Урачыстасць Усіх Святых — 1 лістапада 2006 г.

Чытанні: Ап 7, 2–4. 9–14;
Пс 24 (23); 1 Ян 3, 1–3.

Евангелле (Мц 5, 1–12а):

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Сёння, ва ўрачыстасць Усіх Святых, перад намі становіцца незлічоная грамада благаслаўлёных людзей, якіх Хрыстус называе «шчаслівымі»; людзей, якім мы можам па-добраму пазайздросціць, бо яны здзейснілі вялікую справу — перамаглі ў сваім жыцці. Слуга Божы Ян Павел ІІ называе святых «паказальнікамі», якімі мы павінны кіравацца ў нашым штодзённым жыцці. Кожны з іх ішоў да Бога сваім шляхам, але ніхто з іх не стаяў нерухома. Нягледзячы на асяроддзе і час, у які ім давялося жыць, яны ўгрунтавалі сваё жыццё на Богу і… перамаглі! Каб даведацца, які шлях вядзе да святасці, мы павінны разам з апосталамі ўзысці на Гару Благаслаўленняў, павінны наблізіцца да Езуса і пачуць словы ласкі, што выходзяць з Ягоных вуснаў. Езус, прамаўляючы благаслаўленні, як быццам узносіць да святасці перш за ўсё людзей убогіх духам, пакорных, тых, хто мужна прымае цярпенні, справядлівых, міласэрных, з чыстымі і напоўненымі любоўю сэрцамі, тых, хто нясе мір і згоду. А які мой шлях да святасці? Часта нашае жыццё падобнае да вады, што цячэ праз пальцы. І так «працякло» ў кагосьці пятнаццаць, у кагосьці трыццаць, а ў кагосьці і семдзесят гадоў. Мы самі марнуем час, які даў нам Бог. Святыя ж, якія ішлі шляхам благаслаўленняў, аддалі ўсё, што мелі: усё сваё жыццё яны аддалі служэнню Богу і людзям і менавіта дзякуючы гэтаму перамаглі. Яны не толькі не згубілі свайго часовага жыцця, але і працягнулі яго ў бясконцасць. Цяпер яны жывуць вечна.

 
XXХІ звычайная нядзеля — 5 лістапада 2006 г.

Чытанні: Дрг 2, 2–6; Пс 18 (17);
Гбр 7, 23–28.

Евангелле (Мк 12, 28b–34):

Адзін кніжнік падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя. І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Каб добра зразумець сэнс сённяшняга Евангелля, трэба ўзяць пад увагу тое, што ў часы Хрыста ў юдаізме існавала 613 розных запаведзяў. Самі кніжнікі вялі бясконцыя спрэчкі пра тое, якія з гэтых наказаў і забаронаў больш важныя, а якія — менш. Таму адказ Езуса мае вельмі вялікае значэнне. З гэтай вялізнай колькасці законаў ён вылучыў дзве запаведзі, першая з якіх датычыцца любові да Бога, а другая — любові да бліжняга. Гэтыя дзве запаведзі Хрыстус прызнаў найважнейшымі. Таму ўся хрысціянская маральнасць павінна грунтавацца на іх. Згодна з найбольшай запаведдзю, наша любоў перш за ўсё належыць Богу, бо менавіта Ён першым палюбіў нас і бясконца дарыць нам сваю бязмежную, верную і ўсёдаравальную любоў. Мы, хрысціяне, не можам забывацца пра тое, адкуль мы паходзім і куды імкнемся, не можам быць абыякавымі да свайго Створцы і Збаўцы. Уся наша хрысціянская свядомасць грунтуецца на любові: з любові да нас Бог спаслаў нам свайго Сына, які з любові да нас памёр на крыжы. Ён учыніў гэта для таго, каб вярнуць нам паўнату жыцця ў Ім і з Ім на ўсю вечнасць. Хрысціянін, які ўсведамляе гэты незвычайны дар і адчувае ўдзячнасць за яго, у сваім жыцці паставіць Бога на першае месца і будзе дарыць сваю любоў Таму, хто ёсць дасканалай Любоўю. Адказваючы на пытанне пра найбольшую запаведзь, Езус нагадвае не толькі пра неабходнасць любіць Бога ўсім сваім сэрцам, душою і розумам. Гэты наказ Боскі Настаўнік дапоўніў другою запаведдзю, якая датычыцца любові да бліжняга. На падставе гэтай запаведзі Касцёл вучыць таму, што неабходна даваць сведчанне, робячы дабро іншым, і нагадвае, што добрыя ўчынкі не павінны мець ніякіх абмежаванняў. Такім чынам нам паказваецца мера любові да іншага чалавека. Падсумоўваючы ўсё Святое Пісанне, Езус так вызначыў выкананне запаведзі любові да бліжняга: «Усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце» (пар. Мц 7, 12а).

