Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Патэна

Была раніца. Я ўзышоў на вяршыню гары і, павярнуўшыся, паглядзеў назад. Глыбока ўнізе ляжала возера, а навокал у ранішнім святле стаялі горы, вялікія і ціхія. Усё было такім чыстым. Прастора, што распасцерлася ўвышыню і ўдалечыню, і дрэвы з іх высакародна сфармаванымі кронамі былі такімі свежымі. І ўва мне самім уся мая існасць была так напоўнена яснаю, радаснаю моцаю, што мне здавалася, нібыта бязгучна пырскаюць нябачныя крыніцы і ўсё ўзнімаецца ў гэтае святло, у гэтую далячынь.

Я зразумеў, што сэрца ў чалавеку можа напоўніцца да краёў так што ён становіцца, узнімае твар і выцягвае рукі, распасцірае іх, як чашу, увышыню, — да бясконцай дабрыні, да Айца святла, да Бога, які ёсць Любоў, — і прыносіць Яму ў дар усё тое, што тут наўкола і навокал у свеце стаіць у напоўненай цішыні, перапаўняючы і ззяючы. Тады яму павінна здавацца, нібы ад чашы ягоных рук усё падымаецца ўвышыню, яснае і святое.

Менавіта так некалі Хрыстус стаяў на вяршыні духа і прыносіў у дар сваю любоў, сваё пульсуючае жыццё як цалкам дасканалую Ахвяру Айцу. Стаяў на той вяршыні, якой папярэднічала гара Морыя, дзе Абрагам павінен быў споўніць сваю ахвяру. А яшчэ перад ёю — тое месца, дзе кароль-святар прыносіў сваю ахвяру ўміласціўлення. І яшчэ тое, дзе ў старажытныя часы ясным і простым слупом падымаўся да нябёсаў дар Абэля.

Заўсёды ўзвышаецца гэтая вяршыня, і заўсёды працягнута Божая рука, і заўсёды падымаецца ўвышыню дар, калі святар — не! не ён... ён жа, як чалавек, толькі нікчэмная прылада — стаіць каля алтара і падымае ў працягнутых руках чашу, патэну, на якой спачывае белы хлеб. «Прымі, святы Ойча, усемагутны, вечны Божа, гэтую беззаганную Ахвяру, якую я, Твой няварты слуга, прыношу Табе ў дар, — Табе, Богу майму, жывому і праўдзіваму, за ўсе мае незлічоныя правіны і знявагі, і за ўсіх, хто стаіць тут, каб яна паслужыла мне і ім на карысць у жыцці вечным».

 
Працяг у нумары №1-2(141-142) 2007 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.