагаў рамантаваць, але Бог спаслаў яму новае выпрабаванне. Яно пачалося з таго, што паступова пачаў мярцвець палец на назе. Пакуль лекары вызначылі прычыну хваробы, развілася гангрэна. Ксёндз Станіслаў са снежня 1989 г. па 1990 г. лячыўся ў Вільні. Цікавы той факт, што аперацыю там яму рабіў яго шэметаўскі парафіянін. І колькі разоў сустрэчы з парафіянамі мелі фактычна лёсавызначальную ролю ў жыцці ксяндза Станіслава! Напрыклад, вярнуцца ў плябанію яму дапамагла сустрэча з вернікам шэметаўскай парафіі ў Сочы, які ў той час дасягнуў высокага становішча ў кіраўнічых органах. Такім чынам, пераслед з боку адных людей кампенсаваўся дапамогаю з боку другіх.

Жыццё ксяндза пробашча Станіслава Кучынскага яшчэ раз крута змянілася ў 1990 г., калі Апостальскі Адміністратар для католікаў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адкрыў у Гродне першую семінарыю. Ксяндза Станіслава паклікалі туды, каб ён заняў пасаду рэктара гэтай навучальнай установы, дзе рыхтавалася да святарскага служэння большасць нашых святароў, у ліку якіх цяперашні пробашч шэметаўскай парафіі будслаўскі дзекан ксёндз Пётр Шарко. Ён скрупулёзна збірае ўсё, што звязана з жыццём і дзейнасцю ксяндза Станіслава Кучынскага і як каштоўныя рэліквіі захоўвае яго лісты і фотаздымкі. Ксёндз Пётр згадвае свайго першага рэктара і папярэдніка як чалавека пунктуальнага, патрабавальнага і справядлівага. Напэўна, менавіта за гэтую апошнюю якасць, а таксама за вялікую зычлівасць да семінарыстаў, яны яго вельмі любілі і паважалі.

За вялікія заслугі перад Богам і Касцёлам Святы Айцец Ян Павел ІІ, з якім ксёндз Станіслаў Кучынскі сустракаўся падчас візіту Папы ў Польшчу, надаў яму годнасць інфулата. У апошнія гады жыцця ксёндз Станіслаў па-ранейшаму, нягледзячы на цярпенні, штодзённа цэлебраваў святую Імшу: або ў суправаджэнні клерыка, які дапамагаў яму падысці да алтара, або з адным-двума клерыкамі ў сваім пакоі. Пра сваіх шэметаўскіх парафіянаў добры пастыр таксама не забываўся і, пакуль дазваляла здароўе, час ад часу прыязджаў да іх у Шэметава. Калі 2 снежня 1996 года ён адышоў у вечнасць, яны таксама, амаль усе, прыехалі развітацца з ім.

Ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі быў пахаваны на парафіяльных могілках у сваіх родных Альковічах, але памяць пра яго жыве і ў Гродне, і, перш за ўсё, у шэметаўскай парафіі, дзе прайшла большая частка яго вялікага святарскага жыцця.

З падзякаю шэметаўскім парафіянам
і пробашчу кс. Пятру Шарко
Мікола Гракаў.

Фота з архіва шэметаўскай парафіі.