З першай энцыклікі Святога Айца Яна Паўла ІІ Redemptor hominis.

8. Redemptor mundi — Адкупіцель свету! У Ім была нанава і найбольш цудоўным чынам аб’яўлена асноватворная праўда пра стварэнне, пра якую кніга Быцця сведчыць у шматразовых паўторах: «І ўбачыў Бог, што гэта добра» (пар. Быц 1). Крыніца дабра знаходзіцца ў Мудрасці і Любові. У Езусе Хрысце бачны свет, створаны Богам для чалавека (пар. Быц 1, 26 і наст.), — свет, які з уваходам у яго граху быў пакораны марнасці (Пар. Рым 8, 20. 19 і наст.; Gaudium et spes 2; 13: AAS 58 (1996) 1026; 1034 і наст.), — аднаўляе сваю першапачатковую сувязь з самою Боскаю крыніцаю Мудрасці і Любові, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага» (Ян 3, 16). Так, як у чалавеку Адаму гэтая сувязь была разарвана, так у Чалавеку Хрысце яна была зноў усталявана (пар. Рым 5, 12 і наст.). Нас, людзей ХХ стагоддзя, ці ж не кранаюць сваёй ашаламляльнай красамоўнасцю словы Апостала Народаў пра стварэнне, якое «разам стогне і пакутуе аж да гэтага часу ад болю родаў» (Рым 8, 22) і з нецярплівасцю «чакае адкрыцця сыноў Божых» (Рым 8, 19); пра стварэнне, якое «пакарылася марнасці»? Ці ж велізарны, нябачаны дагэтуль прагрэс, які менавіта ў гэтым стагоддзі адбыўся ў сферы пакарэння чалавекам свету, не робіць таксама відавочным у нябачанай дагэтуль ступені гэтага разнастайнага «пакарэння марнасці»? Дастаткова згадаць, прынамсі, пра такія з’явы, як небяспека забруджання навакольнага асяроддзя ў месцах неабмежаванай індустрыялізацыі, узброеныя канфлікты, што ўвесь час узнікаюць і паўтараюцца, пагроза самазнішчэння з дапамогаю ядзернай, вадароднай, нейтроннай і іншай зброі, адсутнасць павагі да жыцця ненароджаных. Ці ж у новую эру касмічных палётаў, немагчымых раней дасягненняў навукі і тэхнікі свет у той жа час не застаецца тым самым светам, які «стогне і пакутуе» (Рым 8, 22) і з нецярплівасцю «чакае адкрыцця сыноў Божых» (Рым 8, 19)?

Другі Ватыканскі Сабор у сваім скрупулёзным аналізе «сучаснага свету» ўвесь час даходзіў да найважнейшага моманту ў бачным стварэнні, якім з’яўляецца чалавек, пранікаючы, таксама як Хрыстус, у глыбіні чалавечага сумлення, дакранаючыся да ўнутранай таямніцы чалавека — таямніцы, якую ў мове Бібліі (і не толькі Бібліі) увасабляе слова «сэрца». Хрыстус, Адкупіцель свету — гэта Той, хто адзіным і непаўторным чынам пранік у таямніцу чалавека, увайшоў у яго «сэрца». Таму слушна навучае Другі Ватыканскі Сабор: «Таямніца чалавека сапраўды адкрываецца толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова. Адам, першы чалавек, быў вобразам будучага (Рым 5, 14), а менавіта Хрыста Пана. Хрыстус, новы Адам, у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові таксама цалкам аб’яўляе чалавеку самога чалавека і дае яму ўбачыць веліч яго паклікання». І далей: «Той, хто з’яўляецца „вобразам нябачнага Бога“(Клс 1, 15), з’яўляецца дасканалым чалавекам, які вярнуў сынам Адама падабенства да Бога, парушанае з часу першароднага граху. Паколькі прынятая Ім чалавечая натура не спазнала знішчэння, яна такім чынам была ўзнесена да непараўнальнай годнасці таксама ў нас. Бо Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам з’яднаўся з кожным чалавекам. Чалавечымі рукамі працаваў, разважаў чалавечым розумам, дзейнічаў чалавечаю воляю, чалавечым сэрцам любіў, народжаны з Дзевы Марыі сапраўды стаў адным з нас, падобным да нас ва ўсім, акрамя граху» (Gaudium et spes 22: AAS 55 (1966) 1042 і наст.). Redemptor hominis — Адкупіцель чалавека!