Кожнаму верніку Адвэнт дапамагае зразумець сэнс святой гісторыі, якая працягваецца ад стварэння свету і чалавека да другога прыйсця Езуса Хрыста. Літургія Адвэнту нагадвае пра тое, што першае прыйсце Сына Божага на зямлю яшчэ не споўніла ўсіх Божых абяцанняў і чалавечых спадзяванняў, таму Адвэнт — гэта перыяд чакання, смутку і тугі, што адлюстроўваюцца ў закліку «Maranatha».

Традыцыйна ў Адвэнт адпраўляецца спецыяльнае набажэнства пад назваю «рараты», дзякуючы якому ўсяму гэтаму перыяду быў нададзены марыйны характар. Сваю назву рараты атрымалі ад першага слова інтраіта ватыўнай Імшы ў гонар Маці Божай «Rorate coeli desuper». Практыка выканання раратаў, верагодна, узнікла ў манахаў цыстэрцыянцаў. Менавіта ў іх літургічных кнігах знаходзіцца самая старажытная версія раратаў, якая паходзіць з ХІІІ ст. Да XІV ст. папулярнасць раратаў настолькі ўзрасла, што ў некаторых касцёлах гэтыя набажэнствы адпраўляліся цэлы літургічны год. Для выканання раратаў часам арганізоўваліся спецыяльныя капэлы, якія так і называліся — раратнія капэлы. Напрыклад, такая капэла, якую ў 1543 г. арганізаваў Жыгімонт І, існавала ў кракаўскай катэдры на Вавелі.

Згодна з літургічнай практыкай Каталіцкага Касцёла, музычны рэпертуар Адвэнту звычайна падзяляюць на дзве групы: спевы першай паловы Адвэнту (да 16 снежня) і песні, якія можна выконваць у апошні тыдзень гэтага перыяду (з 17 снежня). Да першай групы належаць традыцыйныя адвэнтавыя спевы «Божа вечны...» (тэкст XVI ст.), «Гэйнал разам заспявайма...», «Дайце, нябёсы...», «Ойча наш нябесны», «Прыйдзі, прыйдзі, Эмануэль...», «Праз грэх...», грыгарыянскі харал «О, Жыватворны Творца зор...», якія прысвечаны апошняму прыйсцю Езуса Хрыста і яго збаўчай місіі. Песні другой групы рыхтуюць нас да ўрачыстасці Божага Нараджэння, і галоўнымі іх рысамі з’яўляюцца марыйнасць і апісанне моманту звеставання. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца ў нас песні «Для збаўлення чалавека» (мелодыя XVІI ст.), «Езу маленькі», «Звеставанне», «Божы Арханёл», «Збаўца свету, завітай...», а таксама «Вітай, Зорка вод глыбокіх...», «Да Марыі быў пасланы...» (тэкст XVІI  ст.), «А пасля грахоўнага падзення...» (тэкст і мелодыя XVI ст.), «Радуйся, Марыя» (мелодыя XV ст., тэкст першай паловы XVI ст.).

У апошні тыдзень Адвэнту, перад Божым Нараджэннем, могуць быць выкананы так званыя О-антыфоны «O, sapientia» (О, Мудрасць), «O, Adonai» (О, Пане), «O, radix Jesse» (О, Корань Эсэя), «O, clavis David» (О, Ключ Давіда), «O, oriens» (О, Узыходзячы), «O, Rex gentium» (О, Кароль народаў), «O, Emmanuel» (О, Эмануэль). Сваю назву вялікія лацінамоўныя О-антыфоны атрымалі з-за вялікай літары «О», з якой усе яны пачынаюцца. Аўтарства О-антыфонаў прыпісваецца Папу Грыгорыю Вялікаму. З самага пачатку свайго існавання О-антыфоны мелі такую вялікую папулярнасць, што ўжо ў VІI ст. яны былі вядомыя ў Англіі і Галіі. Тэксты О-антыфонаў падкрэсліваюць магутнасць і веліч Збаўцы-Месіі, а мелодыі, вытрыманыя ў адзіным стылі, з’яўляюцца, бадай што, самым моцным выяўленнем адвэнтавай тугі.

Пажадана, каб усе вышэйпералічаныя спевы ў літургічнай практыцы выконваліся ў прызначаны ім перыяд Адвэнту. Выключэнне складаюць толькі рараты, падчас якіх дазваляецца спяваць любыя адвэнтавыя песні.

Святлана Шэйпа