Чаму Пан Езус прыйшоў на свет як малое дзіця чалавечае?
Чаму жыў трыццаць гадоў між людзьмі ў Назарэце?
Мог жа Ён нечакана з’явіцца як дарослы ўжо чалавек,
памерці і змёртвыхпаўстаць!
Ці ж нас гэта не дзівіць? Якія ж мы быць павінны,
калі прымаем таямніцу Божага Нараджэння?
Таму Ён прыйшоў на свет як сапраўдны чалавек, каб мы ішлі
Яго і нашым чалавечым шляхам.
Можна сказаць больш.
Езус-Чалавек праз нас дзейнічаць хоча, працаваць, любіць,
цярпець, верыць. Калі Ён узяў на сябе наша чалавечае жыццё,
то ўсё чалавечае можа стаць святым: наша праца, наша стома,
наша каханне людское, адзінота, цярпенне.
Святы той, хто не перашкаджае Езусу дзейнічаць.
Той, хто спрыяе Езусу ісці праз Яго ў свет.
Колькі думак прыходзіць, калі чытаем у Пралогу Святога Яна:
«А Слова целам сталася і пасялілася між намі».
Пасялілася — значыць, прабывае заўсёды — ёсць.

Ксёндз Ян Твардоўскі
Пераклад К. Л.