4 лістапада:
святога Караля Барамэя, біскупа

Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію. У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе. Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.

 
15 лістапада:
святога Альбэрта Вялікага, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся каля 1200 г. у Баварыі. У 1223 г. у Падуі (Італія) уступіў у ордэн дамініканаў. Неўзабаве пасля гэтага перабраўся ў Кёльн, дзе правёў большую частку свайго жыцця. Пасля навучання, якое праходзіла ў розных гарадах (Фрыбургу, Рэгенсбургу, Страсбургу і інш.), у 1245 г. у Парыжы Альбэрт атрымаў ступень доктара тэалогіі. У 1248 г. заснаваў у Кёльне навучальную установу свайго ордэна, дзе выкладаў да 1254 г., зрабіўшы яе значным культурным цэнтрам. Адным з яго вучняў быў св. Тамаш Аквінскі. У 1260 г. Альбэрт стаў біскупам Рэгенсбурга, але праз два гады адмовіўся ад пасады, пасля чаго Папа даручыў яму абвяшчаць крыжовы паход сярод нямецкамоўных народаў. Апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця Альбэрт правёў у Кёльне, дзе памёр 15 лістапада 1280 г. і быў пахаваны ў мясцовым дамініканскім касцёле. Яго рэліквіі хутка сталі прыцягваць шматлікіх пілігрымаў і цяпер знаходзяцца ў кёльнскім касцёле св. Андрэя. Св. Альбэрт Вялікі, адзін з найвялікшых навукоўцаў, тэолагаў і філосафаў Сярэднявечча, быў абвешчаны доктарам Касцёла і за свае вялікія веды, у тым ліку ў галіне прыродазнаўчых навукаў, атрымаў тытул Doctor universalis — усеагульны доктар. З’яўляецца апекуном тэолагаў, філосафаў, прыродазнаўцаў і студэнтаў.

 
16 лістапада:
святой Маргарыты Шатландскай

Нарадзілася каля 1046 г. у Венгрыі. Была дачкою караля Англіі ў выгнанні Эдуарда Этэлінга. З дзесяцігадовага ўзросту разам з сям’ёю жыла пры двары свайго дзядзькі Эдуарда Вызнаўцы. Была вымушана ўцячы ад Вільгельма Заваёўніка ў Шатландыю, дзе ў 1070 г. выйшла замуж за караля Мэлкалма ІІІ і стала каралеваю. З самага пачатку мела вялікі ўплыў на каралеўскую сям’ю і падданых, штодзённа даючы прыклад жывой веры. Яна апекавалася касцёламі і духавенствам, падтрымлівала дзейнасць кляштараў і хрысціянскіх школаў, заснавала велічнае бэнэдыктынскае абацтва. Яна была добраю маці для беднякоў і паўсюль адстойвала справядлівасць. Сваіх 6 сыноў і 2 дачок Маргарыта выхавала сапраўднымі хрысціянамі. Яна памерла 16 лістапада 1093 г. у Эдынбургу і была пахавана ў заснаваным ёю абацтве. У часы рэфармацыі рэліквіі яе і мужа былі перавезены ў Іспанію, але і сёння ў пераважна пратэстанцкай Шатландыі папулярнасць святой застаецца вельмі вялікай.

 
23 лістапада:
святога Клімэнта І, Папы і мучаніка

Клімэнт Рымскі быў вучнем апостала Паўла. У 92 г. ён быў абраны Папам і стаў трэцім наступнікам св. Пятра. Напісаў славуты ліст да Карынцянаў, у якім заклікаў да адзінства раз’яднаную хрысціянскую супольнасць. Ён кіраваў Касцёлам да 99 г. Як сведчыць паданне, напрыканцы І ст. Папа быў выгнаны з Рыма і па загадзе цэзара сасланы на Крымскі паўвостраў для прымусовай працы ў каменяломнях. Каля 101 г. Папа Клімэнт прыняў мучаніцкую смерць: з прывязаным да шыі якарам яго ўкінулі ў мора. Апостал славянаў св. Кірыл перавез яго рэліквіі ў Рым, дзе яны да гэтага часу спачываюць у касцёле св. Клімэнта, пабудаваным на месцы яго роднага дому. Святы з’яўляецца апекуном каменячосаў, маракоў, дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад дзіцячых хваробаў, а таксама ад шторму і бураў на моры.

 
30 лістапада:
святога Андрэя, апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.