«Каб усе былі адно» — гэтае жаданне Хрыста на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца мэтай для ўсяго чалавецтва. Сёння актыўна ствараюцца і пашыраюцца міжнародныя саюзы, арганізацыі, кааліцыі, блокі, вялікая ўвага надаецца інтэграцыі і сяброўству народаў. Але, бадай, няма нічога больш моцнага за лучнасць у Хрысце.

Усведамляючы гэта, у 1940 годзе брат Ражэ стварыў міжнародную экуменічную супольнасць Тэзэ, а ўжо напрыканцы 1950-х гадоў у невялічкую вёску на поўдні Францыі пачалі прыязджаць на тыднёвыя рэкалекцыі першыя групы моладзі з розных краін свету. Маладыя людзі разам маліліся, разважалі ў невялікіх групах, дзяліліся духоўным вопытам. Сёння такія сустрэчы адбываюцца на працягу ўсяго года асобна для моладзі, дарослых і бацькоў з дзецьмі, а штогод, пасля Калядаў, моладзь збіраецца ў адным з найбуйнейшых гарадоў Еўропы, каб разам маліцца і сустракаць Новы год.

Беларуская моладзь пачала актыўна далучацца да кола Тэзэ недзе з 2000 года, калі адбылася сустрэча ў Будапешце. Потым былі і будуць іншыя гарады Еўропы, але мала беларусаў даязджала да самой вёскі Тэзэ, а шкада, бо атмасфера там, па сведчанні ўдзельнікаў, куды больш прыдатная для развагаў і малітвы, чым падчас агульнаеўрапейскіх сустрэчаў. Вядома, там не так шмат людзей, таму і настрой рэкалекцый куды больш засяроджаны.

Для рэдкага наведвання Тэзэ ў беларусаў ёсць аб’ектыўныя прычыны: цяжкасці ў атрыманні візы, немалы кошт дарогі да Францыі, але, як паказвае практыка, усё можна пераадолець з Божаю дапамогаю, а для ўдзельнікаў такая пілігрымка стане вялікай Божай ласкай і вясёлым успамінам, нават нягледзячы на ўсялякія прыгоды ў нялёгкай дарозе.

Сёлета з Беларусі ў Тэзэ прыехала ці не першая арганізаваная група на чале з айцом Браніславам Дашкевічам ОР. І хоць складалася яна ўсяго з сямі чалавек, пераважна з Віцебскай дыяцэзіі, для брата Донаха, які адказвае ў супольнасці за нашу краіну, гэта стала вельмі прыемнай падзеяй. Успамінамі і ўражаннямі з нашым карэспандэнтам падзяліўся адзін з удзельнікаў пілігрымкі Рома.

— Перш чым расказваць пра Тэзэ і самі рэкалекцыі, варта асобна распавесці пра наш шлях да мястэчка. Дабіраліся мы туды пераважна цягнікамі: з Віцебска да Мінска, дзе я далучыўся да віцебскай групы, потым праз Брэст да Варшавы, дзе мы начавалі ў дамініканскім кляштары. З Варшавы да французскай мяжы мы дабіраліся хуткаснымі цягнікамі.

Прыехалі да памежнага мястэчка з Францыяй ноччу. Да мяжы заставалася кіламетраў 5, маленькі вакзал быў зачынены, і мы вырашылі пераначаваць проста пад дрэвам. Прачнуліся ад дажджу, які намачыў нашы спальнікі. Хутка сабралі свае рэчы, але дождж пайшоў яшчэ мацней і працягваць падарожжа стала амаль немагчыма. Тады а. Браніслаў пачаў маліцца ружанец, мы падхапілі малітву і, як толькі скончылі першую таямніцу, дождж спыніўся. Праўда, праз некаторы час ён пайшоў зноў, але мы ўжо былі каля мяжы, дзе падзяліліся на групкі і выйшлі на дарогу «лавіць» машыны. Нам пашчасціла: на цягнік апошняя групка паспела літаральна хвіліна ў хвіліну.

Пасля мы павінны былі перасесці на аўтобус, каб даехаць да чаканай мэты вандроўкі. На аўтавакзале было ўжо шмат груп з іншых краін, якія таксама кіраваліся ў Тэзэ, але з-за блытаніны з перонамі ўсе спазніліся на аўтобус, а наступны быў толькі ўвечары. Нам жа трэба было прыехаць у Тэзэ пасля абеду. І здарыўся цуд: ці яшчэ адзін аўтобус спазніўся, ці прыехаў па-за раскладам, але мы трапілі на яго і прыехалі ў мястэчка акурат тады, калі патрэбна. Асабіста для мяне тое, што мы прыехалі ў Тэзэ ў свой час, стала яскравым дзеяннем Божага Провіду. Увогуле ж падарожжа заняло больш за трое сутак: з Віцебска мы выехалі ў чацвер, а трапілі ў Тэзэ ў нядзелю. Але, сапраўды, гэта было незабыўна! (У вачах майго суразмоўцы з’явіліся такія вясёлыя агеньчыкі, што было немагчыма яму не паверыць і нават крыху не пазайздросціць!)

