Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Келіх

Аднойчы, ужо вельмі многа гадоў таму, я сустрэўся з келіхам. Вядома, бачыў я іх ужо шмат, але сустрэў яго менавіта тады, у Бойране*, калі адзін добразычлівы манах, якому была даручана апека над літургічным начыннем, паказваў мне скарбы касцёльнай сакрыстыі.

Гэты келіх стаяў на шырокім падножжы, трывалым і надзейным грунце. Ад яго ўзнімалася сцябло, надзвычай стройнае. Адчувалася ў ім сіла, якая ўзнімае, звязвае адно з другім, нясе. Недзе прыкладна на сярэдзіне яго была выразна сфармаваная галоўка, і нарэшце, на самым версе сцябла, там, дзе яшчэ вузкае колца збірае і ўтаймоўвае яго высакародную сілу, пусціла парасткі тонка і строга вытачанае лісце, і ў ім спачывала чаша келіха, cuppa («купа»), якая мела форму сэрца.

Як жа адчуў я тады святую таямніцу! Калі ўзнімаецца з надзейнага, глыбокага грунту сцябло, з утаймаванай і сабранай сілай несучы тое, што з яго расцвітае ў тым адзіным абліччы, якое існуе для таго, каб прыняць, зберагчы.

О чыстая, святая таямніца, о чаша, што ўтойвае на сваім ззяючым дне Боскія кроплі, невымоўную містэрыю жыватворнай, салодкай Крыві, якая ёсць чыстым полымем, чыстай любоўю!

І думкі пайшлі далей. Не! Гэта было не мысленне, гэта было адчуванне, сузіранне: ці ж не ўвасоблены тут свет? Стварэнне, якое ў рэшце рэшт мае толькі адзіны сэнс? Чалавек, жывая істота, душа і плоць, сэрца ягонае, што нястомна б’ецца... Хіба ж не сказаў святы Аўгустын вялікія словы: найглыбейшая сутнасць маёй чалавечнасці ў тым, што «я здольны ахапіць Бога»?


 
Працяг у нумары №12(140) 2006 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.