 
XXХІІ звычайная нядзеля — 12 лістапада 2006 г.

Чытанні: 1 Вал 17, 10–16;
Пс 146 (145); Гбр 9, 24–28.

Евангелле (Мк 12, 38–44):

Езус сказаў народу, навучаючы: Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і прывітанні на рынках, і першыя лаўкі ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто яб’ядае дамы ўдоў і напаказ доўга моліцца, атрымаюць найцяжэйшы прысуд. І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складаюць чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.

Годная здзіўлення назіральнасць Езуса, які нават са штодзённых падзеяў можа вывесці цудоўнае навучанне для сваіх вучняў, а таксама і для нас. Ён сядзеў і глядзеў на людзей, якія складалі свае ахвяры ў скарбонку. Большасць з іх кідала ў скарбонку дробязь, і толькі багатыя клалі шмат. Але не яны заслужылі пахвалу Езуса. Настаўнік прывёў у прыклад сапраўднай ахвярнасці бедную ўдаву, якая, хоць паклала ў скарбонку толькі дзве лепты, ахвяравала больш за ўсіх. На першы погляд, такая «арыфметыка» здаецца дзіўнай, але калі паглядзець на гэта вачыма Езуса, усё становіцца зразумелым. Мераю складзенай ахвяры не з’яўляецца яе матэрыяльнае вымярэнне. Вельмі лёгка ацэньваць памер дару ў канкрэтных лічбах, але такі падлік быў бы абсалютна недакладным. Бедная ўдава прынесла дар большы за ўсе іншыя дары. За яе дзвюма лептамі крыецца вялікае сэрца і бязмежная любоў да Бога. Важны не памер дару, а яго якасць, яго паўната. Бог глядзіць на сэрца чалавека. Не мае значэнне тое, што звонку, а важна тое, што ў сэрцы — яго дабрыня. Таму ахвярнасць — гэта не дар з лішкаў, не дар таго, што не патрэбна самому або ўвогуле таго, што перашкаджае. Ахвяра — гэта справа чалавека, гэта дар шчодрасці сэрца, а не знешняя праява. Колькі такіх ахвяраў людзі кожны дзень прыносяць Богу! Пра гэтыя дары не пішуць у газетах, іх не паказваюць па тэлебачанні. Пра гэтыя дары ведае адзін толькі Бог, які можа заўважыць нават самую маленькую праяву дабрыні нашага сэрца. Бедная ўдава з сённяшняга Евангелля нагадвае, наколькі вялікую каштоўнасць маюць добрыя якасці чалавечага сэрца, асабліва ў наш час, калі вызначальную ролю маюць уменне рабіць выгляд, уражанне, атрымліваць прыбытак, пускаць пыл у вочы. Таму важна заўсёды памятаць пра такія добрыя якасці, як ахвярнасць, дабрыня, шчодрасць.

 
XXХІІІ звычайная нядзеля — 19 лістапада 2006 г.

Чытанні: Дан 12, 1–3; Пс 16 (15);
Гбр 10, 11–14. 18.

Евангелле (Мк 13, 24–32):

Езус сказаў сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць. А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.

