Прычакалі мы Адвэнту. Як найлепш перажыць яго, каб не шкадаваць потым аб змарнаваным часе, стоячы перад стаенкай Езуса?

Андрэй М., 17 гадоў

На пытанне адказвае ксёндз Вячаслаў Барок,
пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах

Адвэнт можа доўжыцца крыху больш за чатыры тыдні і ніяк не менш за чатыры тыдні. Гэты перыяд года ў літургіі Касцёла папярэднічае святу Божага Нараджэння. Згодна з афіцыйным навучаннем Касцёла, гэты час ні ў якім разе не з’яўляецца постам. Як можам прачытаць у Агульных нормах літургічнага года і каляндара, якія былі зацверджаныя Папам Рымскім Паўлам VI 14 лютага 1969 г. і з таго часу не мяняліся, «... перыяд Адвэнту з’яўляецца часам пабожнага і радаснага чакання». Той самы дакумент павучае, што такі характар успрымання гэтага літургічнага перыяду надае падвойны сэнс чакання. Мы чакаем святкавання гістарычнага ўспаміну першага прыйсця на свет Божага Сына ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, але адначасна мы чакаем таксама і рыхтуемся да другога Ягонага прыходу, які адбудзецца, як мы верым, напрыканцы часоў.

Я думаю, што найлепш можна перажыць Адвэнт тады, калі мы зможам пераняць вопыт тых, хто гэта ўжо калісьці перажыў, і хто, чакаючы, не падмануўся ў сваіх спадзяванях і не застаўся назаўсёды з тугой аб жаданым спатканні з Богам, але перажыў рэальную сустрэчу з Божым Сынам. Жыццё гэтых людзей было наскрозь прасякнута надзеяй. Звернемся да прыкладаў Марыі і Яна Хрысціцеля. «Абое ведаюць, Каго чакаюць. Яны былі ў той час адзінымі, хто так дакладна і без ваганняў ведаў, што не чакаюць нікога меншага, але толькі самога Бога. Не чакаюць правадыра ці яшчэ якога-небудзь іншага героя, лепшых часоў, нейкай неакрэсленай утопіі, Гадота, але сапраўднага Бога, Эмануэля, Бога з намі. І чакаюць з моцным перакананнем у тым, што Ён стаіць непасрэдна каля дзвярэй, упэўненыя, што паміж падрыхтоўкай дарог Янам Хрысціцелем і Дзевай Марыяй і прыйсцем Таго, каго яны чакаюць, не можа з’явіцца анічога, што б прыпазніла гэты надыход, а таксама і тое, што гэтая падзея распачалася і ўжо ніхто не зможа стрымаць лавіны,» — так пісаў некалі адзін з найбольш славутых багасловаў ХХ стагоддзя Ганс Урс фон Бальтазар, разважаючы пра Адвэнт людзей з Бібліі.

Калі мы пярэймем такі досвед чакання прыходу Божага Сына, то, вядома, нашае чаканне будзе радасным і адначасна пабожным. А гэта значыць, што прычынай нашай радасці будзе пазнанне таямніцы вызнаванай намі веры: «...Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам». Менавіта праз уцелаўленне Езус Хрыстус становіцца чалавекам і, застаючыся Богам, становіцца роўным з намі. Як пісаў некалі ўжо згаданы раней Бальтазар, «Езус Хрыстус – Брат наш». Ён аргументаваў гэтае сваё выказванне вершамі з Паслання да Габрэяў: «...абвяшчу Тваё імя братам Маім» (2, 12) і далей: «Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў» (2, 17).

Напрошваецца пытанне: «Перыяд Адвэнту для хрысціяніна хіба не з’яўляецца тым часам, калі ён, радасна і пабожна чакаючы «ўцелаўлення Бога», сам павінен стаць чалавекам, паказаць усімі сваімі ўчынкамі, што ён чалавек? І як Езус праз сваё ўцелаўленне паказаў, што Ён наш брат, так чалавек праз «ачалавечванне» сваіх паводзінаў павінен стаць братам Езуса.

Ян Хрысціцель жыў у духу пакаяння, пакуты, устрымання ад карыстання матэрыяльнымі дабротамі. Ці ж гэты ўзор не павінен натхняць сучаснага хрысціяніна ў часе Адвэнту вызнаць свае грахі праз сакрамэнтальную споведзь, і, шукаючы дарогу да паяднання з Богам, менш часу прысвяціць рэчам цялесным, а больш — духоўным? Хіба жыццё Яна Хрысціцеля не натхняе сучаснага хрысціяніна ў часе Адвэнту зразумець, што радасць ад каштоўнасцяў створанага свету не можа замяніць для яго той радасці, якую дае сам Стварыцель? А цяпер адкажыце самі сабе на пытанне, якое месца ў жыцці хрысціяніна падчас Адвэнту могуць займаць гучныя забавы, дыскатэкі, тэлебачанне, празмернае ўжыванне алкагольных напояў і г.д.? Таму ў жыцці Касцёла стварылася традыцыя адвэнтовых набажэнстваў і практыкаў. Гэта і рэкалекцыі, і раратнія набажэнствы, і агульныя малітвы ў сямейным коле, і чытанне Божага слова. Без усяго гэтага немагчыма ўявіць годнае перажыванне Адвэнту.

Дзева Марыя, чакаючы нараджэння Божага Дзіцяці, насіла Яго пад сваім сэрцам. Ці ж гэта не прыклад для нас, каб, чакаючы прыходу Хрыста, прымаць Яго Цела пад выглядам Эўхарыстыі ў сваё сэрца?..

Марыя атрымала ад Бога вялікі прывілей быць Маці Божага Сына, аднак гэта не перашкодзіла Ёй не страціць сваю чалавечнасць. Евангелле пераказвае, як цяжарная Марыя спяшаецца з дапамогай да сваёй цяжарнай сваячкі Альжбеты. Ці ж гэта не прыклад хрысціянкі, якая перажывае Адвэнт, заўважыць патрэбу бліжняга? І, напэўна, варта ў часе Адвэнту ўзгадаць пра парафіяльны «Карытас» ды паспяшацца наведаць яго не дзеля таго, каб атрымаць нейкі пакунак, а наадварот, — каб праз яго дапамагчы іншым.

Такім вось мне бачыцца наш Адвэнт. Калі мы не заўважым нашага «брата Хрыста» ў нашым бліжнім, то, баюся, не будзем у стане распазнаць Яго прыходу да нас, калі Ён сапраўды прыйдзе ў хвале. Нам трэба часцей задумвацца над тым, што Бог стварыў нас людзьмі. Але тое, ці буду я сапраўдным чалавекам, залежыць ад мяне, а ці будзеш ім таксама і ты – ад цябе. Нашая чалавечнасць залежыць ад нас. Аднойчы ўжо ў гісторыі такое здарылася, калі людзі, чакаючы ўцелаўлення Божага Сына, так і не разпазналі Яго прыходу. Туга аб сустрэчы з Богам і надалей засталася тугой, няздзейсненай марай. Няхай жа такое не паўторыцца ў нашым асабістым жыцці.

Спяшаймася станавіцца людзьмі — надыход Пана блізкі. І памятайма: наш Адвэнт можа завяршыцца значна раней, чым праз чатыры тыдні.