Малітва ўсходкаў

Хадзем на каленях па ўсходках,
спрасаваных каленьмі продкаў.
На каленях найлепшы спосаб
дайсці да святых нябёсаў...

Пад зорным небам капліца.
Адтуль не могуць разбіцца
немаўлят пустыя калыскі —
самі ўсе не трапілі ў спіскі,
а ў боль сваіх церняў салодкі,
дзе чакаюць збаўлення продкі...

А Твой Вастрабрамскі замак
на сонейку пабудаваны.
Для душаў, скалечаных самых,
маладзічок маляваны...

                

 
           Малітва слёз

Як дрэўца ад папяровак,
так я ад слодычы словак...

Малюся аднымі слязамі...
Са слёз ружанчык знізала.

Нанізала горкія гронкі
на праменне Тваёй каронкі...

Так сплятаю наіўны ўзорык
на кожны ражок Тваіх зорак...

Абмываю Твой пальчык святы,
Божы знак Тваёй дабраты.

Складаю слязін маіх воты
пад вобраз Твой срэбна-злоты.


 
Малітва старасці

Старасць мая ў акенца мутнае просіцца
ўмольнымі вачамі галоднага коціка.

Куточкі мае сумныя не абагрэтыя сябрамі,
Сумаўляліся тут паэты, іх у мяне забралі.

Старасць восені шэрай кусты ў садзе мые.
Сад адзічэў без веры. Пілуюць дрэвы нямыя.

Не смяецца малінаўка, не пяе нават горліца,
Толькі дождж храбусціць. Вярба стомлена горбіцца.

Паэтам Чэславам Мілашам распрацавана стратэгія
старасці — у самоце маўчання элегія...

Пайшла б па грыбы або некуды, абы далей ад хат.
Але цягне магнітам ногі стомленыя асфальт.

О, Вастрабрамская Маці, Ты не пакінеш ніколі
шчаслівую ў няшчасці гэту самотную долю,

Якая ўся аддаецца на ласку Тваю з пакорай
аж да хвіліны смерці, магчыма, замоленай, добрай.


 
           Малітва ўспамінаў

Можна скласці дзіцячымі ручкамі
Вострую Браму з пясочку на горцы,
якая вартуе даліну ад разлівання...

Можна ўкленчыць да
Вастрабрамскай Брамы,
створанай малітваю мамы
у вострым кутку хаткі
пад клёкат бусліны псальмаў,
магніфікат шчаслівага бацькі шпака.

Можна туды вяртацца
штодзень на світанні
у чыстых малітвах, як дым
над комінам хаты, —
з міласэрнасцю незваротнай...


 
Малітва роз

Ты знітавала ў еднасць
народы ўсходу-заходу,
мацярынскай пяшчотай
замацавала іх згоду...

Паміж нябёсаў-глыбіняў
з пуху птушыных пёркаў
паставіла ўсходкі-драбіны
ад святых да прарокаў.

Мадонна ў ахове зорак,
узор найчысцейшых цнот!
Складаю Табе ў пакоры
ўвесь беларускі род.

Папрасі яму літасці ў Пана
ў дзень смерці яго нечаканай.


 
           Малітва падзякі

Дзякуй Табе за Твой Божы свет,
дзе квітнела наша маленства.
Дзе матуляў вясновы квет
мае ў Табе падабенства.

На гэтым абсягу зямным заўсёды
давер да Цябе не менеў.
Ты здымаеш у часе бяды
з сэрцаў цяжар каменняў.

Ад спакушэнняў упасці ў дол
Ты нам пасылаеш анёлаў...
Дзякуй Табе за святы Касцёл,
за ўсе сцежкі Твае да Касцёла.


 
Малітва світання

Найбліжэй да святога світання,
найбліжэй да змёртвыхпаўстання,
да Тваіх грудзей прытуліцца,
да анёльскіх Тваіх завушніцаў,
да надзеі зоркі-грамніцы,
з якой Вілейка бруіцца,
якая ў Вільні світае,
пакуль малітвы павеў далятае да мяне,
якая ў салодкім сне...


 
           Твае пілігрымы

Мы — Твае дзеці, Твае пілігрымы,
мы ідзём шляхамі Тваімі,
ідзём святымі шляхамі
у таямнічым шаптанні —
днямі, начамі, з будучыні, з нябыту
пад сонцам Вялікага Княства Рэчы Паспалітай,
дзе патанаюць дарогі ў засені нашых малітваў.

Збіраемся ў свежасць світанняў
да міласэрнай нястомнай Пані
чыстай святою Вільняй
перад галоўкай нахіленай...

Хто з крыжыкам хросту бярэ
Твой цудатворны абраз —
той з немаўляці належыць Табе сярод нас...

Хто на апошнім дыханні
спявае вяночак, літанію
у касцёле святым —
той верны Твой пілігрым...

Хто да Бога ў руках мае пропуск —
Твой абразок папяровы,
той у вечнасці пілігрым ганаровы...

О, сардэчная Маці, Аяпкунка людзей,
пашкадуй сірацінаў — мы заўсёды ў бядзе...
Няхай нас у доме Пана супакоіць салодкі сон.
Няхай над намі змілуецца з улоння Твайго Божы Сын.

Данута Бічэль