Умілаваныя браты і сёстры, (…) у дзень, калі мы ўзгадваем абранне Караля Вайтылы на Пасад святога Пятра, я жадаю духоўна з’яднацца з вамі ў малітве падзякі за пантыфікат майго вялікага папярэдніка. (…) Разам з вамі я хачу ў думках вярнуцца да таго незабыўнага дня яго абрання на Пасад святога Пятра. Я ўсё яшчэ чую рэха яго словаў — сціплых, мудрых і поўных самаахвярнасці, — калі ён адказваў на пытанне, ці прымае выбар, зроблены кардыналамі: «У паслухмянасці веры перад Хрыстом, маім Панам, давяраючы сябе Маці Хрыста і Касцёла, усведамляючы вялікія цяжкасці, прымаю!». Перад маімі вачыма стаіць яго фігура на балконе базылікі святога Пятра, калі ён упершыню ўдзяляў благаслаўленне Urbi et Orbi, давяраючы сябе Багародзіцы і любові тых, пра каго ва ўсім свеце ён павінен быў узяць на сябе клопат як пастыр і правадыр. Я назаўсёды запамятаў яго прарочы заклік: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». Я дзякую Богу за тое, што з гэтымі вобразамі ў сэрцы я змог правесці больш за два дзесяцігоддзі побач з ім, адчуваючы яго прыхільнасць і сяброўства, і што сёння магу працягваць яго справу пад яго заступніцкім позіркам з дому Айца. Я дзякую Богу за яго жыццё, праведзенае ў любові да Хрыста і людзей, якое ўзбагаціла ўсё чалавецтва ласкаю Духа Святога ў адносінах да братэрства і міру. Нарэшце я дзякую Богу за сведчанне яго цярпення, аж да смерці з’яднанага з цярпеннем Хрыста — сведчанне, якое дае нам жыццёвыя сілы і аб’ядноўвае ў надзеі на жыццё вечнае.

З тэлевізійнага звароту Бэнэдыкта XVI
з нагоды Дня Папы ў Польшчы.
Ватыкан, 16 кастрычніка 2006 г.