Свята Нараджэння Пана папярэджвае Адвэнт — перыяд радаснага чакання, таму сутнасцю гэтага свята з’яўляецца звышнатуральная радасць. Паразважаем пра адну з крыніцаў радасці Божага Нараджэння.

Нараджэнне Хрыста пралівае святло на таямніцу, якою з’яўляецца чалавек. Зачацце Езуса адбываецца без удзелу мужчыны. Няма пасрэдніцтва біялагічнага бацькі, без якога немагчыма зачацце дзіцяці. Так нам падказвае наш розум, не асветлены вераю. Аднак зачацце Езуса адбываецца без гэтага неабходнага пасрэдніцтва бацькі, што робіць немагчымым нараджэнне чалавека. Такім чынам Бог жадае адкрыць нам праўду пра паходжанне чалавечай істоты: у кожным зачацці нябачна прысутнічае дзеянне Бога. Гэта — аснова пачатку існавання асобы.

Нараджэнне Пана гаворыць нам, што чалавек — не справа выпадку ці дзеяння сілаў прыроды. Як піша святы Ян Багаслоў, чалавек не з’яўляецца плодам жадання цела ці жадання мужа (пар. Ян 1, 13). Яго пачатак — у Богу, які жадае, каб ён існаваў. Для яго прыйсця Бог рыхтуе свет, стварыўшы яго і няспынна падтрымліваючы яго існаванне. Чалавек нараджаецца з Божага жадання падзяліцца шчасцем любові, каб прабываць у гэтым стане на ўсю вечнасць. Ніводзін чалавек, нават няверуючы, не з’яўляецца сіратою. У кожнага ёсць Айцец, які радуецца існаванню свайго любага дзіцяці. Хтосьці можа не ведаць гэтага Айца, бо яму ніхто пра Яго не сказаў; хтосьці можа скептычна ставіцца да Яго — насамрэч, такі скепсіс заўсёды беспадстаўны, — і цяпер пра Яго забыўся. Святое Пісанне вельмі прыгожа і яскрава паказвае гэтую праўду: «Ці забудзецца жанчына пра сваё немаўля? Але калі б нават і забылася, я не забудуся пра цябе. Не бойся, чарвяк Якубе, люд Ізраэля (пар. Іс 49, 15; 41, 14).

Няведанне Бога або забыццё пра яго не змяняе таго факту, што Ён з’яўляецца Нябесным Айцом, крыніцаю існавання кожнага чалавека. Наяўнасць Айца, а тым больш Бога Айца нясе з сабою незвычайны дар. Айцец з’яўляецца сімвалам дзейснай дапамогі, клопату пра задаволенне нашых патрэбаў — «хлеба нашага штодзённага». Кожны з нас у сваім жыцці можа карыстацца дапамогаю ўсемагутнага Нябеснага Айца. Сваім клопатам Ён ахоплівае ўсе нашыя клопаты. Як гаворыць Евангелле, нават валасы ў нас на галаве палічаныя. Гэта азначае, што ў нашым жыцці няма такіх справаў, якімі Бог не цікавіўся б, нават калі гаворка ідзе пра такую дробязь, як выпадзенне аднаго воласа.

Малое дзіцятка развіваецца, калі адчувае любоў бацькоў. Атмасфера любові з’яўляецца глебаю, на якой развіваюцца нашыя здольнасці, якая дае сілы для пераадолення слабасцяў і стымулюе няспыннае развіццё. Такую любоў дае не толькі любячы чалавек, а перадусім Бог Айцец, з любові якога мы нарадзіліся. Святы Павел сказаў: «Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне» (пар. Флп 4, 13). Усё магу, таму што я — не сірата, таму што маю Нябеснага Айца, спрыянне якога заўсёды мяне суправаджае. Святы Павел адчуваў пагарду да сябе, такую моцную, што нават прасіў Хрыста выбраць сабе іншага чалавека, каб той стаў Ягоным апосталам. Хрыстус адказаў яму на гэта: «Хопіць табе Маёй ласкі» (пар. 2 Кар 12, 9). Кожны з нас у хвіліну сутыкнення з абмежаванасцю сваёй натуры і грэшнасцю можа разлічваць на ласку, гэта значыць, на бескарыслівую дапамогу Нябеснага Айца.

Наша радасць ад Божага айцоўства, якою прасякнуты нашыя сэрцы, выяўляецца таксама і знешне. Яна такая вялікая, што не варта яе пакідаць толькі сабе. Таму мы рыхтуем вігілійную вячэру, на якой дзелімся аплаткаю і дорым адзін аднаму падарункі як знак прабачэння. Радасць вядзе нас ад сям’і да супольнасці Касцёла, каб разам з ёю ўдзельнічаць у Пастэрцы, услухоўвацца ў спеў калядак. У нашых дамах мы ставім елачкі, што сваім зялёным колерам нагадваюць нам пра надзею, якая нараджаецца ў свята Нараджэння Пана. Асаблівым месцам нашых малітваў становяцца бэтлеемскія яслі, дзякуючы якім мы можам задумацца пра Божае Айцоўства.

На надыходзячае Божае Нараджэнне я хацеў бы ўсім пажадаць адкрыць Божае Айцоўства. Маю цвёрдую надзею, што гэтая праўда веры, якую мы можам сузіраць штодня, верне сэнс нашаму жыццю, учыніць нас людзьмі непахіснай надзеі перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і дасць нам здольнасць развівацца і перамяняцца.

Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоні Дзям’янка