У мястэчку нас сустрэлі арганізатары, якія дапамаглі нам зарэгістравацца, вызначыцца з праграмай рэкалекцый. Справа ў тым, што кожны ўдзельнік можа выбраць з прапанаваных тэмаў і кірункаў працы найбольш цікавыя для яго. Напрыклад, можна было абраць канферэнцыі і разважанні ў групах, валанцёрскую працу ці спевы ў хоры. Мне, напрыклад, было б цікава паспяваць у хоры, і я хацеў рабіць гэта разам з працай у групах, але потым зразумеў, што і на адзін занятак ледзьве хапае часу!

Асабіста я абраў тэмай канферэнцый разважанне над Бібліяй і разважанне над пачутым у маленькіх групах, па 5–8 чалавек два разы на дзень. Арганізатары заўсёды пытаюцца пра ўзровень валодання мовамі, каб адпаведна арганізаваць групы. У маёй групе, апроч мяне і дзяўчыны з Беларусі, былі яшчэ пілігрымы з Украіны, Расіі, Бразіліі, Францыі, Літвы і Англіі. Асноўнай мовай зносінаў у нашай групе была англійская.

Мне вельмі спадабаліся гэтыя канферэнцыі, бо яны паспрыялі майму духоўнаму ўзрастанню. Брат прамаўляў вельмі простай, зразумелай мовай, задаваў нам пытанні, каб мы самі спрабавалі разважаць, даваў парады, як зрабіць пачутае часткай штодзённага жыцця. Вельмі цікава было працаваць і ў групах. У маёй групе было некалькі праваслаўных асобаў, мы шмат размаўлялі пра надзённыя пытанні веры і яе практыку. Кожны дзень праводзіліся таксама дадатковыя канферэнцыі, дзе кожны мог абраць тэму па гусце.

У Тэзэ створаны выдатныя ўмовы для цішыні і засяроджанасці. Тут існуюць нават асобныя групы, у якіх удзельнікі не размаўляюць адзін з адным і цалкам засяроджаныя на малітве і разважанні. Таксама ёсць прыгожы парк — месца цішы, дзе забаронена гучна размаўляць і дзе кожны можа без перашкодаў пабыць сам-насам з прыродай і сваімі думкамі.

Штовечар арганізоўваліся забавы, але я ніколі не бачыў людзей нападпітку, усе ведалі, навошта яны сюды прыехалі. Людзі ігралі на гітарах, спявалі, выступалі жанглёры, былі розныя танцы і гульні, ладзіліся таксама імпрэзы — вечарыны пэўных краін і іх культуры. Гэта была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца пра іх нешта новае і расказаць нешта пра сябе і свой край, узбагаціць свой унутраны свет.

Дадому мы вярталіся праз Парыж. Да сталіцы мы хутка даехалі аўтастопам, а там нас ласкава прыняла парафія св. Яна Боско. У нас было месца, каб пераначаваць, і кухня, каб прыгатаваць сабе ежу. У Парыжы мы прабылі два з паловаю дні і здолелі наведаць большасць выдатных месцаў славутага горада. З Парыжа мы вярталіся самалётам праз Дзюсельдорф у Варшаву, а потым цягнікамі да радзімы. Увогуле ўся вандроўка заняла ў нас 14–15 дзён. Што ж датычыцца кошту, то за пражыванне ў Тэзэ мы заплацілі сімвалічную суму — ад 10 да 25 еўра, а ўвогуле ўся вандроўка абышлася недзе ў 200 еўра. Але тое, што мне дала гэтая пілігрымка, немагчыма ацаніць ніякімі грашыма! І, безумоўна, нічога б не атрымалася, каб не кіраўніцтва а. Браніслава, які так выдатна спланаваў маршрут і апекаваўся намі на працягу ўсёй пілігрымкі. Няхай Пан Бог аддзячыць яму за гэта!

...Са свайго невялікага вопыту ведаю, колькі даюць моладзі такія пілігрымкі, сустрэчы з хрысціянамі з іншых краінаў, магчымасць падзяліцца духоўным досведам і лепш спазнаць іншую культуру і менталітэт. На такім хрысціянскім падмурку будуецца сапраўдная сусветная супольнасць, супрацоўніцтва і сяброўства, таму вельмі хацелася б, каб усё больш маладых людзей з Беларусі далучаліся да міжнародных сустрэчаў моладзі ў Тэзэ. Першыя спробы ўжо ёсць, і вельмі хочацца, каб яны сталі толькі пачаткам пілігрымак з Беларусі ў гэтае французскае мястэчка, дзе праз пасрэдніцтва Пана Бога сустракаюцца не толькі розныя краіны, але і неба з зямлёй!

Ларыса Дарашэнка