У сённяшнім Евангеллі Езус апісвае апакаліптычнае бачанне канца свету. «Зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца». Пасярод смуты, неспакою і ўяўнай перамогі сілаў зла людзі ўбачаць «Сына Чалавечага, які будзе ісці па аблоках з вялікай сілай і ў славе». У тое, што гэта неадменна адбудзецца, мы верым і вызнаем нашую веру кожную нядзелю на святой Імшы: Пан прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Хрыстус прыйдзе другі раз як пераможны Валадар, каб здзейсніць суд над чалавецтвам. «Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба». Гэта будзе перамога не толькі Хрыста, але і ўсіх тых, хто застаўся Яму верным. Калі мы чуем усё гэта, нас, напэўна, ахоплівае цікаўнасць: а калі збудзецца прадказанне? На жаль, Езус не дае нам на гэта адказу. Ён не сказаў, калі гэта ўсё станецца. Акрамя таго, каб не ўзнікала ніякіх адвольных тлумачэнняў Яго словаў, Ён дакладна сказаў: «Пра дзень той або пра гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец». Толькі Айцец наш, які ёсць у небе, ведае пра гэта. З людзей жа не ведае ніхто. Таму тыя, хто заяўляе, што ведае, калі настане канец свету, проста хлусяць, але шмат прастадушных людзей ім верыць. Можна сцвярджаць, што тыя, хто верыць розным прадказальнікам канца свету, на самай справе не вераць самому Хрысту. Многія людзі ламаюць сабе галаву, жадаючы даведацца, калі настане канец свету. Затое іх зусім не хвалюе тое, ці апынуцца яны ў ліку выбраных падчас другога прыйсця Хрыста. А менавіта гэта важней за ўсё: каб Пан, калі прыйдзе, знайшоў нас падрыхтаванымі. Таму, можа, замест таго, каб пытацца «калі?», варта адказаць сабе на такое пытанне: «Калі б я даведаўся, што праз хвіліну настане канец свету, ці мог бы са спакойным сэрцам сказаць: добра, я да гэтага гатовы?».

 
Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету — 26 лістапада 2006 г.

Чытанні: Дан 7, 13–14;
Пс 93 (92); Ап 1, 5–8.

Евангелле (Ян 18, 33b–37):

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі? Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказваў: ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў? Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль. Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль? Езус адказаў яму: ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

У апошнюю нядзелю літургічнага года мы адзначаем урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Таму невыпадкова ў сённяшнім Евангеллі мы чытаем пра размову Езуса з Пілатам на тэму Хрыстовага Валадарства. Пракуратар задае Езусу канкрэтнае пытанне: «Ты Кароль?», а Езус адказвае яму: «Ты кажаш, што Я — Кароль». Але з іх папярэдняй размовы вынікае, што Валадарства Езуса не з гэтага свету. Яно не было створана ў выніку захопніцкіх войнаў, палітычных захадаў, эканамічнай ці культурнай экспансіі. «Валадарства Хрыста, — піша Слуга Божы Ян Павел ІІ, — гэта валадарства праўды, ласкі, справядлівасці, міласэрнасці. Гэта валадарства, у якое ўваходзіш па добрай волі». Мы самі павінны дазволіць, каб Хрыстус заўсёды валадарыў у нашым жыцці. Мы павінны з радасцю адкрыць перад Ім дзверы нашага сэрца і запрасіць Яго ўвайсці ў нашае жыццё, прыняць Яго слова і адказаць на яго вернасцю нашым штодзённым абавязкам, а таксама жыццём, угрунтаваным на рашэннях, прынятых згодна з вераю. Вернасць Хрысту Валадару нараджае надзею на тое, што ўсё, нават найменшая праява ў нашым жыцці, не пазбаўлена сэнсу. Сёння мы павінны ўсвядоміць, што ў нас ёсць Валадар, які можа разам з намі цярпець, які ведае, што такое боль і несправядлівы прысуд. У нас ёсць Валадар, які не павінен выкарыстоўваць сілу для панавання, бо Ён кіруецца любоўю, а Ягоны аўтарытэт грунтуецца на ўсемагутнай любові і дасканалай справядлівасці. У нас ёсць Валадар… Але ці сапраўды валадарыць Ён у маім сэрцы і ў маім жыцці?

Падрыхтаваў айцец
Артур Папроцкі CSMA